Екклесиаст
«Слова Эклезіяста, сына Давідавага, валадара ў
Ерусаліме. Наймарнейшая марнасьць, сказаў
Эклезіяст, пустая марнасьць, - усё марнасьць»
(Экл 1:1-2).
Гебрайская назва гэтай кнігі – «Слова прапаведніка, сына Давідавага, валадара ў Ерусаліме». Імя аўтара не даецца ў гэтай кнізе, але словы «сына Давідавага, валадара ў Ерусаліме» як бы падказваюць нам, што аўтар – валадар Саламон. Тым ня меньш, большасьць дасьледчыкаў не згаджаюцца з гэтым і для гэтага ёсьць вельмі слушныя, але ў чымсьці і спрэчныя довады.
«Я, Эклезіяст, быў валадаром над Ізраілем у Ерусаліме» (Экл 1:12). Мы бачым гаворку пра мінулае, якое кажа нам, што аўтар ужо не зьяўляецца валадаром і гэта безумоўна не адносіцца да Саламона, які быў валадаром да апошняга дня свайго жыцьця. Але як разумець гэтыя словы зь іншага боку? Эклезіяст быў валадаром над Ізраілем у Ерусаліме. Мы ведаем, што кіравалі адзіным валадарствам Ізраіля у Ерусаліме толькі чатыры валадары: Саўл, Давід, Саламон і сын ягоны – Раваам.
З гэтага выходзіць, што аўтарам мог быць Саламон і Раваам. Калі гэта не Саламон, дык значыць гэта Раваам. Але Пісаньне ня кажа нам пра мудрасьць Раваама, які валадарыў над Юдэяй васямнаццаць гадоў і дзякуючы якому, на самым пачатку свайго валадараньня, валадарства Саламона раскалолася на два валадарствы: «І адкалоўся Ізраіль ад дома Давідавага да гэтага дня» (3 Вал 12:19).
«Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў» (Экл 1:16). Гаворка ідзе пра папярэдніх валадароў і калі гэта казаў Саламон, дык ён меў на ўвазе Давіда і Саўла. А можа яшчэ і ранейшых валадароў Евусэяў? Ва ўсякім выпадку мы ня знойдзем у Пісаньні ніякага выказваньня Саламона, што ён быў разумнейшы за свайго бацьку Давіда і таму дасьледчыкі прапапануюць нам думку пра тое, што Эклезіяст жыў значна пазьней за валадара Саламона. І вось чаму.
«І прыгледзеўся зноў я, і ўгледзеў уціскі ўсялякія, што пад сонцам здараюцца: і вось сьлёзы прыгнечаных, а суцешнікаў у іх няма; і ў руцэ ў прыгнятальнікаў іхніх – сіла, а суцешнікаў у іх няма. І прызнаў я шчаслівымі мёртвых, якія памерлі даўно, больш чым жывых, што дагэтуль жывуць; а шчасьлівейшы той за абодвух, хто яшчэ не нарадзіўся, хто ня бачыў яшчэ ліхадзействаў, якія пад сонцам вядуцца» (Экл 4:1-3). Гістарычны фон кнігі не адпавядае заможнаму часу валадараньня Саламона, бо мы бачым час бедстваў і прыгнячэньня.
Талмуд (Baba Bathra 15а) кажа, што кнігу Эклезіяста напісалі Эзэкія і ягоныя людзі, але гэта не адмаўляе Саламона, паколькі гаворка ідзе пра тое, што Эзэкія і ягоныя людзі адрэдактавалі тэкст Саламона (прыпамятаем удзел Эзэкіі ў напісаньні кнігі Прыповесьцяў). Трэба адзначыць і тое, што Марцін Лютар быў першым з рэфарматараў, хто адмовіў Саламону ў аўтарстве кнігі Эклезіяста.
Але як бы там не было з аўтарствам гэтай вельмі важнай кнігі Бібліі, мы павінны вывучаць яе, каб пазнаць марнасьць імкненьня да матэр’яльных зямных мэтаў, як маючых каштоўнасьць самое ў сабе і ўбачыць Госпада як крыніцу ўсяго таго добрага, што мы маем у сваім жыцьці.
Кніга Эклезіяста ставіць перад усімі намі вельмі сур’ёзныя пытаньні: «Навошта мы жывем у гэтым сьвеце? У чым сэнс нашага жыцьця?» Кніга паказвае нам вопыт чалавека, які выпрбоўвае сябе ўсім, што ёсьць пад сонцам, каб адчуць сябе шчасьлівым. Але вынікі - гэта адкрыцьцё таго, што ўсё ёсьць марнасьць без ніякай карысьці: «І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: “І вось, усё - марнасьць і пагоня за хукам, і ніякай карысьці пад сонцам”» (Экл 2:11). Часам здаецца, што Эклезіяст кідае сьмелы выклік Пісаньню, але хутка мы пачынаем разумець, што гэта ня так, бо бачым жыцьцё чалавека з дзьвух розных кропак пагляду.
Першая з іх - гэта кропка погляду чалавека няверуючага - таго, хто жыве пад сонцам. Дарэчы, выраз «пад сонцам» сустракаецца ў кнізе дваццаць дзевяць разоў. Мы бачым, што жыцьцё няверуючага чалавека цалкам зьвязанае з інтарэсамі сьвету, бо для яго жыцьцё ў гэтым сьвеце ёсьць галоўная сутнасьць быцьця. І таму ня дзіўна, што ён разважае пра жыцьцё так, як быццам Бога не існуе. Ня дзіўна і тое, што чалавек няверуючы, ў рэшце рэшт, прыходзіць да высновы пра тое, што «усё - марнасьць» (гэты выраз сустракаецца ў кнізе трыццаць дзевяць разоў) і гэта кажа пра тое, што ў гэтым жыцьці няма ніякага разумнага сэнсу: «Бо ўсе яго дні - пакуты, і праца ягоная – смутак, нават і ў ночы сэрца яго спакою ня мае. І гэта – марнасьць» (Экл 2:23).
Мы бачым глыбокі сум чалавека ад несправядлівасьці грэшнага сьвету, ягоныя блуканьні і памылкі, якія складаюць гісторыю ягонага шляху і якія робяць жыцьцё чалавека невыносным. Праца і лянота аднолькава нясуць сваю частку пакутаў чалавека. Але мы бачым і тое, як паступова падыходзіць да чалавека адкрыцьцё Госпада, даючы супакой розуму і сэрцу.
І ў сувязі з гэтым, мы маем і другую кропку погляду – гэта веданьне Госпада, пакланеньне Яму і вера ў тую праўду, якую адкрывае нам Бог. Для чалавека, які мае такую кропку погляду, жыцьцё мае сэнс. Недарма, у сувязі з гэтым, на старонках гэтай кнігі імя Бога прыводзіцца сорак разоў: «Дык вось, ідзі, з радасьцю еж твой хлеб, у радасьці сэрца пі віно тваё, калі будзе на справы твае добрая Божая воля» (Экл 9:7).
Чалавек, жывучы пад сонцам, заўсёды шукае свайго зямнога дабрабыту і шчасьця ў розных спробах дзеяньня свайго жыцьця. Але як адбываецца гэтае шуканьне сэнсу свайго жыцьця і які вынік гэтага намаганьня?
• Марнасьць марнасьцяў.
Чалавек імкнецца праз веды і дасьледваньне вызначыцца ў гэтым сьвеце: «І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім. Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё - марнасьць і пагоня за ветрам» (Экл 1:13-14).
Чалавек намагаецца знайсьці сэнс свайго жыцьця ў задавальненьнях і радасьці ад набытага: «І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах. І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: “І вось, усё - марнасьць і пагоня за хукам, і ніякай карысьці пад сонцам”» (Экл 2:10-11).
Чалавек імкнецца да посьпеху праз мудрасьць гэтага сьвету, але, вось што кажа яму гэтая мудрасьць: «І сказаў я ў сэрцы маім: “І мяне спасьцігне такая самая доля, як і дурнога. Навошта я надта ж мудры зрабіўся?” І сказаў я ў сэрцы сваім, што і гэта - марнасьць. Бо мудрага помніць ня будуць вечна, як і дурнога. У днях наступных забудзецца ўсё, і памірае мудры таксама, як і бязглузды» (Экл 2:15-16).
Чалавек старанна працуе, каб зацьвердзіцца ў жыцьці, але ў рэшце рэшт прыходзіць да расчараваньня: «Бо бывае такі чалавек, які ў працы і мудры, і ўдзельны, і плённы, а павінен пакінуць усё чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта - марнасьць і вялікае ліха! Бо што будзе мець чалавек ад працы сваёй і клопату сэрца свайго, якімі мазоліцца ён пад сонцам? Бо ўсе яго дні - пакуты, і праца ягоная - смутак; нават і ў ночы сэрца яго супакою ня мае. І гэта - марнасьць!» (Экл 2:21-23).
Чалавек хоча бачыць вакол сябе шчырасьць і справядлівасьць, але не знаходзіць гэтага: «Яшчэ я пад сонцам пабачыў: месца суду - а там беззаконьне, месца праўды – а там няпраўда» (Экл 3:16).
Чалавек імкнецца да багацьця, але і яно не прыводзіць да супакою сэрца: «Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці з яго. І гэта - марнасьць. Калі множыцца маёмасьць, множацца і тыя, што яго спажываюць; і якая карысьць яго ўласьнікам: хіба толькі сваймі вачмі сузіраць? Салодкі сон у таго, хто працуе, ці мала ён есьць, а ці многа, а сытасьць багатаму спаць не дае. Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе. І гіне багацьце яго ад няшчасных выпадкаў: нарадзіў ён сына, а нічога няма ў руках яго» (Экл 5:9-13).
«Бог дае чалавеку багацьце, і маёмасьць, і славу, і душы ягонай ніякай нястачы няма а ні ў чым, чаго зажадае. Ды ня даў яму Бог карыстацца з таго, а чужы чалавек спажывае: гэта - марнасьць і ліхая нядоля» (Экл 6:2).
Ва ўсім гэтым можна знайсьці часовае задавальненьне, але нельга знайсьці задавальненьне канчатковае і поўнае, бо сапраўднае задавальненьне можна знайсьці толькі ў страхе перад Богам і ў выкананьні Ягоных запаведзяў: «Выслухаем сутнасьць усяго. Бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым - усё. Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое» Экл 12:13-14).
І чым раней чалавек пачне служыць Богу, тым больш у яго будзе магчымасьцей знайсьці сапраўдныя мір і задавальненьне: «І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: “Няма мне ад іх асалоды”, пакуль не патухлі сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі і не насунуліся новыя хмары пасьля дажджу» (Экл 12:1-2).
• Слова мудрасьці.
Эклезіяст дае нам практычныя парады для правільна арганізаванага і таму мудрага жыцьця: «Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці - за дзень нараджэньня. Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету, бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго. Смутак лепшы за сьмех; а сэрца бязглуздых - у доме вясёлым. Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных; бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу над горшчыкам. І гэта - марнасьць! Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе. Канец працы лепшы за пачатак яе, цярплівы лепшы за пыхлівага. Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых. Не кажы: “Чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?” - не з вялікага розуму ты папытаўся пра гэта. Добрая мудрасьць - як добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць: бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае. Прыгледзься да дзеяў Божых: “Хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым”. У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: “І тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе”» (Экл 7:1-14).
Усе людзі недасканалыя, але сіла мудрага ў ягонай мудрасьці: «Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе» (Экл 7:19).
Праз грахоўнасьць чалавека шукаюцца праведнікі, але сьвет ня можа пахваліцца нечым станоўчым: «Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўвачы адно за адным. Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў. Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія» (Экл 7:27-29).
Сьвет бачыць, што бязбожны жыве ў сваё задавальненьне і лепш за праведніка, але Эклезіяст ведае, што Бог гэтага не дапусьціць: «Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі, таму не баіцца сэрца чыніць ліхоту. Хоць сто разоў робіць грэшнік ліхое і зацінаецца ў тым, але ведаю я, што добра будзе богабаязным, якія перад абліччам Яго стаяць багавейна, а бязбожнаму добра ня будзе, і як цень, нядоўга стаяцьме той, хто перад Богам не багавейны» (Экл 8:11-13).
Эклезіяст параўноўвае мудрага з дурнем, каб вызначыць перавагу мудрасьці над глупствам: «Слова з вуснаў мудрага – ласка, а вусны дурнога яго ж і нішчаць: пачатак слоў з яго вуснаў - глупства, а канец яго казані з вуснаў - шаленства. Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца? Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі ў горад.» (Экл 10:12-15).
Практычнае назіраньне жыцьця чалавека дае падставы Эклезіясту казаць пра рэальнасьць зямнога як залежнасьць ад Госпада: «Як напоўняцца хмары, яны выліваюць дождж на зямлю; і як паваліцца дрэва на поўдзень, на поўнач, так і ляжацьме, як яно ўпала. Хто зважае на вецер, той сеяць ня будзе і хто паглядае на хмары, ня будзе той жаць. Як ня ведаеш ты дарогі вятроў і таго, як ствараюцца косьці ва ўлоньні ў цяжарнай, так ня можаш ты ведаць і дзеяў Бога, Які робіць усё» (Экл 11:3-5).
Галоўнай тэмаю гэтай кнігі зьяўляецца глупства ўсіх чалавечых намаганьняў знайсьці дабрадзенства тут, унізе. Чалавечая мудрасьць, якая спадзяецца на гэта, робіць чалавека больш няшчасным. Кніга, у процілегласьць чалавечай мудрасьці, дае просты прынцып сапраўднай мудрасьці - пакоры і паслухмянасьці Госпаду, Які ведае ўсё і кіруе ўсім: «Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд».
І калі мы даведаліся, што кніга Эклезіяста кажа нам пра вопыт і разважаньні чалавека пра тое, што здараецца пад сонцам, дык зразумеем і тыя месцы гэтай кнігі, дзе ёсьць гаворка пра нявер’е. Усё гэта таму, што вопыт чалавека заўсёды далёкі ад праўды, бо прызнае невуцтва і таму ня здольны ведаць Божай праўды. Вырашэньне духоўных праблемаў чалавека наперадзе і над тым, што бачна зьнешне. Эклезіяст кажа, што адзіным правілам жыцьця зьяўляецца страх Божы, які кіруе нашым жыцьцём і судзіць нашыя дзеяньні ў нашым марным жыцьці.
Кніга Эклезіяста кажа пра вопыт нашага жыцьця і пра тое, што Бог сказаў адноснага нашага жыцьця. Пра Ягоны закон, Ягоныя запаведзі і пра Ягоны суд - усё тое, што павінен ведаць чалавек, каб атрымаць збаўленьне ў Ісусе Хрысьце: «Словы мудрых – што іголкі, як убітыя цьвікі, і складальнікі іх – ад адзінага пастыра» (Экл 12:11).
Свидетельство о публикации №226042400110