Цюнiнг
----------------------
Цюнінг
Маёй знаёмай пад саракоўку.
Выглядае на дваццатку. Вусны, клубы. Файны прыкід.
Усё гэта дзякуючы жорсткай барацьбе на выжыванне. Быць прыгожай, запатрабаванай. Быць у трэндзе, ці, як у нас казалі, у струмені.
Яна ўсё яшчэ спрабуе, патрапіць у струмень, дачушка простых савецкіх інжынераў, і сама з тэхнічнай адукацыяй.
Але трэба быць, адпавядаць. Спортзала. Вандроўкі на Балі, Дубай, галопам аб’езджана ўся Эўропа. Зроблены мільён фатаграфій. Выдаткаваны на трэнінгі і псіхааналіз вар’яцкія грошы.
Зараз яна трэці раз сябе цюнінгуе па крузе. Усе сістэмы павінны выглядаць і функцыянаваць не супер-пупер, а хоць бы здавальняюча.
Бо ўсё жыццё на дыетах, таблетках і дзівосных БАДах.
І ўсё б добра, толькі вось мозг не апгрэйдзіш гвалтоўна. Мозг ён не дурны, ён жа сам па сабе.
Сышоў апошні мужчына.
Дзяцей няма.
Ёсць кватэра, чырвоны БээНВэ і сумны сабакен.
І ўжо набыты квіток у новы круіз.
А мне прыйдзецца два тыдні прыезжаць і глядзець сумнага бультэр'ера Лакі.
Таму што я і ёсць , той самы апошні мужчына.
Свидетельство о публикации №226043001701