Песня песней
«Якая прыгожая ты, каханая! Якая прыгожая ты!
Твае вочы – дзьве галубіцы! Які ты прыгожы, мой
любы, які ты ласкавы» (Песн 1:15-16).
Гебраі называюць гэтую кнігу - «Найвышэйшая песьня», што азначае самая лепшая песьня. Лічыцца, што гэтая кніга напісаная Саламонам. Талмуд (Baba Bathra 15а) кажа, што Найвышэйшую песьню напісалі Эзэкія і ягоныя людзі. Як, дарэчы, і Кнігу Прыповесьцяў. Але гэта ніяк ня сьведчыць пра тое, што аўтар найвышэйшай песьні не Саламон, бо Эзэкія мог толькі рэдактаваць кнігу Саламона, якая адлюстроўвае час, папярэдні падзяленьню валадарства Саламона. Гэта пацьверджваецца тым, што мы бачым успамін розных месцаў пакуль што адзінай краіны: Ерусалім, Ліван, Карміл, Тырца, Хэрмон і некаторыя іншыя.
У гебрэаў Найвышэйшая песьня заўсёды была ў вялікай пашане і прылічвалася да найбольш сьвятых кнігаў. Калі гебраі параўноўвалі Кнігу Прыповесьцяў са зьнешнім дваром Храма, а кнігу Эклезіяста са сьвяцілішчам, дык Найвышэйшая песьня параўноўвалася да Сьвятое Сьвятых. І як бы тое не было, але факт у тым, што самыя духоўныя людзі, якіх толькі ведаў гэты сьвет, атрымлівалі вялікую асалоду ад чытаньня і вывучэньня гэтай кнігі. Падаецца вельмі важным адзначыць і тое, што песьні гэтай кнігі штогодна пелі на восьмы дзень сьвяткаваньня Пасхі.
Калі мы пачынаем разглядаць гэтую цудоўную кнігу, мы пачынаем адчуваць, што Найвышэйшая песьня дае нам матывы для разважаньня і аказвае на нас вельмі добры ўплыў. І гэта кажа пра тое, што гэтая кніга Старога Запавету мае Божае прызначэньне, хаця ніяк і не цытуецца ў Новым Запавеце. Кніга чытаецца, як запісаная Саламонам пачутлівая гісторыя свайго каханьня да шуламянкі, якая стала нявестай Саламона.
Аднойчы Саламон, апрануты ня ў валадарскія шаты, прыехаў у свой вінаграднік сярод гор зямлі Манаімскай, які знаходзіўся прыкладна ў васьмідзесяці кіламетрах на поўнач ад Ерусаліма. Саламон праяўляе інтарэс да шуламянкі, якая ўразіла яго сваёй незвычайнай прыгажосьцю: «Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя. Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла» (Песн 1:5-6). Шуламянка прымае Саламона за пастуха і патаецца ў яго: «Ты скажы каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? Дзе апоўдні ты адпачываеш?» (Песн 1:7).
Саламон не адкрываецца адразу, але кажа ёй словы каханьня і абяцае вярнуцца да яе праз нейкі час. Шуламянка чакае яго ў дзень і ў начы, ў розуме і ў думках сваіх: «Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла. Устану, і горад увесь абыйду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла. Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: “Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?”» (Песн 3:1-3).
У рэшце рэшт Саламон вяртаецца да яе ў шатах валадара і шуламянка становіцца ягонай нявестаю: «Належу я міламу сябру, і мяне ён жадае. Прыйдзі любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках; выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты. Там я цябе прыгалублю. Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў. Сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе каханы» (Песн 7:11-14).
Бог жадае навучыць нас чыстаце і сьвятасьці таго становішча дашлюбнага і шлюбнага жыцьця, якое Ён Сам і зацьвердзіў для нас. Калі мы чытаем Найвышэйшую песьню, нашыя сэрцы становяцца больш чыстымі і мы пачынаем яшчэ больш разумець ганебнасьць і шкоднасьць спакушэньня на нявернасьць сярод жанатых людзей. І пакуль у гэтым сьвеце будзе сустракацца нечыстата, нам будзе вельмі неабходная ў карыстаньні Найвышэйшая песьня Саламонава, бо сваім самабытным і цудоўным складам яна дае нам напамін пра чысціню і высакароднасьць праўдзівай любові.
Шуламянка становіцца нявестаю Саламона, але кніга не распавядае нам пра далейшыя шлюбныя адносіны Саламона і шуламянкі. Нявеста Найвышэйшай песьні чакае ягонага вяртаньня, але нічога не гаворыцца пра вяртаньне жаніха. І тут мы павінны задаць сабе некалькі пытаньняў:
Чаму Бог зьмясьціў гэтую кнігу ў Старым Запавеце? Ці толькі дзеля таго, каб паказаць прыгажосьць і чыстату чалавечай любові?
Як тлумачылі юдэі сэнс Найвышэйшай песьні?
Калі кожная кніга Старога Запавету прасякнута чаканьнем Ісуса Хрыста, дык якая сувязь гэтага назіраецца ў гэтай кнізе?
Безумоўна тое, што Найвышэйшая песьня праслаўляе прыгажосьць і чыстату чалавечай любові, але, нягледзячы на маралістычны характар, яна ня вычэрпавае гэтым увесь свой замысел. Сам факт зьмяшчэньня гэтай кнігі ў Стары Запавет кажа нам пра такую любоў, якая нашмат чысьцей за чалавечую, бо дае напамін пра тое, што Бог, Які ўклаў любоў у сэрца чалавека і ёсьць сама Чысьціня. Няма безумоўных падставаў казаць пра тое, што чытаючы кнігу мы выразна бачым адносіны Ісуса Хрыста і Сваёй Царквы, але, тым ня меньш, алегарычна мы зьвяртаемся да Яго, як пра гэта і кажа гісторыя тлумачэньня ў хрысьціянскай Царкве. І сапраўды, гледзячы на чыстую і прыгожую чалавечую любоў, мы вераю бачым адзіную Любоў, якая перавышае самую ўзвышаную чалавечую - любоў Сына Божага да ўпаўшага чалавецтва.
Юдэйскі погляд на Найвышэйшую песьню мы можам усьвядоміць з інфармацыі, якую даюць Таргумы (пераклад Старога Запавету на арамейскую мову) і Талмуд (склад прававых і рэлігійна-этычных пастановаў Юдаізму). Гэтыя крыніцы асэнсоўваюць Найвышэйшую песьню як алегорыю, згодна тлумачэньню якой гаворка йдзе пра гісторыю Ізраіля, дзе вызначана любоў Бога да выбранага Ім народу і зносіны з ім: «І запрагне Валадар прыгажосьці тваёй; бо Ён Госпад твой, і ты пакланіся Яму. І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі. Уся слава Валадаравай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам; ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Валадара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе. Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у хоромы Валадара. Замест бацькоў тваіх будуць сыны твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі. Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях. Таму народы будуць славіць Цябе векавечна» (Пс 44:12-18).
Алегорыя - гэта таксама і хрысьціянскі погляд на сэнс Найвышэйшай песьні, але толькі па форме, а не па зьместу, бо алегарычны метад тлумачэньня хрысьціянаў ня бачыў гісторыі гебрайскага народу, але тлумачыў узаемаадносіны Ісуса Хрыста са Сваёю Царквой. Алегарычнае асэнсаваньне Найвышэйшай песьні было ўведзена ў хрысьціянскую Царкву Арыгенам, які жыў ад 185 да 254 года ад Р. Х. Пасьлядоўнікі алегарычнага тлумачэньня як хрысьціяне, так і юдэі сьцьвярджалі, што калі б гэтая кніга ня мела рэлігійнага сэнсу, дык яна б ня здолела быць у складзе Старога Запавету. І гэта сапраўды так. Мы ніяк не сказім сэнсу гэтай кнігі, калі будзем, у тым ліку, разглядаць яе, як любоў Ісуса Хрыста да Сваёй Царквы: «Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе» (Эф 5:25).
Хрысьціяне ўспрымаюць Найвышэйшую песьню так, таму што Пісаньне кажа пра Ісуса Хрыста: «Тады Ён сказаў ім: “О няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі! Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю? І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні» (Лук 24:25-27). Але, калі пра Госпада Ісуса Хрыста гаворыцца ва ўсім Пісаньні, дык, у такім выпадку, пра Яго павінна гаварыцца і ў Найвышэйшай песьні Саламонавай.
Зьвернемся да першай кнігі Новага Запавету і ўбачым працяг няскончанай гісторыі каханьня Саламона і шуламянкі, калі Малады ідзе да нявесты Сваёй разам з сынамі харомаў шлюбных: «Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: “Чаму мы і фарысеі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?” І сказаў ім Ісус: “Ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль з імі малады?” Але прыдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца» (Мац 9:14-15).
Вось яна сувязь, але Ён ня кажа пра нявесту, а толькі пра «сыноў харомаў шлюбных». Ці не таму, што той народ, да якога прыйшоў Ён, не пазнаў Яго і не прачнуўся своечасова, каб адчыніць Таму, Хто так настойліва стукаўся да яго: «Я сплю, а сэрца маё чувае. Вось голас каханага, які стукаецца: “Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая - абрасілася, мае кучары - у начной вільгаці”. Я хітон свой зьняла - як жа зноў надзяваць мне яго? Каханы прасунуў руку сваю ў дзверы, маё цела зайшлося ад радасьці. Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзьвярах. Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала - ён не азваўся» (Песн 5:2-6).
Гаворка пра тое, што Госпад рабіў шлюбную прапанову Юдэі, але яны толькі ў сьне любілі Яго і не адчынілі перад Ім, бо «Я хітон свой зьняла - як жа зноў надзяваць мне яго?»
«Тады ўпадобніцца Валадарства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога. Пяць з іх было неразумных і пяць мудрых; неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею; а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам з сьвяцільнямі сваімі; і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі. Але апоўначы крык пачаўся: “вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму”. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае. А неразумныя мудрым казалі: “дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць”. А мудрыя сказалі ў адказ: “каб не сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе”. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі з ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы. Пасьля прыходзяць астатнія дзевы і кажуць: “Спадару! спадару! спадару! адчыні нам”. Ён жа сказаў ім ў адказ: “Праўду кажу вам - ня ведаю вас”. Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы» (Мац 25:1-13).
Прыповесьць пра дзесяць дзеваў добра знаёмы хрысьціянам, але прыгледзеўшыся ўважліва, мы заўважаем вельмі цікавую рэч. Маладога, а гэта значыць Ісуса Хрыста, выходзяць сустракаць дзевы, а не нявеста. Больш таго, пра нявесту ў гэтай прыповесьці нават і не гаворыцца. Сам Бог нічога пра яе ня кажа. Але чаму? Чаму замест нявесты, маладога сустракаюць дзевы, якія, безумоўна, паказаны Госпадам, як хрысьціянская супольнасьць. Але дзе нявеста і хто яна?
Мы вяртаемся да Найвышэйшай песьні, бо яна такая ж прароцкая, як і іншыя кнігі Старога Запавету: «Вусны ў яго - гэта слодыч, і ўвесь ён - уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!» (Песн 5:16).
Ерусалім - гэта і ёсьць сапраўдная зямная нявеста Ісуса Хрыста, якая не прачнулася і не адчыніла тую дзьвер, у якую стукаўся Ён у Сваім зямным жыцьці: «А каханы пайшоў, не вярнуўся». І вось, Госпад сьведчыць у Слове Сваім, што Ён прыйдзе яшчэ раз да Сваёй нявесты, да Ерусаліму. Але сустракаць Яго будуць хрысьціяне, як неразумныя, так і мудрыя, якія маюць найбольш цесныя адносіны з Ісусам Хрыстом і якія па праву пойдуць з Ім на шлюбнае вясельле. Бо толькі мудрыя штодзённа напаўняюцца Божым алеем, каб трымаць сьвяцільні свае падгатаванымі да сустрэчы зь Ісусам Хрыстом.
Ісус Хрыстос любіць хрысьціянаў, як Сваё нябеснае цела і таму мы родныя Яму. І калі Ён прыйдзе, дык разам з тымі, хто сустрэне Яго, пойдзе на шлюбнае вясельле з зямной нявестаю - Ерусалімам, якая на гэты раз зразумее ўсё і своечасова адчыніць дзьверы сэрца свайго Таму, Хто заўсёды верны ў Сваёй любові.
Галоўны сэнс гэтай гэтай прароцкай кнігі зьмешчаны ў той любові, якую Ён фармуе ў сэрцах юдэяў, каб яны навучыліся любіць Яго да Ягонага другога прышэсьця. З намі ня так, бо дзеяньні Ісуса Хрыста іншыя. Мы прынятыя Ім, як самыя няшчасныя з грэшнікаў. Мы навернутыя і пакліканыя да Бога як дзеці Божыя. Нам дадзена разуменьне таго, што мы складаем цела Ісуса Хрыста і таму знаходзімся ў самых блізкіх (якія толькі могуць быць) адносінах з Госпадам Ісусам. Мы ўжо атрымалі Ягоную любоў і Ягоную прысутнасьць, якія ня скончацца ніколі. Але ўсё ня так з юдэйскай нявестай. Гебраі ведалі з прароцтваў і псальмаў, што менавіта яны павінны стаць нявестаю для Госпада, але яны зграшылі і не прызналі Яго. А як жа зараз? Ці зьверне Ён Свой позірк і ўвагу на іх, калі прыйдзе другі раз? Вось на гэтае пытаньне мы і знаходзім адказ у Найвышэйшай песьні Саламонавай.
Такое разуменьне гэтай кнігі робіць яе вельмі глыбокай і праніклівай. І таму пытаньне кожнага, хто паразважаў над Найвышэйшай песняю, будзе добрым і лагічным першым вынікам гэтай цудоўнай духоўнай працы: «Ці можна параўнаць нашую любоў да Ісуса Хрыста з тымі пачуцьцямі, якія мы бачым у гэтай кнізе?» Безумоўна, што кожны хрысьціянін любіць Ісуса Хрыста, але нашая любоў здольна часамі слабнуць: «Ты шмат перажываў і маеш цярплівасьць, і на імя Маё працаваў і не зьнемагаў. Але маю супраць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю» (Адк 2:3-4). Гэта пра нас усіх, але пытаньне ня ў тым, ці любяць хрысьціяне Ісуса Хрыста, а ў тым, ці любяць яны Яго так палка і так аддана, як шуламянка любіла Саламона.
Свидетельство о публикации №226042401518