Книга Притчей
«Страх перад Госпадам – пачатак веданьня.
Неразумныя пагарджаюць мудрасьці
і настаўленьнем» (Прып 1:7).
Прыповесьць – старажытны дыдактычна-алегарычны жанр фальклору і літаратуры, маральнае альбо рэлігійнае павучаньне. Гэта ёсьць кароткае выказваньне, якое атаясамляе сабою вялікую колькасьць словаў і нясе ў сабе пэўную мудрасьць. Прыповесьць – гэта цьвярозы і практычны выраз праўды ў сьціслай форме. Наогул, кароткае выказваньне - гэта адзін са старажытных спосабаў навучаньня, бо чалавечы розум ня вельмі прыстасаваны да доўгіх разважаньняў і таму хутчэй гукаецца на кароткія сентэнцыі, якія выяўляюць цікавыя думкі кароткімі выразамі. Прыповесьць можна разглядаць як кароткі выказ жыцьцёвага вопыту, які набываецца многімі пакаленьнямі. Сам Саламон называе гэтыя выказы «залатымі яблыкамі»: «Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы» (Прып 25:11).
«І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў, і сьпеваў было ў яго тысяча і пяць» (3 Вал 4:32). Гэта сказана пра Саламона, які быў галоўным складальнікам тых выслоўяў, якія ўвайшлі ў кнігу Прыповесьцяў: «Прыповесьці Саламона, сына Давіда, валадарара Ізраіля, каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму, каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці, каб неразумным даць разумнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць. Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі, каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія» (Прып 1:1-6).
Заўважым, што прыповесьці прапануюцца юнаку, знайсьці веды і разважлівасьць. І гэта ясна паказвае, што гебраі клапаціліся пра тое, каб іхнія дзеці, атрымлівалі адпаведнае рэлігійнае выхаваньне, як гэта патрабаваў запавет з Богам. Дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што менавіта Саламон заснаваў школы для рэлігійнай адукацыі моладзі, дзе ў якасьці падручніка выкарыстоўваўся ягоны зборнік прыповесьцяў.
Але і іншыя людзі удзельнічалі ў фармаваньні гэтай кнігі мудрасьці: «Словы Агура, сына Якэ, выслоўі, якія сказаў чалавек гэты Ітыэля, да Ітыэля і Укаля» (Прып 30:1); «Словы Лемуэля валадара, выслоўі, якім навучыла яго маці ягоная» (Прып 31:1). Таксама і валадар Эзэкія, які быў адказны за напаўненьне кнігі Прыповесьцяў: «Гэта таксама прыповесьці Саламона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды» (Прып 25:1). Трэба вызначыць і тое, што не ад Саламона пайшла гэтая плынь вызначэньня мудрасьці ў сьціслай форме, бо да таго моманту, як Саламон заваладарыў над Ізраілем, існавала вялікая колькасьць розных выслоўяў. Яшчэ раз зазначым, што такім чынам складалася культура рэлігійнага выхаваньня, як выкананьне запавета з Госпадам.
Кніга Прыповесьцяў распавядае пра тую мудрасьць, якая стварыла неба і зямлю. Гэта ёсьць думка, якую распавядае Бог і якая зыходзіць да ўжываньня Ягонай мудрасьці ў нашым штодзённым жыцьці, каб разумець наступствы тых шляхоў, якімі чалавек можа пайсьці, бо ў гэтым заблытанным сьвеце кніга Прыповесьцяў ёсьць шлях да разважлівасьці і жыцьця ў дабраславеньні, якое можа быць толькі ад Бога. Кніга Прыповесьцяў кажа пра гэты сьвет і пра кіраўніцтва ў ім Богам, у адпаведнасьці з якім чалавек жне тое, што ён пасеяў. Мы бачым тут шляхі Божыя як здольнасьць бачыць тое, што ёсьць на сэрцы чалавека, каб пазьбегнуць свавольства свайго сэрца і многіх памылак у розных жыцьцёвых сітуацыях.
Настаўленьні гэтай кнігі дапамагаюць рухацца да рэальнага шчасьця праз захаваньне зямных узаемаадносін у іх беззаганнасьці перад Богам. І тут мы маем на ўвазе не чалавечую мудрасьць, а тую мудрасьць, якая ад Госпада: «Страх перад Госпадам – пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем» (Прып 1:7). Кніга Прыповесьцяў - гэта мудрасьць Бога, бо ў ёй чалавечая прырода дасьледавана дасканала і падрабязна. Кніга Прыповесьцяў вядзе нас да добрага, бо ў ёй знаходзіцца мудрасьць, якая вядзе нас да дабрачыннасьці.
Кніга Прыповесьцяў - гэта тая скарбонка мудрасьці разважаньня, да якой могуць зьвяртацца людзі, каб удасканальвацца і набываць адказны падыход да свайго жыцьця. Кніга вучыць нас тым маральным каштоўнасьцям, якія дапамагаюць нам станавіцца адказнымі дюдзьмі. Асабліва гэта тычыцца маладых людзей, якія павінны ператварацца ў адказных дарослых. Добрыя бацькі ня хочуць, каб іхнія дзеці вырасьлі няшчаснымі, расчараванымі ў жыцьці, нікчэмнымі ці амаральнымі людзьмі, але наадварот, яны жадаюць бачыць сваіх дзяцей пасьпяховымі, матэр’яльна сталымі і маральнымі. І таму Бог дае нам гэтую кнігу мудрасьці - гэты збор парадаў пра тое, як дасягнуць жаданае мэты - мудрасьці жыцьця.
Кніга Прыповесьцяў складаецца зь пяці асноўных частак:
Прыповесьці Саламона для моладзі (1:1-9:18).
Прыповесьці Саламона для ўсіх узростаў (10:1-22:16).
Словы мудрых (22:17-24:34).
Прыповесьці Саламона сабраныя Эзэкіей (25:1-29:27).
Словы Агура і Лемуэля (30:1-31:31).
Кніга Прыповесьцяў – гэта кніга пра мудрасьць, бо навучае мудрасьці. Мудры чалавек заўсёды разумны чалавек, бо мудрасьць - гэта праява добрага разуменьня розных бакоў нашага жыцьця:
• Адносіны да Госпада.
«Ня будзь мудры у вачах сваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліхоты» (Прып 3:7).
Мудры чалавек заўсёды баіцца Госпада, бо шануе Яго і баіцца Ягонага гневу. Мудры чалавек спакойны, бо разумее тую праўду, што Бог кіруе ўсім: «Да чалавека належыць меркаваньне сэрца, але ад Госпада адказ языка. Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але Госпад узважвае душы. Ускладзі на Госпада ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца»(Прып 16:1-3).
Мудры чалавек заўсёды спадзяецца на Госпада, давяраючы Яму сваё жыцьцё: «Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам сваім і не абапірайся на розум свой. Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае» (Прып 3:5-6). Мудры чалавек ніколі не адхіляе Божага пакараньня, але глядзіць на яго, як на пакараньне любячага бацькі: «Не адкідай, сыне мой, настаўленьня Госпадава, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе, бо каго любіць Госпад, таго карае, як бацька, які спагадае сыну» (Прып 3: 11-12).
• Адносіны да языка.
«Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух. Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым» (Прып 17:27-28).
Мудры чалавек добра ўсьведамляе каштоўнасьць маўчаньня, бо недарма існуе ў народзе прымаўка: «Маўчаньне – золата» Мудры не выказваецца неразважліва, бо ведае тую вялікую ўладу, якую мае язык чалавека: «Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя» (Прып 18:21).
Мудры чалавек разумее, што язык можа быць бязглуздым і нагаворлівым: «Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку. Вусны дурня – ягоная загуба, а мова ягоная – пастка для душы яго. Словы пляткара – як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра» (Прып 18:6-8). Але мудры чалавек асланяе сябе: «Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў» (Прып 21:23).
• Адносіны да працы.
«Праходзіў я праз поле гультая і праз вінаграднік чалавека бяз розуму, і вось, усё зарасло асотам, і крапіва пакрыла паверхню яго, і каменная агарожа зруйнаваная. І паглядзеў я, і зьвярнуй я, і зьвярнуў на гэта сэрца маё, убачыў, і атрымаў настаўленьне: “Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш, і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая – як чалавек узброены”» (Прып 24:30-34).
Мудры чалавек назірае за гультаём, каб убачыць наступствы гультайства і ня ісьці па жыцьці гэтым шляхам. Ён заўважае як безпадстаўныя адгаворкі, якія гультай знаходзіць, каб не працаваць, так і іхнія сумныя вынікі: «Дзеля холаду гультай ня хоча араць, таму будзе прасіць у час жніва і не атрымае нічога» (Прып 20:4).
Мудры чалавек дысьціплінуе сябе і прымушае сябе да працы: «Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам» (Прып 20:13). У сваім жыцьці ён кіруецца прынцыпамі, а не пачуцьцямі: «Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым» (Прып 21:17).
• Адносіны да праўды.
«Ці ж ня пісаў я табе тройчы парады і навучаньні, каб паведаміць табе дакладныя словы праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што паслалі цябе?» (Прып 22:20-21).
Мудры чалавек згаджаецца з першынствам і пэўным характарам праўды. І гэта азначае тое, што першынства праўды ў тых пладах, якія яна стварае: суцяшэньне, абадзёрваньне, радасьць і задавальненьне. Першынства праўды ў тым, што яна зыходзіць ад Бога і таму праўду ніхто і нішто ня можа зьмяніць.
Акрамя ўсяго гэтага, мудры чалавек мае асабісты абавязак пазнаваць праўду: «Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе прыказаньні мае, прыхіляючы вуха сваё да мудрасьці, сэрца сваё да разважлівасьці, калі вось клікаць будзеш розум і голас свой уздымеш, заклікаючы развагу, калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця, тады зразумееш страх перад Госпадам і знойдзеш пазнаньне Бога» (Прып 2:1-5).
Мудры чалавек абавязаны дзяліцца спазнанай праўдай з любым іншым, хто заахвочаны ў гэтым: «Каб ты мог перадаваць словы праўды тым, што паслалі цябе».
• Адносіны да сяброў.
«Хто ходзіць з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе з дурнем, загалосіць» (Прып 13:20).
Мы бачым вельмі простую параду, якая кажа пра тое, што трэба сябраваць з мудрымі людзьмі і пазьбягаць сяброўства з людзьмі неразумнымі. З мудрымі ўсё больш меньш ясна, бо мудрасьць чалавека вызначаецца ягонымі станоўчымі адносінамі да Госпада і да Ягонай праўды. А як быць з неразумнымі? Старазапаветныя гебраі падзялялі іх на тры катэгорыі:
«кесіл» - гэтае слова азначала тых, хто прымае рашэньне, якое вызначае жаданьне неадкладна атрымліваць задавальненьне і якое ў рэшце рэшт можа прывесьці да пагібелі: «Адыдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных» (Прып 14:7).
«юіл» - гэтае слова азначала тых, хто вельмі неразумны ў духоўным і маральным плане: «Не сябруй з васпанам гняўлівым і з чалавекам нястрыманым не хадзі, каб ты не навучыўся сьцежкам яго і не нацягнуў пятлі на душу тваю» (Прып 22:24-25).
«навал» - самая небясьпечная катэгорыя неразумных людзей, бо яны праяўляюць пагарду да Бога і да маралі грамадзтва. Такі чалавек адвяргае ўсё разумнае: «Бойся Госпада, сыне мой, і валадара; і не зьвязвайся са змоўшчыкамі, бо неспадзявана прыйдзе на іх згуба, і бедства ад іх абодвух, хто можа ведаць» (Прып 24:21-22).
• Адносіны да сям’і.
«Вока якое зьдзекуецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцю маці, выдзяўбаюць груганы над ракою, і зьядуць арляняты» (Прып 30:17).
Мудры чалавек ад юнацтва свайго паважае сваіх бацькоў: «Устаюць дзеці ейныя і называюць шчасьлівай яе і муж ейны хваліць яе» (Прып 31:28). Мы бачым, што мудры муж хваліць сваю жонку. Ён паважае і шануе яе: «Хто знойдзе жонку дабрадзейную? Яна даражэй за пэрліны» (Прып 31:10). Таксама і мудрая жонка павінна дагаджаць мужу: «Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбытку. Яна аддае яму дабро, а ня зло, ва ўсе дні жыцьця свайго» (Прып 31:11-12).
Мудрыя бацькі павінны ў выхавальных мэтах караць сваіх дзяцей: «Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго» (Прып 13:24); «Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не спрычыніцца да загубы яго душа твая» (Прып 19:18); «Дурасьць прывязаная да сэрца юнака; але дубец настаўленьня выганіць яе» (Прып 22:15); «Не пакідай юнака без настаўленьня, бо калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ. Ты пакараеш яго дубцом і выратуеш душу ягоную ад пекла» (Прып 23:13-14); «Дубец і дакор даюць мудрасьць, а дзіцё пакінутае само сабе, - сорам для маці яго. Калі памнажаюцца безбожнікі, памнажаюцца злачынствы, але праведнікі ўбачаць падзеньне іх. Карай сына, і ён дасьць табе супачыць, і дасьць асалоду душы тваёй» (Прып 29:15-17).
• Адносіны да ежы і пітва.
«Ня будзь сярод тых, што напіваюцца віна, сярод тых, што аб’ядаюцца мясам, бо п’яніца і абжораа зьбяднеюць, а заспанасьць апране ў лахманы» (Прып 23:20-21).
Мудры чалавек прыслухаецца да гэтай парады і заўважыць, што аб’яданьне і ўпіваньне віном прыводзіць да празьмернай санлівасьці, што прыводзіць да беднасьці і лахманоў, бо хто не працуе, той збочвае на шлях беднасьці.
• Адносіны да матэр’яльнага становішча.
«Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які крывіць шляхі свае, дарма што багаты» (Прып 28:6).
Мудры чалавек клапоціцца пра тое, каб сэрца чалавека было чыстым, а не пра тое, колькі багацьця ён назапасіць і якімі грашамі ён будзе валодаць.
Мудры чалавек ведае, што зьбіраньне багацьця вельмі часта зьвязанае з зайздрасьцю, да якой прыводзіць прагнасьць. Мудры чалавек хоча мець чыстае вока, нават калі ён застаецца без матэр’яльнага набытку: «Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока, і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго» (Прып 28:22).
• Адносіны да гневу.
«Гняўлівы чалавек усчынае звадку, а разьюшаны ўчыняе багата правінаў» (Прып 29:22).
Сярод мноства ворагаў, якія так ці інакш намагаюцца прабрацца ў сэрца чалавека, мы можам бачыць гнеў і сварлівасьць. Наогул, гнеў - гэта тое становішча чалавека, якое прыводзіць да сварлівасьці, нястрыманасьці і няўжыўчывасьці. Што такое гняўлівы чалавек? Гэта той, хто ня здольны ладзіць з іншымі людзьмі, бо вельмі здольны сварыцца ці прымаць удзел у розных канфліктах, якія распачалі іншыя людзі.
Мудры чалавек вельмі сур’ёзна паставіцца да гэтай сардэчнай заганы, каб не ісьці па дарозе гневу, сварлівасьці і нястрыманасьці: Камень цяжкі, і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух» (Прып 27:3).
• Адносіны да ганарыстасьці.
«Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць. Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае» (Прып 27:1-2).
Ганарысты чалавек успрымае ўсе даброты жыцьця, як тое, што належыць яму па праву. Ён заўсёды лічыць, што заслугоўвае большага, чым мае на сёняшні дзень. І гэта тычыцца як нейкага месца ў грамадзтве, так і матэр’яльнага становішча. Ганарысты чалавек не заўважае пераменлівасьці і непрадказальнасьці жыцьця. Ён заўсёды хваліцца сабою перад іншымі людзьмі і лічыць, што так будзе і ў будучым часе.
Але мудры чалавек так ня лічыць, бо ведае, што ён жыве па ласцы Божай і што нічога нельга ўспрымаць, як дадзенае раз і назаўсёды, бо гэта залежыць ад нашых адносінаў да Госпада.
Мудры чалавек ня хваліцца сабою, але дае гэтую магчымасьць іншым людзям. Гэтую магчымасьць трэба заслужыць сваімі адносінамі да блізкага: «Пыха чалавека прыніжае яго, а пакорлівы духам здабудзе славу» (Прып 29:23).
• Адносіны да распусты.
«Хто чужаложыць з жанчынаю, той бязглузды, загубіць душу сваю той, хто гэтак чыніць» (Прып 6:32).
Мудры чалавек ня будзе займацца пералюбствам, бо ведае, што гэта вядзе ў жытлішча сьмерці і таму будзе пазьбягаць усякай распусты: «Дык цяпер, дзеці, паслухайце мяне і зважайце на словы вуснаў маіх. Няхай не схіляецца сэрца тваё да шляхоў яе, і не блукай сьцежках яе, бо шматлікія пакалечаныя ёю, і мноства магутных яна загубіла. Дом ёйны – шлях у пекла, які вядзе ў сутарэньні сьмерці» (Прып 7:24-27); «Але канец яе горкі, як палын, і востры, як меч двусечны. Ногі ейныя да сьмерці зыходзяць, а стопы ейныя на пекла абапіраюцца. Як яна не разумее сьцежкі жыцьця, дык хістаюцца крокі яе, і ты ня можаш ведаць іх. Дык вось цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і не адыходцеся ад словаў вуснаў маіх» (Прып 5:4-7).
• Адносіны да мудрасьці.
«Пачатак мудрасьці – страх Госпадаў, і веданьне Сьвятога - розум» (Прып 9:10).
Мудры чалавек і да мудрасьці адносіцца мудра, бо ведае, што мудрасьць - гэта здольнасьць трымацца Божай праўды і рабіць усё, каб дагадзіць Богу. А для гэтага трэба спазнаваць Божую праўду, каб разумець тыя сапраўдныя каштоўнасьці жыцьця, якія зыходзяць ад Госпада.
Мудры чалавек разумее, што баяцца Госпада - гэта значыць мець мудрасьць: «Страх перад Госпадам – пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем» (Прып 1:7).
Мудры чалавек разумее, што спадзявацца на Госпада - гэта значыць мець дабраславеньне: «Разважлівы ў слове знойдзе добрае, той, хто спадзяецца на Госпада, - шчасьлівы» (Прып 16:20).
Мудры чалавек разумее, што любіць мудрасьць - гэта значыць мець ласку Божую, а з ёй і набытак: «Я люблю тых, якія мяне любяць, і тыя, што мяне шукаюць знойдуць мяне. У мяне багацьце і слава, незьнішчальныя скарбы і праведнасьць. Плод мой лепшы за золата, і золата найчысьцейшае, і карысьць ад мяне лепшая за срэбра адборнае» (Прып 8:17-19).
Мудры чалавек разумее, што грашыць супраць мудрасьці - гэта значыць пазбавіцца Божай ласкі і загінуць: «Слухайце настаўленьня і будзьце мудрымі, і не адкідайце яго. Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень пры брамах маіх, стоячы на варце пры парозе дзьвярэй маіх. Бо, хто знайдзе мяне, знойдзе жыцьцё, і атрымае ласку ад Госпада, а хто грашыць супраць мяне, шкодзіць душы сваёй: усе, якія ненавідзяць мяне, любяць сьмерць» (Прып 8:33-36).
У кнізе Прыповесьцяў можна знайсьці і іншыя настаўленьні ды парады, якія тычацца розных бакоў нашага жыцьця. Мы можам бачыць настаўленьні адносна фінансаў, сумленнага бізнэса і іншых пытаньняў, якія ўзьнікаюць у нашым жыыцьці. Кніга Прыповесьцяў кажа таксама нам пра тое, да чаго прыводзіць нас разумнае жыцьцё, а да чаго можа прывесьці жыцьцё неразумнае.
Мэтаю Божага адкупленьня зьяўляецца збаўленьне грэшнікаў ад іхніх грахоў. І ў сувязі з гэтым кніга Прыповесьцяў паказвае нам, якой павінна быць жыцьцё кожнага чалавека. Сам Бог прамаўляе нам у гэтай кнізе, бо Госпад наш Ісус Хрыстос і ёсьць прамудрасьць Божая: «А вы з Яго ў Хрысьце Ісусе, які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем, каб было як напісана: “Хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца”» (1 Кар 1:30-31).
Свидетельство о публикации №226042301421