Генетычная памяць. Частка першая

Генетычная памяць. Частка першая

Урачэбную практыку я пачынала са стажыраванай медыцынскай сястрой Марсікавай Вольгай Ціханаўнай. Ёй было за пяцьдзясят, і мне яна здавалася старэйшынай.
 
Як часта бывае ў адносінах пачынаючага лекара і вопытнай медыцынскай сястры, спачатку Вольга Цітаўна спрабавала дамінаваць. Дарэчы, я ведаю нямала выпадкаў, калі добра выхаваныя маладыя дактары падпадалі пад уплыў сярэдніх медыцынскіх работнікаў, не абцяжараных асаблівай дэлікатнасцю, і не маглі адмовіць апошнім у не зусім законных просьбах.

І сапраўды, як жа адхіліць прашэнне калегі, ўзрост якой прыкладна як у маці, яна ж дрэннаму не навучыць. Як вынік такіх “даверных” адносін – пераход маладога лекара на іншы ўчастак працы без тлумачэння калегам яго  сапраўдных прычын.

Пераважная большасць урачоў-пачаткоўцаў у кароткія тэрміны наладжвалі са сваімі памагатымі адносіны, рэгламентаваныя правіламі субардынацыі.
 
Не была выключэннем з гэтага правіла і я. Некаторы час уважліва выслухвала настаўленні старэйшага таварыша, а потым выклала сваё бачанне нашага далейшага супрацоўніцтва.
 
Вольга Цітаўна адразу прыняла мае ўмовы, дзе былі выразна размежаваны абавязкі доктара і медыцынскай сястры. І ўсе наступныя гады прытрымлівалася пазначаных мною правіл: сваечасовы прыход на работу і падрыхтоўка кабінета да працы, неўмяшанне ў дыялог урача і пацыента, недапушчальнасць старонніх гутарак і абмеркаванняў у рабочы час. Толькі часам перад рабочай нарадай яна казала:

– Нэля Гаўрылаўна, пра нас сёння будуць гаворыць, што не наведаны ачаг гельмінтозу па вуліцы Разіна.

Упэўнена, што сучасныя ўрачы не маюць паняцця, што азначае апошняя фраза. Шчаслівыя людзі! У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя існавала цэлая сістэма барацьбы з глістнымі інвазіямі.

Участковы ўрач ці медсястра наведвалі ачаг гельмінтозу з усталяванай нарматыўнымі дакументамі кратнасцю. Прадстаўнікі ўчастковай службы праводзілі апытанне асоб, якія кантактавалі з заражаным гельмінтамі чалавекам, і вызначалі неабходнасць іх лабараторнага абследавання; працаўнікі кабінетаў інфекцыйных захворванняў арганізоўвалі дыспансэрнае назіранне за ачагамі гельмінтозаў (паразітарных захворванняў, выкліканых глістамі – заўв. аўт.)

У рэспубліцы, дзе пашкоджанасць насельніцтва глістнымі заражэннямі ў тыя гады складала, па дадзеных розных аўтараў, ад сямідзясяці да дзевяноста адсоткаў, эфектыўнасць такой працы, смею меркаваць, была “вельмі высокая”.
 
Адразу абмоўлюся, што я ні ў якім разе не стаўлю пад сумнеў неабходнасць дыспансэрнага назірання за асабамі, якія перахварэлі цяжкімі гельмінтозамі. Захворванне можа прывесці да паражэння жыццёва важных органаў, тут зусім іншая сітуацыя.
 
Дык вось, калі на агульнай пяціхвілінцы намеснік галоўнага ўрача Баранавіцкай гарадской бальніцы па паліклінічнай частцы назваў нумар тэрапеўтычнага ўчастка і асоб, вінаватых у “смяротных грахах” – ненаведванні ачагоў гельмінтозаў, ад сораму мне захацелася праваліцца скрозь зямлю.

– Якая ганьба! У першы ж год працы так дрэнна зарэкамендаваць сябе! – падумала я, пачуўшы сваё прозвішча.

Як аказалася, падобныя пачуцці адчувалі амаль усе пачаткоўцы-урачы. Таццяна Стэцко, у далейшым намеснік галоўнага ўрача Баранавіцкага раённага тэрытарыяльнага аб’яднання, якая апынулася ў аналагічным становішчы праз два гады, з яе слоў, таксама адчувала згрызоты сумлення з нагоды “халатнага” стаўлення да служэбных абавязкаў.

Думаю, што гэтае выпрабаванне я перанесла значна лягчэй, чым мой будучы намеснік; яшчэ на першым курсе медыцынскага інстытута мне прыйшлося апынуцца ў падобнай сітуацыі.

На іспыце па гісторыі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза я дастаткова бойка адказала на ўсе пытанні білета. Экзаменатару захацелася пераканацца: усё ж добра ці выдатна?

Лёс экзаменуемай павінна была вырашыць дадатковае пытанне: калі адбыўся такі-та з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі? Назваўшы год, чакала адзнакі сваіх ведаў. Выкладчык Ніна Іванаўна запытальна глядзела на мяне; я маўчала.

– А якого чысла і месяца? – першая не вытрымала экзаменатар.

Я не памятала дакладнай даты правядзення з’езда, пра што і сказала выкладчыку.
 
Глыбокае расчараванне было напісана на твары члена КПСС, магчыма,  даваенных ці першых пасляваенных гадоў уступлення ў рады партыйцаў.  Пагледзеўшы маю заліковую кніжку, вымавіла:

– Добра, пастаўлю пяцёрку, у Вас выдатная залікоўка!

Зрабіўшы тэатральную паўзу, з сумневам дадала:
 
– Можа быць, з Вас калі-небудзь і атрымаецца добры доктар!

Вось з такім грузам сваёй магчымай прафесійнай непрыдатнасці я і працягвала навучанне ў медыцынскім інстытуце.

***

Аперэджваючы падзеі, адзначу, што Ніна Іванаўна прадбачыла маю сумнеўную палітычную будучыню.

 У жніўні 1987 года мяне прызначылі намеснікам галоўнага ўрача Баранавіцкай гарадской бальніцы па экспертызе часовай непрацаздольнасці. Будучы беспартыйнай, вельмі чакала прапановы аб уступленні ў КПСС. Я вырасла ў сям’і перакананага камуніста-ленінца Лукашэвіча Гаўрыіла Карнеявіча і шчыра лічыла палітыку, якая праводзіцца Камуністычнай партыяй, абсалютна правільнай. Да таго ж, членамі адзінай у краіне партыі былі мае сёстры і іх мужы, брат, ды і ўсе дастойныя грамадзяне Савецкага Саюза. І ў гэтай элітнай кампаніі відавочна не хапала мяне.

Тым не менш, ад партыйнага лідэра гарадской бальніцы прапановы папоўніць рады змагароў за нашу светлую будучыню ўсё не паступала. Мне ўжо ўручылі значок “Ударнік камуністычнай працы”, я і ў аб’яднаным хоры медыцынскіх работнікаў спявала, і грамадскай працай займалася, і на партыйных сходах выступала і ўсё – безвынікова.
 
Было крыўдна, калі па заканчэнні адкрытага партыйнага сходу (прысутнасць намеснікаў галоўнага ўрача і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў была абавязковай – заўв. аўт.), старшыня прамаўляў завучаную фразу:

– Членаў партыі я прашу застацца, астатнія – на працоўныя месцы!

Шчыра кажучы, нават і не ведаю, што мяне больш засмучала: мая адсутнасць у шэрагах партыйцаў ці прыналежнасць да катэгорыі “астатнія”.

 На шчасце, маё “раздваенне асобы” працягвалася нядоўга. Генеральны сакратар Цэнтральнага Камітэта КПСС Міхаіл Гарбачоў у 1988 годзе ўзначаліў яшчэ і Вярхоўны Савет СССР. Вось гэтае “сумяшчэнне прафесій”, так вітаемае ў медыцынскім асяроддзі, паслужыла адпраўной кропкай у пераглядзе майго палітычнага светапогляда.

Да 1988 году насельніцтва краіны ўдосталь “наелася” “перабудовай, новым мЫсленнем, кансэнсусам, сухім законам і дэмакратычнымі свабодамі”.
Шматгадзінныя ўслаўленні “перабудовы” першымі асобамі краіны, якія трансляваліся ўсімі сродкамі масавай інфармацыі, набілі аскому і нічога, акрамя раздражнення, у савецкіх людзей не выклікалі. Тым больш, што праводзімая дзяржавай новая палітыка давала бачныя вынікі – поўную адсутнасць тавараў народнага спажывання ў гандлёвай сетцы.
 
І не дзіўна, што найвышэйшае рашэнне засяродзіць кіраванне дзяржавай у адных руках, аб’яднаўшы дзве галіны ўлады, выклікала ў мяне, як і ў шматлікіх маіх сучаснікаў, непрыманне.

– З гэтай партыяй мне не па дарозе, – падумала я, амаль даслоўна паўтарыўшы невядомыя мне ў той час словы бацькі, камуніста з трыццацігадовым стажам.

У сваёй кнізе “Пакуль мы жывыя…” мая сястра Таццяна Цыркунова так апісвае гэтую падзею.

 “У яго (бацькі – заўв. аўт.) было абвостранае пачуццё справядлівасці, да ўсяго яму была справа. Высокую грамадскую актыўнасць ён пранёс праз усё сваё доўгае жыццё. Членам КПСС бацька стаў у годы Вялікай Айчыннай вайны; больш за трыццаць гадоў быў актыўным членам КПСС. Як любы разважны чалавек, бацька знутры бачыў усе негатыўныя бакі партыйнага жыцця. Ён не мог змірыцца з бязладдзем, якое рабілася ў кампартыі ў тыя гады. Нашмат раней Б.М.Ельцына, а менавіта 3 красавіка 1974 года, мой бацька паклаў свой партбілет на стол райкама партыі, бо зразумеў, што з гэтай арганізацыяй яму не па дарозе. Хтосьці с яго сяброў пажартаваў з гэтай нагоды:

– Вось і наступіў твой палітычны расстрэл!

Бацька адказаў:

– Гэта не мой палітычны расстрэл, гэта пачатак канца арганізацыі, якая сама сябе зжыла!

Як паказаў час, мой бацька ў гэтым выпадку меў рацыю”.

Прынятае бацькам рашэнне дыстанцыравацца ад Камуністычнай партыі ніколі не абмяркоўвалася ў нашай сям’і. Мае сёстры и браты былі членамі масавых дзіцячых камуністычных і маладзёжных грамадска-політычных арганізацый, прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы. Сястра Таццяна, член Івацэвіцкага райкама камсамола, узначальвала камітэт камсамола Целяханскай сярэдняй школы.
Мой намер адмежавацца ад самай справядлівай і прагрэсіўнай партыі свету пацвердзіў правасць сентэнцыі Аляксандра Пушкіна з рамана ў вершах «Яўген Анегін”.

– “Чым менш жанчыну мы кахаем, тым лягчэй падабаемся мы ёй…” – сцвярджаў класік.
 
Раней недасягальная для мяне партыя камуністаў сама пачала праяўляць павышаную
цікавасць да маёй сціплай асобы. Сакратар партыйнай арганізацыі гарадской бальніцы, ледзь убачыўшы мяне, прапаноўваў хуценька рыхтаваць дакументы для ўступлення ў члены КПСС, абяцаючы рэкамендацыі самых уплывовых асоб лячэбнай установы. Я ўтрымлівалася, спачатку матывуючы адмову сямейнымі абставінамі: дзіця ясельнага ўзросту, раз’язны характар працы мужа, адсутнасць у горадзе бабуль-дзядуляў і г.д. Пасля чарговага неэфектыўнага дыялогу са мной сакратар партарганізацыі раздражнёна заявіў:

– Намеснік галоўнага ўрача не можа быць беспартыйным!

Мой адказ не прымусіў сябе доўга чакаць:

– А прызначэнню на гэтую пасаду мая беспартыйнасць не замінала?

Яшчэ пару месяцаў працягваліся нашы млявыя перамовы. Кожны раз я знаходзіла чарговыя непераканаўчыя прычыны, часам – з катэгорыі “Наўмысна не прыдумаеш”.
Не меркавала, што адна з іх прагучыць на гадавым выніковым сходзе гарадской бальніцы ў прысутнасці прадстаўніка гаркама партыі. На пытанне другога сакратара, чаму так марудна папаўняюцца шэрагі камуністаў лячэбнай установы, сакратар партарганізацыі адказаў:

– Я многім прапаноўваў, ніхто не хоча.

Сакратар гаркама не магла дапусціць такой прафанацыі партыі і, імкнучыся выйграць час для падрыхтоўкі выкрывальнай прамовы, пацікавілася:

– А каму канкрэтна Вы прапаноўвалі?

Намеснікі галоўнага ўрача і “іншыя афіцыйныя асобы” размяшчаліся ў пярэдніх шэрагах аўдыторыі; погляд партыйнага лідэра спыніўся на мне.
 
– А вось, напрыклад, Фурс!

– И што яна адказала?

– Яна адказала, што муж ёй сказаў – ці я, ці партыя!

– І што?

– Яна выбрала мужа!

Апошняя фраза патанула ў гамерычным смеху. Сергель Яраслаў, загадчык аддзялення бальніцы, напаўголаса пракаментаваў:

– Так, у пачуцці гумару Фурс не адмовіш!

Вось чаму ва ўсіх анкетах я сумленна магу пісаць: не была, не ўдзельнічала, не складалася, не прыцягвалася.

Частка другая: http://proza.ru/2026/04/25/798


Рецензии
Вечера доброго, уважаемая Нелли!

Знаете, это, наверное, извечная проблема всех молодых специалистов, поступающих на новое место работы - взаимодействие со, скажем так, младшим персоналом, имеющим, в ряде случаев внушительный стаж работы...
С одной стороны, опыт на стороне, так сказать, старожилов, с другой, статус принуждает соблюдать субординацию, и выдержать правильную линию поведения при таком раскладе удается далеко не каждому.
Ну, а что до вступления в члены партии, тут, наверное, очень многое зависело от отношения самого человека... Увы, как ни печально это признавать, во многих случаях, подобное, уж прошу прощения, членство, рассматривалось исключительно, как возможность сделать карьеру. И, как мне кажется, к концу восьмидесятых это стало ясно всем, кроме, наверное, самих членов Политбюро...

Кстати, по поводу собраний, на которых присутствуют только партийные, вспоминается дрейф знаменитой "Папанинской" четверки на станции "Северный полюс - 1".
Из всех участников экспедиции беспартийным был только радист Кренкель, коему во время партийных собраний приходилось покидать палатку и мерзнуть на морозе и ветру.
Так что Ваш случай выглядит просто пустяковым... Улыбаюсь...

С глубочайшим уважением,

Сергей Макаров Юс   25.04.2026 17:21     Заявить о нарушении