Псалтирь

КНІГА ПСАЛЬМАЎ


«Пачуй, Госпадзе, словы мае, зразумей мае
помыслы. Дай увагі енку скаргі маёй, Валадару мой
і мой Божа! Я малюся Табе» (Пс 5:2-3).

Слова «псальмы» азначае «сьпевы», якое паходзіць ад слова «псальмой» і якім гэтая кніга называлася ў грэцкім перакладзе Старога Запавету Гэта самая вялікая кніга Бібліі, якая ёсьць і самая любімая, бо напісаная так, што зразумелая кожнай чалавечай душы. І сапраўды, на любы наш духоўны стан, заўсёды ёсьць псальма, якая адлюстроўвае гэты стан. Перамога ці параза, радасьць ці смутак, падзяка ці гнеў - усё гэта мы знаходзім у кнізе Псальмаў, якая мае асобны характар. Гэта не гісторыя Божага народу і не сьцьвярджэньне нейкага вучэньня, але гэта пачуцьці як народа Бога, так і Самога Бога. Праўда, якую дасылае нам праз гэтую кнігу Бог, маюць накірунак да ўсіх вякоў гэтага сьвету і таму нашае духоўнае служэньне павінна вызнаваць сілу пропаведзі Божай ласкі, каб вызнаваць сэрца, якое ставіць сябе ў тое становішча, што паказана ў кнізе Псальмаў.

Кніга Псальмаў яўляе нам месца, якое Ісус Хрыстос, будучы на зямлі, заняў дзеля таго, каб людзі падзялілі Ягонае спачуваньне і зрабілі магчымым збаўленьне, а веру ў Бога справядлівай, нягледзячы на ўсе нашыя шматлікія грахі. Сэрца, якое ставіць сябе ў той стан, што апісаны ў Псальмах, вяртаецца да пазнаньня гэтага стану, каб адчуць сябе і адшукаць надзею на збаўленьне як вяртаньне Божай прысутнасьці. Псальмы даюць нам супакаеньне і дапамогу Божай ласкі, бо праўда Псальмаў дае нам дабраславёнае і павучальнае разуменьне пяшчотнага і добрага спачуваньня Ісуса Хрыста. Псальмы ўзьвялічваюць і праслаўляюць Госпада, таму як аўтары псальмаў пісалі іх, каб узьнесьці хвалу і пакланеньне Богу, Якога яны лічылі Творцай і Які дае ўсім нам усё неабходнае для жыцьця.

Кніга Псальмаў зьвязваецца перш за ўсё з іменем Давіда, бо менавіта ён напісаў большасьць з іх. Наогул існуе агульнапрынятая колькасная класіфікацыя па аўтарах:

Псальмы Давіда – 75 (1-31; 33-40; 50-64; 67-69; 85; 100; 102; 107-109; 121; 123; 130; 132; 137-144).

Псальмы Асафа – 12 (49; 72-82).

Псальмы сыноў Карэевых – 11 (41; 43-48; 83; 84; 86; 87).

Псальмы Саламона – 2 (71; 126).

Псалом Эмана Эзрахіта – 1 (87).

Псалом Эфама Эзрахіта – 1 (88).

Псалом Майсея – 1 (89).

Псальмы невядомых аўтараў – 47 (Лічыцца, што многія з іх маглі быць напісаныя Давідам).

Трэба асобна заўважыць, што 118 псальма, самая вялікая ў гэтай кнізе, аднесена дасьледчыкамі да невядомых аўтараў. Але тут ёсьць меркаваньні, якія ўпэўніваюць, што гэтая цудоўнейшая псальма напісана менавіта Давідам. І для гэтага мы зьвернемся да вялікага прапаведніка XIX стагодзьдзя Чарльза Сьперджана, які напісаў сем вялікіх тамоў пад агульнай назвай «Скарбніца Давіда», дзе дадзены тлумачэньні на ўсю кнігу Псальмаў. Тлумачэньне на 118 псальму ён зьмясьціў нават у асобную кнігу пад назвай «Залатая азбука». Сьперджан, як знаўца творчасьці Давіда сьцьвярджае, што гэтую псальму напісаў Давід, бо яна вельмі адпавядае жыцьцю Давіда. Сьперджан кажа, што псальма была валадарскім дзёньнікам, у які Давід заносіў свае думкі ў розныя моманты свайго жыцьця на працягу многіх гадоў. Вось словы самога Сьперджана, якія ён кажа ва ўступным слове да кнігі «Залатая азбука»: «Калі працяглы час чытаць аднога аўтара, дык з цягам часу так звыкаешся зь ягоным стылем, што пазнаеш яго нават тады, калі пад нейкім творам і не стаіць імя аўтара. І мы ўпэўнены ў тым, што Давід ня толькі прыклаў руку да напісаньня гэтай псальмы, але і зьяўляецца яе аўтарам ад першага і да апошняга слова».

Кніга Псальмаў выкарыстоўвалася ня толькі ў храме, але і служыла кіраўніцтвам, настаўленьнем і прыкладам для кожнага веруючага, які з дапамогаю гэтай кнігі мог насычацца духоўна. Гэта кніга малітвы і хвалы, над якой ён павінен быў разважаць, каб самому навучыцца хваліць Бога і маліцца Яму. Гэтыя словы праходзяць праз усе вякі, бо накірованы і да нас, сучасных хрысьціянаў. Жан Кальвін казаў, што кніга Псальмаў - гэта «анатомія ўсіх аддзелаў душы», бо няма ніводнага пачуцьця, вядомага чалавеку, якое не знайшло б тут свайго адлюстраваньня як у люстэрку. Сьвяты Дух зьявіў тут усе страхі, сумаваньні, клопаты, надзеі, сумненьні і ўсе астатнія неспакойныя пачуцьці, што хвалююць чалавечы розум, каб мы ня толькі спявалі псальмы на сходах, але і зьвярталіся да іх пад час асабістых малітваў.

Кніга Псальмаў фармавалася прыкладна 900 гадоў, пачынаючы ад часу Майсея (Пс 89) і закончваючы пасьляпалонным часам Юдэі (Пс 125). Яна складаецца з пяці кніг і калі казаць на сучаснай кампутарнай мове, дык папка «Кніга Псальмаў» складаецца з пяці файлаў:
Кніга першая (1-40) – сорак псальмаў.
Кніга другая (41-71) – трыццаць адна псальма.
Кніга трэцяя (72-88) – сямнаццаць псальмаў.
Кніга чацьвёртая (89-105) – сямнаццаць псальмаў.
Кніга пятая (106-150) – сорак пяць псальмаў.
Нашае дасьледваньне псальмаў, якія даюцца ў кожнай з пяці кнігаў, можа выявіць пэўную класіфікацыю па ўзьдзеянюню Духа Сьвятога на сэрца кожнага, хто імкнецца пазнаваць Слова Божае.


• Псальмы плачу, пакаяньня ці смутку.

«Умілажалься з мяне, Госпадзе, бо я нямоглы; дай мне гаеньня, Госпадзе, бо косьці мае растрывожаныя, і душа мая моцна ўстрывожаная; а Ты, Госпадзе, дакуль? Павярніся, Госпадзе, душу маю выратуй, уратуй мяне дзеля ласкі Тваёй» (Пс 6:3-5).

Гэтыя псальмы выказваюць мальбу да Бога пра збавеньне. Часткі іх адносяцца да мальбы плачу як асобных людзей (3-7; 11; 12; 21; 24-27; 34; 37-39; 41-43; 50; 53-56), так і пэўнага грамадзтва (58-60; 62; 63; 68-70; 73; 78; 79; 82; 84; 85; 87; 89).


• Псальмы падзякі.

«Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне. Ты пашыраеш крок мой пада мною, і не хістаюцца ногі мае» (Пс 17:36-37).

• Яны выказваюць падзяку Госпаду за тыя дабраславеньні, якія Ён дае нам. Яны даюць нам упэўненасьць у тым, што Бог будзе дабраслаўляць Свой народ і ў будучым. Гэтыя псальмы таксама можна падзяліць на псальмы асабістага карыстаньня і грамадзкага звароту да Госпада. Але пералічым іх у агульным складзе: 8; 17; 18; 28; 29; 31-33; 35; 39; 40; 65; 102-105; 110; 112; 115; 116; 123; 128; 134; 135; 137; 146-148;


• Псальмы славы Божай.
«Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце Валадару нашаму, сьпявайце; Бог заваладарыў над народамі, Бог сеў на сьвятым пасадзе Сваім» (Пс 46:7-8).

Псальмы праслаўленьня абвяшчаюць веліч Госпада, як Валадара над усім сусьветам (46; 92; 95-98). Давід славіць Госпада і заклікае ўсе плямёны народаў аддаць Госпаду ўсю славу і ўвесь гонар, каб увайсьці ў двары Ягоныя: «Слава і веліч прад абліччам Ягоным, сіла і вялікае хараство ў сьвятыні Ягонай. Дайце Госпаду, плямёны народаў, дайце Госпаду славу і гонар; дайце Госпаду славу імя Ягонага, нясеце дары, і ідзеце ў двары Ягоныя; і пакланецеся Госпаду ў аздобе сьвятыні. Трымцеце прад абліччам Ягоным уся зямля» (Пс 95:6-9). Псальмы славы Божай заклікаюць нас да праслаўленьня Госпада і пакланеньня Яму: «Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся на сьвятой гары Ягонай; бо сьвяты Госпад, Бог наш» (Пс 98:9).


• Псальмы пілігрымаў (42; 45; 47; 83; 86; 119-133).

«Спашлі Тваю праўду, Тваё сьвятло; хай вядуць яны мяне і зьвядуць на сьвятую гару Тваю і селішчы Твае. І падыду да ахвярніка Божага, да Бога радасьці і ўцехі маёй, і на арфе праслаўлю Цябе, Божа, Божа мой!» (Пс 42: 3-4).

Гэтыя псальмы пелі пілігрымы, якія кожны год хадзілі ў Ерусалім на вялікія сьвяты, каб праславіць Госпада: «Вялікі Госпад і праслаўлены вельмі ў горадзе Бога нашага, на сьвятой гары Ягонай» (Пс 47:2). Ідучы да сьвятой гары, яны пракладалі гэты шлях у сэрцы сваім: «Дабрашчасны чалавек, сіла якога ў Табе, і ў якога ў сэрцы сьцежкі вядуць да Цябе. Ідучы далінаю плачу, яны адчыняюць у ёй крыніцы, і дождж пакрывае яе дабраславеньнем; прыходзяць ад сілы ў сілу, і прадстаюць прад Богам на Сыёне» (Пс 83:6-8).

Трэба заўважыць, што большасьць псальмаў пілігрымаў называюцца сьпевамі ўзыходжаньня, бо людзі, прыходзячы ў Ерусалім, узыходзілі на сьвятую гару сьпяваючы гэтыя псальмы: «Пойдзем да жытлішча Ягонага, паклонімся падножжу ног Ягоных» (Пс 131:7). Усе мы пілігрымы на гэтай зямлі, якія нясуць свае сэрцы на сьвятую гару, каб пралітай крывёю Ісуса Хрыста ачысьціцца і асьвяціцца праведнасьцю і сьвятасьцю Божага Ягня: «Узьнясеце рукі вашыя да сьвяцілішча і дабраславеце Госпада. Дабраславіць цябе з Сыёна Госпад, Які стварыў неба і зямлю» (Пс 133:2-3).


• Псальмы за валадара (2; 17; 19; 20; 44; 71; 88; 100; 109; 131; 143).

«Сёньня спазнаў я, што Госпад ратуе памазанца Свайго; паказвае яму са сьвятых нябёсаў Сваіх магутнасьцю ратавальнай правіцы Сваёй» (Пс 19:7).

Гэтыя псальмы пяюць пра валадара як кіраўніка народу, які выбраны і памазаны Госпадам: «Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго, бо валадар спадзяецца на Госпада і з даброці Ўсявышняга не пахісьнецца» (Пс 20:7-8).

Гэтыя псальмы ўзносяць нас вышэй за валадароў зямных, няхай і памазаных Госпадам. Яны ўзносяць нас да Валадара валадароў – Ісуса Хрыста, Які валадарыць Валадарствам нашмат большым, чым усе валадарствы зямныя. Нам дадзена Валадарства Нябеснае, дзе валадарыць наш Госпад, Ісус Хрыстос: «Пасад Твой Божа навечна; жазло праўды - жазло Валадарства Твайго. Ты палюбіў праўду і зьнявідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх» (Пс 44:7-8).

І мы бачым, што прыйдзе дзень, калі будуць пакараныя тыя народы і валадары зямныя, якія не трымаліся запаветаў Божых: «Прысягаўся Госпад і не раскаецца: Ты Сьвятар навекі паводле абраду Мэлхісэдэкавага. Госпад праваруч Цябе. Ён у дзень гневу Свайго пакарае валадароў; учыніць суд над над народамі, напоўніць зямлю трупамі, раструшчыць галаву ў зямлі шырокай» (Пс 109:4-6).


• Псальмы мудрасьці (1; 36; 118).

«Дабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных, і не стаіць на дарозе грэшных, і не сядзіць на зборні распустаў; а ў законе Госпадавым воля ягоная, і пра закон Ягоны ў дзень і ў начы разважае! І будзе ён, быццам дрэва, над плынямі водаў пасаджанае, што родзіць свой плод у свой час, і ліст якога ня жухне; і ва ўсім, што ён учыняе, пашчасьціць яму» (Пс 1:1-3).

Псальмы мудрасьці прапануюць чалавеку парады і настаўленьні для праведнага і мудрага жыцьця. Наогул, кніга Псальмаў і пачынаецца з псальмы мудрасьці. Ці не таму, што мудрасьць, якая ад Бога, і вызначае мэту жыцьця як накіраванасьць да праведнасьці і сьвятасьці Ісуса Хрыста, Які і ёсьць Крыніца мудрасьці і праўды: «Госпаду перадай дарогу тваю, і на Яго спадзявайся, і Ён зробіць, і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць, як полудзень» (Пс 36:5-6).

Асобна хочацца вызначыць самую вялікую псальму кнігі Псальмаў – 118 псальму. Гэтая псальма, ёсьць прыклад дасканалай мудрасьці, бо глыбінею думкі і шырынёю пачуцьцяў яна адрозьніваецца ад іншых псальмаў. Аўтар кнігі тлумачэньня на 118 псальму «Залатая азбука» Чарльз Сьперджан лічыў, што гэтая псальма ёсьць маленькая Біблія - сьвятая кніга, перакладзеная на мову пачуцьцяў. Разважаючы над зьместам гэтай залатой псальмы, мы павінны адчуць паўнату, яснасьць і даступнасьць Слова Божага.

«Дабрашчасныя - беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Госпадавым. Дабрашчасныя - хто прымае сьведчаньні Ягоныя, хто ўсім сэрцам шукае Яго!» (Пс 118:1-2). Гэтыя вершы можна разглядаць, як прадмову да ўсёй псальмы, бо гэта той тэкст, на якім будуюцца разважаньні ўсёй астатняй часткі псальмы. Мы ўзгадалі першыя вершы псальмы, каб убачыць у іх Сына Давіда, Ісуса Хрыста, Які пачынае Сваю нагорную пропаведзь тым жа словам, якім і Давід пачынаў сваю псальму: «Дабрашчасныя ўбогія духам, бо ў іх ёсьць Валадарства Нябеснае» (Мац 5:3). Давід кажа, што мы можам лічыць сябе дабрашчаснымі, калі мы ідзем шляхам Хрыста, прымаем Ягоныя сьведчаньні і ўсім сэрцам шукаем Яго, што азначае імкненьне сэрца пасьцігаць праўду Госпада. І ў гэтым і ёсьць мудрасьць псальмы, якая завяршаецца маленьнем знайсьці нас заблукаўшых: «Я заблудзіўся, як авечка, згубленая: знайдзі раба Твайго, бо я запаведзяў Тваіх не забыўся» (Пс 118:176).


• Псальмы праклёну – гэта маленьне да Бога пра тое, каб Ён
 судзіў Сваіх ворагаў (7; 34; 39; 54; 57; 58; 68; 108; 136; 138; 143).

«Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Госпадаў няхай гоніць іх, бо яны бяз віны схавалі мне яму - сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю! Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю. А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго» (Пс 34:6-9).

Псальмы праклёну заслугоўваюць асобнай увагі, таму што здаюцца вельмі жорсткімі. Але, нягледзячы на гэта, трэба заўважыць наступнае: яны не заклікаюць да чалавечай помсты, але да суда Божага; яны выказваюць маленьне пра пакараньне грэшнікаў і абвяшчаюць праведнасьць Бога; у іх асуджаецца грэх. Мы ведаем, як Ісус Хрыстос выказаў праклён на некаторыя гарады і нават загадаў вучням Сваім праклінаць гарады, якія ня хочуць прымаць Добрую вестку: «А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых; праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму» (Мац 10:14-15).


• Псальмы веры (4; 10; 15; 22; 26; 61; 124; 130).

«Толькі ў Богу душа мая, супакойвайся! Бо на Яго ўся надзея мая. Толькі Ён - цьвярдыня мая і ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся. У Богу выратаваньне маё і слава мая; скала сілы маёй і надзея мая ў Богу. Народзе! На Яго спадзявайся ўвесь час; сэрца сваё прад Ім вылівайце: Бог - нам прыстанішча» (Пс 61:6-9). Гэтыя псальмы выказваюць веру у тое, што Бог клапоціцца пра Свой народ і настаўляе яго на ўмацаваньне веры свайму Госпаду.


• Псальмы прароцтва Хрыста (2; 8; 15; 19-23; 30; 34; 39; 40;
 44; 49; 54; 60; 67; 68; 71; 88; 95-97; 101; 108; 109; 117; 131).

«Я абвяшчу пастанову: Госпад сказаў Мне: “Ты Сын Мой; Я сёньня Цябе спарадзіў; прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладаньні Твае - аж па край зямлі”» (Пс 2:7-8). «І вось, голас з нябёсаў прамовіў: “Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў”» (Мац 3:17).

Калі мы ўважлівыя ў чытаньні кнігі Псальмаў, дык павінны заўважыць, што значная частка псальмаў, зьяўляецца прароцкай ці мэсіянскай, бо раскрываюць будучыню, паказваючы нам Ісуса Хрыста. І гэта азначае, што аўтары гэтых псальмаў глядзелі вышэй і далей тых абставінаў, у якіх яны знаходзіліся пад час напісаньня. Напрыклад, псальмы славы Божай могуць разглядацца, як адлюстраваньне валадараньня Ісуса Хрыста. Мы здольныя пры вывучэньні кнігі Псальмаў вызначыць прароцкі характар многіх псальмаў і знайсьці ў Новым Запавеце пацьверджаньне таго, што гэтыя прароцтвы зьдзейсьніліся. Вось прыклад зьдзяйсьненьня прароцтваў некаторых псальмаў у Новым Запавеце: Пс 2:7 – Мац 3:17; Пс 8:7 – Геб 2:8; Пс 15:10 – Мк 27:46; Пс 21:2 – Мац 27:46; Пс 21:8-9 – Лк 23:35; Пс 21:17 – Ян 20:25-27; Пс 22:19 – Мац 27:35-36; Пс 33:21 – Ян 19:32-36; Пс 34:11 – Мк 14:57; Пс 34:19 – Ян 15:25; Пс 39:8-9 – Геб 10:7; Пс 40 :10 – Лк 22:47; Пс 44:7 – Геб 1:8; Пс 67:19 – Мк 16:19; Пс 68:10 – Ян 2:17; Пс 68:22 – Мац 27:34;  Пс 108:4 – Лк 23:34; Пс 108:8 – Дзеі 1:20; Пс 109:1 – Мац 22:44; Пс 109:4 – Геб 5:6; Пс 117:22 – Мац 21:42; Пс 117:26 – Мац 21:9.

Кніга Псальмаў навучае нас заўсёды разважаць пра Бога. Гэта азначае ня што іншае, як тое, што мы павінны шанаваць Слова Божае, знаходзіць неабходнасьць і задавальненьне ў пакланеньні Госпаду, разважаць пра веліч Госпада і памятаць пра Ягоныя вялікія справы. Мы павінны славіць Яго і хваліцца Ягоным Эвангельлем. Мы павінны аддаць сябе ў Ягоныя рукі, каб адчуць клопат Ягоны пра нас. Мы павінны верыць у Ягоную канчатковую перамогу над злом. І чым больш мы аддаем сябе Богу, тым больш набываем моцы для сьвятога жыцьця ў Ісусе Хрысьце.


Рецензии