Откровение апостола Иоанна. ч. 2

• Ісус Хрыстос і сьвет (4:1-16:21).

Мы ўжо ўбачылі зварот Ісуса Хрыста да сямі цэркваў. І гэтыя пасланьні ня простыя, бо гэта ня проста гістарычная даведка, а зьвестка, якая нясе ў сабе вельмі глыбокі сэнс. Розны характар, як і накіраванасьць да служэньня Госпаду – гэта даволі дакладнае адлюстраваньне сучасных хрысьціянскіх цэркваў. Мы ёсьць сьведкі таго, што сучасныя цэрквы, як і тады, падзяляюцца на тых, хто, нягледзячы ня нейкую недасканаласьць, служыць аддана Госпаду, як і на тых, хто робіць для гэтага прыстойны зьнешні выгляд.

Суд над Фіятырый і Сардысам яшчэ ня зьдзейсьніўся. Гэта будзе толькі тады, калі Ісус Хрыстос ужо ня будзе зносіцца з цэрквамі, бо мы бачым Госпада нашага, як Ягня сярод дваццаці чатырох пасадаў, з якіх сьвятыя заклікаюць да Яго: «Ты варты, Госпадзе, прыняць славу і гонар і сілу» (Адк 4:11).

Да гэтага часу, погляд Яна быў накірованы на тое, што ёсьць на зямлі. Але зараз ён накіроўвае свой погляд на неба. І гэта таму, што нашае будучае мае разьвіцьцё не на зямлі, але на небе. Менавіта там даецца накірунак усім падзеям, якія небазьбежна будуць прынятыя гэтым сьветам. Ян ня проста глядзеў у неба. Ён убачыў Госпада, Які казаў яму: «Узыйдзі сюды, і пакажу табе, што мае быць пасьля гэтага» (Адк 4:1). Што ж хоча Госпад праз апостала Яна паказаць усім нам?


Пасад ласкі Божай, які ў далейшым павінен ператварыцца ў пасад суду: «Калі гаспадар дома ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы знадворку, пачняце стукаць у дзьверы і казаць: “Госпадзе! Адчыні нам”, але Ён скажа вам у адказ: “Ня ведаю вас, адкуль вы”, тады пачняце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых вучыў Ты”. Але Ён скажа: “Кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду”. Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выгнанцамі» (Лук 13:25-28).

Менавіта на гэта Бог хоча зьвярнуць увагу апостала Яна. На пасад суду, як усталяваньне новага парадку: «І з пасада зыходзілі маланкі і грымоты і галасы, і сем сьветачаў вогненных гарэлі перад пасадам, якія ёсьць сем духаў Божых» (Адк 4:5).

Бо сем вогненных сьветачаў – гэта эмблема вайны, а сем духаў Божых – гэта паўната Сьвятога Духа, Які ўзброіўся на ворагаў Ісуса Хрыста, каб судзіць сьвет: «Тады тыя, што засталіся на Сыёне і ацалелі ў Ерусаліме, назавуцца сьвятымі, усе запісаныя ў кнігу на жыцьцё ў Ерусаліме, калі Госпад абмые бруд дачок Сыёна і ачысьціць кроў Ерусаліма з асяродзьдзя яго духам суду і духам агню» (Іс 4:3-4).

Засяродзім сваю ўвагу на гэтым выказваньні прарока Ісаі, бо напрыканцы кнігі Адкрыцьця мы ўбачым, што ёсьць той новы і сапраўдны Ерусалім.

Першы погляд Яна на небе засьведчыў пастаўлены там пасад. Але ня проста пасад, а пасад Таго, Хто сядзеў на ім, трымаючы ў руках кнігу ці кніжны сьвітак. Што ж гэта за кніга і чаму яна прываблівае нас сваёй увагаю? Ці не таму, што ніхто ў сьвеце ня здольны разгарнуць яе: «І ніхто ня мог, ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю, разгарнуць гэтую кнігу, ні зірнуць на яе» (Адк 5:3).

Акрамя аднаго. Бога, Які адкрыўся нам у Ісусе Хрысьце: «І Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы Таго, Хто сядзеў на пасадзе» (Адк 5:7).

Слова «амэн» – вялікае слова, бо вялікае славаслоўе закончваецца там дзе яно і пачалося. Ці ёсьць такое ў сьвеце? Няма. Але ў нашым выпадку гэта так, бо Ягня ўзяў сьвет у валоданьне: «І кожнае стварэньне, якое ёсьць на небе і на зямлі, і пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, чуў я, казала: Таму, Хто сядзіць на пасадзе, і Ягняці дабраславеньне і гонар, і слава і сіла на векі вечныя! І чатыры жывыя істоты казалі: амэн! І дваццаць чатыры старцы пакланіліся Таму, Хто жыве ва векі вечныя» (Адк 5:13-14).

Трэба славіць Госпада ў самай поўнай меры, бо хто мы такія, што холадна ці нават толькі цёпла ставімся да гэтага? Кожнае стварэньне зямлі кажа нам пра тое, што ўсё можа здарыцца ў любы момант, бо ў Госпада ўсё напагатове. А ў нас?

Мы бачым далей тры рады з сямі падзеяў: Здыманьне сямі пячатак (5:1-8:1); Гук сямі трубаў (8:2-9:21); Выліваньне сямі чараў гневу Божага (15:1-16:21).

Кожная пячатка, кожная труба, як і кожная чара - гэта сымбалічнае апісаньне падзеяў, якія павінны быць зьдзейсьненымі на гэтай зямлі. Але перад тым, як загучаць трубы, мы сустракаем успамін пра два народы. Спачатку дванаццаць тысяч прадстаўнікоў з кожнага калена Ізраіля, якім накладаюцца умоўныя пячаткі на іхнія ілбы, каб яны не загінулі ад той шкоды, якая прыйдзе на зямлю і на мора. А потым другі народ, які ёсьць мноства збаўленых ад ўсіх іншых зямных народаў і якія прыйшлі ад скрухі, ачысьціўшы сэрца сваё Крывёю Ісуса Хрыста. Але ўсё па парадку.

«І ўбачыў я ў правіцы ў Таго, Хто сядзіць на пасадзе, кнігу, напісаную ў сярэдзіне і звонку, запячатаную на сем пячатак. І ўбачыў я анёла магутнага, які абвяшчаў гучным голасам: хто варты разгарнуць гэтую кнігу і зьняць пячаткі з яе? І ніхто ня мог, ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю, разгарнуць гэтую кнігу і зьняць пячаткі з яе. І я моцна плакаў па тым, што не знайшлося вартага разгарнуць і чытаць гэтую кнігу, і нават зірнуць у яе. І адзін старац сказаў мне: ня плач, вось, леў з калена Юдавага, корань Давідаў, перамог і можа разгарнуць гэтую кнігу і зьняць сем пячатак яе» (Адк 5:1-5).

Кніга ў руцэ Бога ўяўляе Ягоны план адносна ўсёй гісторыі чалавецтва і таму гісторыя – гэта не выпадковая сувязь падзей і здарэньняў. Увесь ход будучых падзеяў і ўсё разьвіцьцё будучых вякоў прадвызначаныя Богам. Так кажа Стары Запавет: «Я ўзьвяшчаю на пачатку, што будзе ў канцы, і ад старадаўніх часін тое, што яшчэ не зрабілася, кажу: Мая рада адбудзецца, і ўсё, што Мне заўгодна, Я зраблю» (Іс 46:10).

Таксама і Новым Запавеце мы бачым пра непарушнасьць плану Божага: «Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя» (Дзеі 15:18).

І зараз пачынаецца тое, што павінна здарыцца на зямлі пасьля зьняцьця пячатак з кнігі жыцьця гэтага сьвету. Заваёвы імперый і іхняе разбурэньне, безлічныя ваенныя канфлікты, голад і сьмяротнаносныя эпідэміі. Гэта тое, што прарок Езэкііль называе чатырмя язвамі (меч, голад, мор і зьвяры зямлі). Менавіта гэта адкрывае нам кніга Госпада пасьля зьняцьця першых чатырох пячатак. Пятая ж пячатка адкрывае нам енк пацярпелых дзяцей Божых ня толькі ад гэтых язваў, але і забітых за Слова Божае ды за сьведчаньні, якія яны мелі ад Госпада.

Бог дае ім белае адзеньне праведнасьці і супакойвае іх да Свайго другога прышэсьця: «І дадзена было кожнаму з іх адзеньне белае, і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік» (Адк 6:11).

Мы ведаем з гісторыі існаваньне і разбурэньне розных імперый. Яны існуюць і пад час сёняшні. З усіх бакоў зямлі мы чуем навіны пра шматлікія ваенныя канфлікты і тэрарыстычныя акты. Фінансавыя сістэмы сьвету таксама працуюць на зьнішчэньне адна адной. Хваробы сусьветнага памеру ўзьнікаюць адна за адной. Значная частка людзей кожны дзень памірае ад голаду. Хрысьціянаў перасьледавалі заўсёды і гэта ня скончылася ў наш час, як ня скончыцца і ў будучым. Але сьвятое Эвангельле Ісуса Хрыста будзе працягваць сваё шэсьце, каб многія і многія грэшнікі атрымалі збаўленьне і жыцьцё вечнае.

Гэта сучасная рэчаіснасьць. І тое, што мы бачым сёньня ў сьвеце – гэта тое адкрытае нам Госпадам, калі Ён зьняў пяць пячатак з кнігі жыцьця. І вось, шостая пячатка паказвае нам вялікую будучую катастрофу, калі ўзрушацца ўсе структуры грамадзтва і будуць пакараныя ўсе вялікія і малыя гэтага сьвету: «І валадары зямныя і вяльможы, і багатыя і тысячнікі і моцныя, і кожны раб і кожны вольнік схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор, і кажуць гарам і камяням: упадзеце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на пасадзе, і ад гневу Госпадавага; бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа выстаяць?» (Адкр 6:15-17).

Але той, хто хаваецца ад гневу Божага хай ведае, што гэта яшчэ ня суд, а толькі папярэдняе пакараньне перад сапраўдным судом Божым.

Хто ж гэтыя людзі, што так хаваюцца ад гневу Божага? Усё бязбожнае чалавецтва. Менавіта яны павінны зразумець, што адносная стабільнасьць гэтага сьвету – гэта ня што іншае як самападман. Сьвет заслугоўвае пагібелі і ён загіне. І гэтыя катастрафічныя падзеі толькі папярэджаньні, ніяк не параўнальныя з тым жахам, які адбудзецца ў апошні дзень.

Дзень пагібелі спасьцігне і дыктатараў і дэмакратаў. Як і людзей «незалежных і вольных», якія лічаць, што яны нікому і нічога не абавязаны. Але што аб’ядноўвае гэтых людзей? Адказ вельмі просты. Усе яны не прынялі Госпада Ісуса Хрыста. Няхай ніхто ня думае, што багацьце ці беднасьць выратуе і дасьць бясьпеку. Зноў гэта самападман, бо Бог глядзіць на стан сэрца чалавека, а не стан чалавека ў грамадзтве.


«Бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа выстаяць?»

Пытаньне да кожнага чалавека. Адказ на гэтае пытаньне дае нам ужо Стары Запавет праз словы прарока Госпада Ёіля: «І будзе: кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца; бо на гары Сыёне і ў Ерусаліме будзе ратунак, як сказаў Госпад, і ў астатніх, якіх пакліча Госпад» (Ёіль 2:32).

Такім чынам, выстаяць тыя, хто мае на чале сваім пячатку Бога жывога: «Сто сорак чатыры тысячы з усіх каленаў сыноў Ізраілевых»; «Вялікае мноства людзей, якога ніхто ня мог палічыць, з усіх плямёнаў і народаў і родаў стаяла перад пасадам і перад Ягнём у белым адзеньні»; «Яны абмылі вопратку сваю і абялілі вопратку сваю Крывёю Ягняці» (Адк 7:4; 7:9; 7:14).

Выстаяць веруючыя. Яны ў поўнай бясьпецы і ў іх няма падставаў для страху. Лічбу 144000 ня сьлед разумець літаральна, бо яна сымбалізуе ўсіх тых, хто прыналежыць Богу праз веру ў Госпада Ісуса Хрыста: «І глянуў я, і вось, Ягня стаіць не гары Сыёне, і з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца напісана на лобе»; «Яны сьпяваюць быццам новы сьпеў перад пасадам і перад чатырмя жывымі істотамі і старцамі; і ніхто ня мог навучыцца гэтаму сьпеву, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых у зямлі» (Адк 14:1; 3).

Мы будзем стаяць перад пасадам Бога, а гэта азначае, што паміж намі і Госпадам ужо ня будзе ніякіх перашкодаў. Мы ня будзем ведаць ні голада ні смагі. Ніколі мы не адчуем таго, што нам нечага не хапае, бо ў нас будзе ўсё, што мы жадаем і мы будзем жадаць усяго, што ў нас будзе. Целы нашыя будуць дасканалыя, а грахі назаўсёды зьнішчаныя. Сэрцы ж нашыя будуць адданыя Таму, Каму прыналежаць нябёсы, а нашым грамадзтвам будзе Ісус Хрыстос з усімі сьвятымі.

Мы будзем пазбаўлены смутку, якога хапае нам у гэтым сьвеце. Госпад пазбавіць нас ня толькі ад смутку, але і ад самой магчымасьці такога, бо ўсякая сьлязіна будзе сьцёртая з вачэй нашых. Ісус Хрыстос будзе з намі, а гэта азначае, што мы будзем жыць у самога вытока духоўнага жыцьця і дабраславеньняў.

Шостая пячатка падгатавала нас да другога прышэсьця Ісуса Хрыста. І вось мы бачым, што Госпад здымае сёмую пячатку: «І калі Ён зьняў сёмую пячатку, маўчаньне паўстала на небе як бы на поўгадзіны. І ўгледзеў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам; і дадзена ім сем трубаў» (Адк 8:1-2).

Што ж гэта за «маўчаньне», якое паўстала на небе. Зноў зьвернемся да старога Запавета: «А Госпад – у сьвятым храме Сваім: хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго» (Аб 2:20). Гэта маўчаньне страха перад Госпадам. Маўчаньне сьвету ў чаканьні жахлівых судоў, якія павінны прыйсьці пад гукі сямі трубаў дадзеных анёлам.

Але перад тым як пачуць гук першай трубы, зьвернем увагу на іншага анёла, які сваім дзеяньнем дае нам разуменьне асноўных прынцыпаў малітвы: «І прыйшоў іншы анёл і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатое кадзіла; і дадзена было яму багата фіміяму, каб ён з малітвамі ўсіх сьвятых усклаў яго на залаты ахвярнік перад пасадам. І ўзьнёсься дым фіміяму з малітвамі сьвятых ад рукі анёла перад Богам. І ўзяў анёл кадзіла, і напоўніў яго жарам з ахвярніка, і кінуў на зямлю: і ўчыніліся галасы і грамы, і маланкі і землятрусы» (Адк 8:3-5).

Тэма гэтых вершаў – «малітвы ўсіх сьвятых». Узьнікае пытаньне: «Хто ёсьць сьвяты?» Асобна абраныя памёрлыя людзі? Біблія кажа пра іншае. «Сьвятыя» - гэта адно з новазапаветных назваў хрысьціян: «Царкве Божай, якая ў Карынце, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас» (1 Кар 1:2). Якія ж яны, гэтыя прынцыпы малітвы?

Хрысьціяніну дадзена вялікае права маліцца. І таму малітва павінна займаць цэнтральнае месца ў жыцьці веруючага, бо гэтае ягонае права здабытае Ісусам Хрыстом на Крыжы. Дзякуючы Ягонай сьмерці мы і маем такую цудоўную магчымасьць доступу да Сьвятога Бога.

Хрысьціяніну абяцана вялікая дапамога ў малітве. Апостал Ян сымбалічна паказвае нам залаты ахвярнік, ад якога ўзносіцца да Госпада дым фіміяму. Менавіта фіміям робіць малітвы дастойнымі таго, каб быць прадстаўленым Богу. Гэта азначае, што кожнаму веруючаму, каб яны правільна маліліся, абяцана вялікая дапамога: хадайніцтва Духа Сьвятога і хадайніцтва Госпада Ісуса Хрыста: «Гэтак сама і Дух мацуе нас у нямогласьцях нашых; бо мы ня ведаем, за што маліцца, як трэба, а Сам Дух заступаецца за нас уздыханьнямі нявымоўнымі. А Той Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён рупіцца за сьвятых, па волі Божай»; «Хто асуджае? Хрыстос Ісус памёр, але і ўваскрос: Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас» (Рым 8:26-27; 34).

Хрысьціяніну гарантаваны вялікі адказ на малітву. Гэта не перабольшваньне, калі ў малітве мы праслаўляем Госпада і калі малітва наша адпавядае Божай волі. Малітвы прынятыя на нябёсах вырабляюць вялікія зьмены на зямлі: «І ўчыніліся галасы і грамы, і маланкі і землятрусы». Нічога дзіўнага незвычайнага тут няма, бо калі мы заклікаем да Бога, каб Ён абараніў Сваё імя, адпомсьціў ворагам Сваім і славячы Сваіх сьвятых усталяваў Сваё Валадарства, дык варта чакаць менавіта такіх адказаў. І мы бачым, што пячаткі, трубы і чары сымбалізуюць такія вось радыкальныя дзеяньні Госпада. Таму мы ўпэўнена можам сказаць: «Наш Бог – гэта Бог, Які чуе нашыя малітвы і адказвае на іх».

І вось трубы ў руках анёлаў. Першыя чатыры трубы, як і першыя чатыры пячаткі цесна злучаны адзін з адным, а паміж гукам шостай трубы і гукам сёмай мы зноў знаходзім атступ. Трэба разумець, што трубы, як і пячаткі, сымбалізуюць заўсёдныя дзеі Бога ў сьвеце, які Ён стварыў і якім Ён кіруе. І мы бачым, што суды Божыя становяцца ўсё больш жорсткімі па меры набліжэньня дню другога прышэсьця Ісуса Хрыста.

Першыя чатыры трубы маюць непасрэдныя адносіны да відзьмага сусьвету. Патокі граду і агню перамешаныя з крывёю зьнішчаюць расьліны зямлі. Потым сьмерць рыб і марскіх жывёлін, а таксама пагібель марскіх караблёў. Наступная параза дасягае рэк, азёраў, каналаў і вадасховішчаў. Яны будуць атручанымі і забруджанымі. Далей парушыцца функціянаваньне нябесных сьвяцілаў. Яркасьць сонечнага сьвятла паменьшыцца і будзе зьяўляцца цемра. Усе гэтыя зьявы павінны напужаць людзей, прымусіць іх убачыць сілу Госпада і таму шукаць Яго.

Пятая труба анёла гукам сваім адрывае нам дзіўную зьяву, падобную на пакараньне Егіпта: «Пяты анёл затрубіў, і ўгледзеў я зорку, што ўпала з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ да калодзежа бездані: яна адамкнула калодзеж, як дым з вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа. І з дыму выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй была ўлада, якую маюць зямныя скарпіёны. І сказана было ёй, каб не чыніла шкоды траве зямной, і ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць Божай пячаткі на лобе сваім» (Адк 9:1-4). Гэта ёсьць вельмі важны момант у відзежы апостала Яна і таму мы павінна крыху засяродзіць на гэтам сваю ўвагу.

Што ёсьць зорка, якая ўпала на зямлю і якой быў дадзены ключ ад калодзежа бездані? Зьвернемся да Звангельля паводле Лукі, дзе Ісус Хрыстос кажа вучням Сваім: «Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як маланка» (Лук 10:18). Зыходзячы з гэтага мы разумеем, што менавіта д’ябал адкрывае гэтую бездань, з якой выходзіць дым, а з дыму саранча на чале са сваім валадаром Апальліёнам, што па грэцку азначае «згубіцель». У адрозьненьні ад саранчы егіпецкай, гэтая саранча не чапае расьлінны сьвет, але значна шкодзіць тым, хто не прымае Ісуса Хрыста.

Але каго сымбалізуе гэтая саранча? Яна сымбалізуе бязбожных анёлаў, якія знаходзіліся ў гэтай бездані. Мы ня ведаем дакладна колькі анёлаў адпала разам з д’яблам ад Госпада, але Пісаньне кажа, што колькасьць іх даволі шматлікая. Яны пакуль не пакараныя цалкам, бо гэта здарыцца ў апошні дзень, калі яны будуць кінутыя вечны агонь: «Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: “Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным”» (Мац 25:41).

Розныя скрухі; жахлівыя хваробы, якія адразу не забіваюць, але нясуць боль і пакуты; розныя заманлівыя філасофіі, якія прапануюць чалавеку мімалётныя грахоўныя асалоды, якія пакідаюць пасьля сябе хваробы і спусташэньне сэрца; спакусы славалюбства і посьпеху сьвету як часовае шчасьце, якое чалавек рана ці позна ўсё роўна губляе і таму азлабляецца ці ўпадае ў дэпрэсіўны стан – вось некаторыя наступствы гука пятай трубы. А за гэтым крочыць іншае «гора», якое нясе гук шостай трубы.

«Адно гора прайшло; вось, ідуць за ім яшчэ два горы. Шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога ахвярніка, што стаяў прад Богам, які (голас) казаў шостаму анёлу, што меў трубу: вызвалі чатырох анёлаў, зьвязаных каля вялікай ракі Эўфрат. І вызвалены былі чатыры анёлы, падрыхтаваныя на дзень, і гадзіну, і месяц, і год, каб умярцьвіць траціну людзей» (Адк 9:12-15).

Дзеяньні гэтых анёлаў – гэта вайна чалавецтва, войска якога сымбалічна налічвае 2оо мільёнаў ваяроў. Мы бачым карціну вайны. Агульнай вайны: мінулай, цяперашняга часу і будучай, як разгул сьмерці і як вялікае жахлівае зло, якое зьнішчыць траціну людзей на гэтай зямлі.

Прагрымелі шэсьць труб анёлаў Госпадавых і пасьля кожнай трубы мы ўбачылі розныя катастрофы і няшчасьці. Але што дае нам гэты відзеж апостала Яна? Якую практычную карысьць дае ўсё гэта ўбачанае чалавеку? Вельмі вялікую. Мы пачынаем разумець, што толькі Біблія дае нам сапраўднае разуменьне сэнсу ўсіх гістарычных падзеяў, якія былі ёсьць і будуць у гэтым сьвеце.

Мы пачынаем разумець, што зло мае велізарную ўладу над чалавекам. Менавіта зло падштурхоўвае чалавека гуляцца з грэхам і насаджае грамадзтву праз інфармацыйныя сродкі падман, гвалт і распусту. Д’ябал праз сваю саранчу актыўна дзейнічае ў сэрцах людзей, накіроўваючы іх розум у рэчышча грэху. Мы пачынаем усьведамляць, што сэрца чалавека цалкам сапсаванае, як і кажа прарок Ерамія: «Падступнае сэрца чалавечае найбольш і да краю сапсаванае; хто спазнае яго? Я, Госпад, пранікаю ў сэрца і выпрабоўваю ўсярэдзіне, каб даць кожнаму паводле шляху ягонага і паводле плёну дзеяў ягоных» (Ерам 17:9-10).

Але Бог доўга церпіць бунтуючых грэшнікаў. Вялікае цярпеньне Госпада, Які не паклаў яшчэ канец усякаму злу. Ён яшчэ папярэджвае гэты сьвет. Эвангельле Ісуса Хрыста яшчэ заклікае грэшнікаў зьвярнуцца да Бога ў пакаяньні і гэта можна патлумачыць толькі адным: «Ты – Бог добры і міласэрны, шматцярплівы і шматлітасьцівы, і шкадуеш за бедства» (Ёна 4:2).

Але аднойчы цярпеньню Бога прыйдзе канец. Дзень спрыяльнасьці скончыцца і дзьвер жыцьця зачыніцца назаўсёды, а грэшнікі будуць асуджаны навечна. Такая вось сумная гісторыя асуды бязбожнікаў. Тыя ж, хто прыналежыць Госпаду не павінен баяцца, бо яны нясуць на сябе пячатку Божай уласнасьці і абароны. Зразумела, што некаторыя ўсеагульныя пакараньні крануцца і хрысьціянаў, але трэба памятаць пра тое, што духоўнае Валадарства Ісуса Хрыста – непаражальнае і жыцьцё нашае аб’ядналася з Хрыстом у Боге.

Як мы ўжо казалі, паміж гукамі шостай і сёмай трубой адбываецца дзіўная падзея. Моцны анёл трымае ў руцэ аткрытую кнігу, якую потым зьядае апостал Ян: «У руцэ ў яго была кніжка разгорнутая. І паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую на зямлю» (Адк 10:2).

Постаць анёла сымбалізуе абсалютную ўладу Госпада над усім сьветам. Як на моры, так і на зямлі. Голас Божы загадвае Яну ўзяць гэтую кнігу: «І я пайшоў да анёла і сказаў яму: дай мне кніжку. Ён сказаў мне: вазьмі і зьеж яе; яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд» (Адк 10:9).

Дык што гэта за кніга, якую павінен быў зьесьці і якую зьеў апостал Ян? На гэтае пытаньне адказаць ня цяжка. У тыя часы кнігай называўся звычайны сьвітак з нейкім запісаным тэкстам. Сьвітак жа (кніга) апостала Яна – гэта Слова Божае, таямніца збаўленьня, якая адкрываецца ў Эвангельлі для збаўленьня грэшнага чалавека.

Яну загадана: «Вазьмі і зьеш яе». Што гэта азначае? Толькі тое, што хрысьціяніну недастаткова ведаць Пісаньне, як падручнік гісторыі. Недастаткова слухаць Эвангельле, ведаць факты пра Ісуса Хрыста і ўдзельнічаць у нейкіх царкоўных абрадах, бо ўсё гэта толькі павярхоўны дотык да Слова Божага. Трэба ўнутрана засвоіць Эвангельле, зрабіўшы яго неадемнай часткаю нас саміх.

Эвангельле нам трэба «зьесьці», як зьеў кнігу апостал Ян, каб усялялася ў сэрцы Слова Ісуса Хрыста: «Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада» (Кал 3:16).

Неабходна, каб Эвангельле Ісуса Хрыста зьмяніла нас знутры, зрабіўшы нас новым стварэньнем: «Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытае мінула, цяпер усё новае» (2 Кар 5:17). «Вазьмі і зьеш яе» - гэта азначае прыняць Эвангельле і Таго, Каго яно абвяшчае.

«Яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд». Кожны веруючы ведае, што як толькі будзе «зьедзена» Эвангельле, дык безумоўна будзе адчуваньне салодкага і горкага. Самое Эвангельле вельмі салодкае для смаку веры. І сапраўды, мы адчуваем салодкае захапленьне, калі вызнаем, што нашыя грахі прабачаныя, што мы апраўданыя перад Богам і напоўненыя Сьвятым Духам. Кожны веруючы можа сказаць прыкладна так: «Як яблыня сярод лясных дрэў – каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады яе рот мне салодзяць» (Песн 2:3).

Але тое ж самае Эвангельле можа быць вельмі горкім. І гэта часьцей за ўсё, бо яно патрабуе ад веруючага самаадмаўленьня. Горыч Эвангельля выяўляецца ў тым, што мы штодня павінны весьці барацьбу з жывучым у нас грахом, а таксама і зьнешнімі спакусамі гэтага сьвету. І гэта яшчэ ня ўсё, бо сьвет актыўна супрацівіцца Ісусу Хрысту, а значыць і Эвангельлю.

Яшчэ не прагучала сёмая труба і пакуль дадзена Яну новае даручэньне: «Устань, абмерай храм Божы і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ім; а зьнешні двор храма выключы і не абмярай яго, бо ён дадзены паганам: яны будуць таптаць сьвяты горад сорак два месяцы» (Адк 11:1-2). Гэтая частка кнігі Адкрыцьця (да сёмай трубы) – вельмі важная частка, якая, дарэчы, даволі цяжкая для разуменьня і тлумачэньня. Але будзем цярплівыя і Госпад адкрые нам гэтую праўду.

Ян павінен быў абмераць «храм Божы і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ім». Але навошта быў гэты абмер? І навошта азначаны зьнешні двор храма і сьвяты горад? Усё гэта кажа пра тое, што мы павінны вельмі ўважліва выбіраць падставу для будаўніцтва. І вось чаму. І старазапаветным Ерусаліме былі тры розных аб’екты: горад Ерусалім, зьнешні двор храма і непасрэдна храм.

Новы Запавет мае таксама тры адпаведныя аб’екты: хрысьціянскі сьвет ці ілжэцарква, намінальная царква і сапраўдная Царква Божая – духоўны народ Божы. Сьяты горад Ерусалім – гэта хрысьціянскі сьвет ці тыя людзі, якія адносяць сябе да хрысьціянскай культуры і якія ня маюць веданьня праўды пра Ісуса Хрыста, збаўленьня, асуды за грэх, а таксама пра нябёсы і пекле. Знешні двор храма – гэта намінальная царква, якая прэтэндуе на тое, каб быць сапраўднай царквой, будучы пры гэтым крывадушнай і мітусьлівай. Гэта жыціцы сярод пшаніцы, бо калі яны ідуць разам з народам Божым у Ягоны храм для пакланеньня, яны ніколі не ўваходзяць да ахвярніка, але заўсёды застаюцца на зьнешнім двары.

Дык вось. Ні тыя, хто знаходзіцца ў сьвятым горадзе, ні тыя, хто ў зьнешнім двары не падлягаюць абмеру, бо Бог ня лічыць іх Сваім народам і якія будуць аддадзены на таптаньне паганам – тым, хто не прымае Ісуса Хрыста. Тапатаньне паганаў такіх вось «хрысьціянаў» прывядзе да таго, што тыя, хто прылічваў сябе да хрысьціянскай культуры паступова пяройдуць у асяродзьдзе ворагаў Эвангельля і будуць здабычай розных бязбожных думак і цёмных сіл. А сорак два месяцы гэтага таптаньня – гэта сымбалічная лічба, якая азначае тэмін ад першага да другога прышэсьця Ісуса Хрыста.

«І дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, апранутыя ў верэту» (Адк 11:3). Розныя думкі існуюць на гэтую тэму. Сьведкамі называюць Майсея і Ільлю, Закон і Прарокаў, Стары і Новы Запаветы, Слова і Дух. Але ёсьць і іншы погляд, які кажа пра тое, што два сьведкі – гэта сымбаль сапраўднай Царквы, якая нясе ў сьвет сьведчаньне Эвангельля.

Гэта ня ёсьць рэальныя людзі, але яны патрэбныя для таго, каб азначыць юрыдычна правільныя сьведчаньні: «Па словам двух сьведкаў, альбо трох сьведкаў, павінен памерці засуджаны на сьмерць: нельга аддаваць сьмерці па словах аднаго сьведкі» (2 Зак 17:6).

Сьведкі Божыя апрнутыя ў верэту. Гэта кажа нам пра тое, што вельмі цяжкія ўмовы прызначаны тым, хто будзе несьці ў сьвет Эвангельле Ісуса Хрыста. Будуць забойствы сьведак Хрыста, але будзе і іхняе ўваскрасеньне, калі пасьля другога прышэсьця Ісуса Хрыста ўсё будзе прыгатавана для Божага суду. Для тых, хто не пакаяўся і не прыняў Ісуса Хрыста.

Мы ўбачылі, як прайшоў час паміж шостай і сёмай трубою. І вось ён гук сёмай трубы: «Другое гора прайшло: вось, ідзе неўзабаве трэцяе гора. І сёмы анёл затрубіў, і залуналі на небе гучныя галасы, якія казалі: валадарства сьвету зрабілася Валадарствам Госпада нашага і будзе валадарыць на векі вечныя» (Адк 11:15).

Д’ябал павінен адмовіцца ад свайго валадарства (валадарства сьвету), бо мы бачым адзінага Валадара адзінага Валадарства Божага. І калі гэты дзень настане, народ Божы адчуе ўсю паўнату радасьці, бо ўсе сьвятыя Божыя атрымаюць сваю ўзнагароду. Усе: «малыя і вялікія», знакамітыя і невядомыя, будуць узнагароджаныя жыцьцём вечным у новым Божым Ерусаліме.

У кнізе Адкрыцьця шмат сказана пра канфлікт паміж Царквой і гэтым сьветам. Сьвет заўсёды цісьне на веруючага чалавека, каб ён падпарадкоўваўся яму і жыў па законе сьвету. Ніколі яшчэ не прыпынялася гэтая барацьба, бо Сам Ісус казаў пра гэта: «Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў. Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет» (Ян 15:18-19).

Мы павінны разумець, што барацьба паміж сьветам і Царквой ёсьць ня што іншае, як знешняя праява захванага ад нашых вачэй барацьбы паміж Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і д’яблам. І гэта ня проста вайна, але вайна сусьветнага памеру за праўду Ісуса Хрыста: «Бо нашае змаганьне ня супраць крыві і цела, а супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць светаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супраць духаў злосьці паднябесных» (Эф 6:12).

Мы бачым самога д’ябла ў ягоных дзеяньнях. А дзеяньні д’ябла вельмі канкрэтныя ва ўсе часы ад самога пачатку: ён намагаўся зьнішчыць Ісуса Хрыста у гэтым сьвеце ад нараджэньня; ён шкодзіць Царкве Ісуса Хрыста; ён намагаецца штодзённа шкодзіць кожнаму хрысьціяніну, якія складаюцца ў Царкву Ісуса Хрыста.


Рецензии