Откровение апостола Иоанна. ч. 3
«І другая азнака зьявілася на небе: вось, вялікі чырвоны цмок з сямью галовамі і дзесяцьцю рагамі, і на галовах у яго сем дыядэм; хвост ягоны звалок з неба траціну зорак і кінуў іх на зямлю. Цмок гэты стаў перад жанчынаю, якая мелася радзіць, каб, калі народзіць, зжэрці яе дзіця. І нарадзіла яна дзіця мужчынскага полу, якому належыць пасьвіць усе народы жазлом жалезным; і ўзята было дзіця да Бога і да пасада Ягонага» (Адк 12:3-5).
Вялікі чырвоны цмок – ня што іншае як д’ябал, які спакушае сьвет. Сымбалічныя галовы яго кажуць пра вялікую сілу і веданьне, а дзесяць рагоў пра магчымасьць разбураць і зьнішчаць. Сем дыядэм сымбалізуюць смагу ўлады, а ўспамін пра траціну звалочаных зорак кажа пра тое, што д’ябал мае вельмі шмат памагатых (упаўшых анёлаў). Мы бачым і намер д’ябла – зжэрці Ісуса Хрыста. І гэта пачалося не ад нараджэньня ў сьвеце Хрыста, а значна раней, калі зьмей спакусіўшы да грэху Адама і Еву пачуў ад Госпада Бога: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліцьяго ў пяту» (Быц 3:15).
Як Стары, так і Новы Запавет кажуць пра шматлікія спробы д’ябла не дапусьціць прышэсьця ў сьвет Ісуса Хрыста. Д’ябал схіліў Каіна да забойства Абэля, але нічога ня здольны быў зрабіць з Сіфам і іншымі асобамі радаводу Ісуса Хрыста. Пагібель сьвету пад час патопу таксама не прынёс выніку д’яблу, бо захаваўся праведнік Ной, а з ім семя Хрыста. Мы памятаем, што не спраўдзілася надзея д’ябла, калі Абрагам павінен быў забіць Ісаака як ахвяру Госпаду. Мы бачым, як быў захаваны ад голаду народ Ізраіля ў Егіпце, а потым выведзены Госпадам у зямлю абяцаную. Прыклады можна працягваць і далей, бо ўвесь стары Запавет кажа пра гэта.
Калі ж нарадзіўся Ісус, д’ябал пачаў дзейнічаць праз Ірада, які намагаўся забіць народжанае дзіцяці. Але і тут не атрымалася нічога. Ісус Хрыстос сам узыйшоў на Галгофу, каб памерці за грэшнікаў і ўваскрэснуць на трэці дзень, каб перамагчы сьмерць і даць нам жыцьцё вечнае: «І ўзята было дзіця да Бога і да пасада Ягонага». Д’ябал атрымаў паразу, бо Ісус Хрыстос выканаў місію Свайго першага прышэсьця. А тым больш зараз, калі Хрыстос узьненсены да пасаду Айца, ніякія д’ябальскія дзеі ня здольны хоць як-небудзь нашкодзіць Ісусу Хрысту.
Супраць царквы.
«І раз’юшыўся цмок на жанчыну і пайшоў, каб уступіць у бойку з астатнімі ад насеньня яе, якія захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста» (Адк 12:17).
Атрымаўшы паразу ад Хрыста, д’ябал мае новую мэту – перасьледаваць і зьнішчаць Царкву Ісуса Хрыста (жанчыну). Безумоўна тое, што ён чуў словы Ісуса да Сымона-Пятра: «І Я кажу табе: ты Пётр, і на камяні гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе» (Мац 16:18), але гэта яшчэ толькі больш распаляе д’ябла супраць Царквы Ісуса Хрыста. Мы і бачым гэта сёньня. Шмат якія цэрквы ў некаторых краінах адчуваюць на сабе розныя ганеньні.
Пранікненьне паганства ў цэрквы перашкаджае несьці служэньне ў праўдзе, ды і разьядноўвае хрысьціянскія плыні. Д’ябал зноў і зноў намагаецца таго, каб Царква і сьвет «пасябравалі», сьцьвярджаючы, што ўсе рэлігіі роўныя, што каштоўнасьці сьвету таксама маюць сэнс, што Царква павінна быць прылепленай да дзяржавы, што сэксуальная разбэшчанасьць не такі ўжо і грэх. Можна пералічваць і далей. Д’ябал карыстаецца ўсімі тыпамі падману і хітрасьці, каб прыстасаваць Эвангельле пад грэшнікаў і не дапусьціць праўдзе Божай уваходзіць у сэрца чалавека.
Так, некаторыя справы д’ябла здаюцца сёньня пасьпяховымі, але будзем памятаць словы Хрыста: «Я збудую царкву Маю і брамы пякельныя не адолеюць яе». Таксама і апостал Павал кажа: «Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе, каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова; каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная» (Эф 5:25-27).
Супраць хрысьціяніна. Д’ябал пайшоў на бойку з тымі, хто захоўвае запаведзі Божыя і мае сьведчаньне Ісуса Хрыста. Гэта пра хрысьціянаў. Біблія шмат кажа пра тое, што ў веруючага чалавека ёсьць вялікі вораг – д’ябал. І што з вераю мы можам стойка стаяць супраць яго: «Цьверазейце, чувайце, бо супраціўнік ваш д’ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць; стойце супраць яго цьвёрдаю вераю, ведаючы, што такія самыя цярпеньні выпадаюць і братам вашым у сьвеце» (1 Пят 5:8-9).
Апостал Ян кажа, што д’ябал – гэта вялікі вораг. І таму мы павінны разумець, што вялікая і ўлада яго ў гэтым сьвеце. Мы бачым Яна, які праз відзеж кажа пра дзьвух жахлівых зьвяроў. Адзін з іх выйшаў з мора, а другі з зямлі. Мы можам з упэўненасьцю сказаць, што першы зьвер сымбалізуе ўладу д’ябла над уладамі сьвету, а другі – гэта сымбаль скажонага хрысьціянства. І яшчэ можна з упэўненасьцю сказаць, што гэтыя жахлівыя зьвяры даволі цесна супрацоўнічаюць на карысьць свайго гаспадара – д’ябла. Калі з першым зьверам, што з мора, усё даволі зразумела, дык з другім зверам ня ўсё так проста: «І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў з зямлі: ён меў два рагі, падобныя да Ягнячых, і гаварыў, як цмок» (Адк 13:11).
Выразны падман, бо гэта – воўк у ягнячай скуры. Апостал Павал менавіта пра гэта і кажа: «Бо такія ілжэапосталы, падступныя работнікі, што ўдаюць з сябе апосталаў Хрыстовых. І якое тут дзіва: бо сам д’ябал строіць з сябе анёла сьвятла, а таму не вялікае нешта, калі і слугі ягоныя ўдаюць зь сябе слуг праведнасьці; але канец іхні будзе паводле дзеяў іхніх» (2 Кар 11:13-15).
Ці ня бачым мы ўсё гэта на свае ўласныя вочы? Ці ня бачым мы цэрквы, якія прыслугоўваюць дзяржаве (першаму зьверу) і харчуюцца ад яе? Ці ня бачым мы стаўленьне «аўтарытэту» царквы вышэй за Сьвятое Пісаньне, каб прыдумляць тое, чаго ў Бібліі наогул няма, выдаючы гэта за Божую праўду? Ці ня бачым мы тых, хто заклікае да прымірэньня з Богам з дапамогай дзевы Марыі, шматлікіх памерлых «сьвятых» і дзеючых сьвятароў?
Можна пералічваць яшчэ і яшчэ. Мы прыпынімся на гэтым, але будзем цьвёрда ведаць, што ўсе, хто пакланяецца гэтаму зьверу, прыналежаць да валадарства цемры і такім чынам удзельнічаюць у злых справах, а таму яны падзеляць вечныя пакуты з тым, каму яны па сутнасьці і прыналежаць. З д’яблам.
«І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне»; «І глянуў я, і вось сьветлае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага; на галаве ў Яго залаты вянок, і ў рэцэ ў Яго востры серп» (Адк 14:1; 14).
Мы бачым, па-першае, Госпада Ісуса Хрыста, як Збаўцу, Які ахвяраваў Сябе і Сваёй Крывёю выкупіў нас для Бога. А па-другое, мы бачым Ісуса Хрыста ня як Збаўцу, але як Судзьдзю. Востры серп – гэта пакараньне і гнеў Божы. А хто можа ўстоіць супраць гэтага?
Мы ўжо чыталі пра зьняцьце сямі пячаткаў і пра сем гучаньняў труб анёлаў Божых. І вось зараз гнеў Божы выліваецца па чарзе праз анёлаў з сямі чараў на гэты грэшны сьвет. Гэтыя сем чараў можна падзяліць на чатыры і тры. Першыя чатыры маюць адносіны да прыроды, а тры апошнія зьвязаныя з глабальнымі катастрофамі, якія адбудуцца ў апошнія дні. Але зьвернем сваю ўвагу на праліцьцё апошняй чары, якая сымбалізуе апошні суд: «Сёмы анёл выліў чару сваю на паветра: і з храма нябеснага з пасаду пачуўся голас, які сказаў : збылося!» (Адк 16:17).
Зьвернем сваю ўвагу на дзьве рэчы. Першая кажа пра тое, што чара вылілася на паветра, а гэта ў сваю чаргу кажа пра тое, што ўсё загіне. Другая ж рэч – гэта слова збылося. Ці ня чулі мы яго ўжо? Так, чулі ў Эвангельлі паводле Яна: «І калі Ісус, скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух» (Ян 19:30).
Ісус Хрыстос абвесьціў гэтым, што нашае збаўленьне адбылося. Мы кажам пра тых, хто прыйшоў да Хрыста, бо апошняе збылося закрывае гэтую старонку і ніхто больш ужо ня будзе мець такой цудоўнай магчымасьці паверыць і прыйсьці да Яго. І атрымаць збаўленьне.
• Хрыстос і перамога (17:1-2о:15).
«І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, што мелі сем чараў, і, гаворачы са мною, сказаў мне: падыйдзі, я пакажу табе суд над вялікаю блудадзейкаю, што сядзіць на водах многіх; з ёю блудадзеялі валадары зямныя, і віном яе блудадзейства ўпіваліся насельнікі зямлі. І павёў мяне ў духу ў пустыню; і ўгледзеў я жанчыну, якая сядзела на зьверы барвовым, поўным назоваў богазьняважлівых, з сямю галавамі і дзесяцьцю рагамі. І жанчына адзетая была ў парфіру і ў пурпуру, аздобленая золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, і трымала залатую чару ў руцэ сваёй, напоўненую мярзотамі і поскудзьдзю блудадзейства яе; і на лобе ў яе напісана імя: таямніца, Бабілон вялікі, маці блудадзеек і мярзотаў зямных. Бачыў я, што жанчына апоена была крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісусавых» (Адк 17:1-6).
Каго ж сымбалізуе гэтая блудадзейка з назваю: Бабілон вялікі? Існуць розныя погляды на гэта, але асабіста я выбіраю тое, што Бабілон сымбалізуе гэты сьвет з усімі ягонымі спакусамі і злом, які зводзіць чалавека падалей ад Госпада. Але Яну дадзена было ўбачыць суд над блудадзейкаю, а значыць над гэтым сьветам. Бабілон упадзе.
Ён падае ўжо сёньня, бо ці ня бачым мы розныя канфлікты і войны, якія распальваюцца часам на зямлі? Гэта сьвет бунтуе супраць сьвету. Бабілон супраць Бабілона. Тое, што ёсьць сёньня каштоўнасьцю, хутка зьнікае. Плыні моды, музыкі, архітэктуры прыходзяць і ўходзяць. Вядомыя акторы, палітыкі, спартоўцы ўздымаюцца, а потым падаюць. Гэта і ёсьць сапраўдны шлях гэтага сьвету – падзеньне з элементамі самазьнішчэньня.
Што чакае гэты сьвет? Пекла, бо ўсё будзе атабрана і не застанецца нічога, што магло б радаваць у далейшым. Ісус Хрыстос праз Яна адкрывае нам гэта: «І адзін дужы анёл узяў камень, падобны на вялікі жарон, і ўкінуў у мора, кажучы: з такою сілаю будзе павалены Бабілон, вялікі горад, і ўжо ня будзе яго; і галасы гусьляроў і песьняроў, і жалейнікаў і тых, што трубяць у трубы, у табе больш чутныя ня будуць; ня будзе ў табе ўжо ніякага мастака, і шуму ад жорнаў ня будзе ўжо чутна ў табе; і сьвятло сьветача ўжо ня зьявіцца ў табе: бо купцы твае былі вяльможы зямлі, і чарадзействам тваім зьведзены ў зман усе народы. І ў ім знойдзена кроў прарокаў і сьвятых і ўсіх забітых на зямлі» (Адк 18:21-24).
І вось, пасьля гэтых жахлівых падзеяў, да нас зноў выйшла сонца. Дзьве вялікія падзеі паўстаюць перад намі: вясельле Ягняці і Ягоная вялікая перамога над сьветам, які не скарыўся перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. Падкрэсьлім пры гэтым славу, веліч і сілу Госпада Ісуса Хрыста, Які сьвяткуе з народам Божым перамогу над усімі Сваімі ворагамі. Але ўсё па парадку.
Для вясельля безумоўна патрэбны малады. Гэтае слова адсутнічае ў кнізе Адкрыцьця, але мы ведаем, што малады – гэта Ягняці. На вясельлі малады выглядае як Ягняці, што найлепшым чынам адлюстроўвае Ягоны характар, які Сваёй любоўю выклікае ў нашых сэрцах адваротную любоў. На вясельлі павінна быць і маладая: «Парадуймася і ўцешамася і ўзьнясёмце Яму славу; бо настала вясельле Ягняці, і жонкаі Ягоная падрыхтавала сябе. І дадзена было ёй апрануцца ў вісон чысты і сьветлы; а вісон ёсьць праведнасьць сьвятых» (Адк 19:7-8).
Дык вось, маладая для Ягняці – гэта Ягоная Царква, якая, дарэчы, падгатавалася да вясельля, бо апранулася ў вісон чысты і сьветлы, што ёсьць праведнасьцю сьвятых. Гэта азначае, што народ Божы будзе цалкам апрануты ў праведнасьць і сьвятасьць Ісуса Хрыста. І вось вясельле: «І сказаў мне анёл: напішы: дабрашчасьнікі – пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці. І сказаў мне: гэта – сапраўдныя словы Божыя» (Адк 19:9).
Калі казаць пра пакліканых на вясельле Ісуса Хрыста, дык вельмі добра сказаў пра гэта Чарльз Сьперджан: «Мы ня можам казаць, што наш Госпад будзе любіць нас больш, чым Ён любіць нас зараз, але Ён дасьць нам болей Сваёй любові. Ён выявіць яе ў большай ступені, мы ўбачым яе больш. Ён адкрые нам усё Сваё сэрца і душу, з усімі Сваімі пачуцьцямі, усімі таямніцамі, замысламі, і дазволіць нам спазнаць іх настолькі, наколькі мы зможам зразумець іх, і гэта будзе спрыяць нашай радасьці. Любоў таго часу будзе дасканалаю. Вясельны пір будзе часам любові: Збаўца пакажа ўсяму сьвету, што Ён любіць нас да апошняй мяжы, да якой можа дайсьці толькі любоў, і што мы любім Яго з падзякай і захапленьнем. Усё, што Ён прыгатаваў нам для нашай асалоды, вельмі зьдзівіць нас. Уявіце сабе жабрака, які ў першы раз трапіў за валадарскі стол, пры чым пад час незвычайнага сьвята. Як жа зьдзівіцца ён убачанай веліччу і тым дарам, што прыгатаваныя для пакліканых. Пра існаваньне ўсяго гэтага ён і падумаць ня мог! Вось так будзе і з намі на нябёсах. Мы патрапім на пір – на валадарскі пір. Мы адчуем такое захапленьне, якое нам не магло і прысьніцца. Убачанае на нябёсах перавысіць усе нашыя чаканьні. Мы атрымаем прыгатаваныя для нас дары, якія будуць адпавядаць ня нашаму чыну, але чыну Божаму – велічы слаўнага Бога».
А зараз другая падзея – вялікая бітва Ісуса Хрыста супраць Сваіх ворагаў ад гэтага сьвету: «І ўгледзеў я звера і валадароў зямных і войскі іхнія, сабраныя, каб схоплены быў зьвер і з ім ілжэпрарок, што чыніў дзівосы перад ім, якімі ён зьвёў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся ягонай выяве: абодва жыўцом укінуты ў возера огненнае, што гарэла серкай, а астатнія забітыя мечам, што выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі накарміліся іхнімі трупамі» (Адк 19:19-21).
Зьвернем увагу на пагібель зьвера і ілжэпрарока. Ня будзем шукаць у гэтым нейкіх канкрэтных асобаў, але ўбачым у гэтым канец д’ябальшчыны. Прыйдзе час, калі ўсе цёмныя справы д’ябла прыпыняцца, а сам ён загіне ў возеры агню.
Мы зноў вяртаемся да відзежу Яна, які ўбачыў анёла з ключом да бездані і вялікім ланцугом: «Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д’ябал і шатан і скаваў яго на тысячу гадоў, і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час» (Адк 20:2-3).
Скаваны д’ябал – гэта безумоўна сымбаль таго, што з першым прышэсьцем Ісуса Хрыста зьмянілася становішча д’ябла і ягонай дзейнасьці ў гэтым сьвеце. Ісус Хрыстос атрымаў перамогу над д’яблам пад час спакушэньня ў пустыні. Хрыстос перамагаў д’ябла, выганяючы дэманаў з розных людзей. Ён атрымаў перамогу, калі Эвангельле пачало распаўсюджвацца сярод самаранаў і грэкаў таксама, як і юдэям.
Апостал Павал кажа менавіта пра гэта: «А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца – д’ябла» (Геб 2:14).
Такім чынам мы можам зразумець, што д’ябал быў зьвязаны ужо пад час першага прышэсьця Ісуса Хрыста, а сымбалічны час тысячагодзьдзя – гэта як раз той час, у якім жывем і мы з вамі.
Але існуюць пытаньні. Ці сапраўды д’ябал зьвязаны, бо зло існуе ў сьвеце? Ці ня стала ў сьвеце хлусьні і перасьледу хрысьціянаў? А як быць з ілжэцэрквамі і ілжэхрысьціянскімі плынямі? Пытаньні яшчэ можна пералічваць, але адказ мы павінны ведаць, бо гэта вельмі важна для ўсіх нас. Мы ведаем з усяго Пісаньня, што д’ябал - істота вельмі актыўная, але пасьля перамогі Ісуса Хрыста – гэта актыўнасьць сабакі на ланцугу. Дзейнасьць і ўлада д’ябла вельмі абмежаваныя, бо калі б злая сабака не была на ланцугу, дык нашыя справы былі б нашмат гаршэйшыя.
Быць магутным і зьвязаным - гэта адно, а быць магутным і свабодным – гэта нешта іншае. Мы ведаем шмат прыкладаў у гісторыі, калі вялікі злачынца, седзячы ў турме, кіруе з няволі сваімі памагатымі, каб рабіць сваю нячыстую справу. Таксама і з д’яблам, які, будучы зьвязаным, кіруе з няволі безлічонымі дэманамі. І часам вельмі пасьпяхова. Мы разумеем, што сьвет увогуле не становіцца лепшым і што ня ўсе, хто чуе пра Ісуса Хрыста прымаюць Яго, як свайго Госпада і Збаўцу. Але мы ведаем і тое, што ў многіх і многіх сэрцах праўда Эвангельля перамагла хлусьню д’ябла і таму Царква Ісуса Хрыста квітнее ў розных месцах усё больш і больш.
Мы ўбачылі пагляд Яна на зямлю, але вось ён узьняў свае вочы на неба: «І ўгледеў я пасады і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў» (Адк 20:4).
Ян убачыў сапраўдных веруючых, якія былі з Хрыстом і таму былі каля Яго на пасадах, каб прымаць удзел у судзе над гэтым сьветам.
Як кажа Пісаньне, д’ябал будзе вызвалены з бездані на нейкі час, каб атрымаць свой апошні і жахлівы «шанец». І гэты час будзе часам бедства і жалобы для Царквы Ісуса Хрыста. Але будзе і збаўленьне: «І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны. І ўпаў агонь з неба ад Бога і зжэр іх; а д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера огненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя» (Адк 20:8-10).
Ян бачыць судны дзень, які закране ўсіх і кожнага: «Бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых» (Дзеі 17:31). Усё падгатавана для апошняга суду і гэты дзень закране усіх і кожнага.
Джонатан Эдвардс неяк усклікнуў: «Задумайцеся пра тое, што калі нашае жыцьцё ня атрымаецца падарожжам на нябёсы, дык яно будзе падарожжам у пекла». Усім людзям будзе паказана іхняе будучае жыцьцё. Але толькі веруючы чалавек ўбачыць веліч свайго збаўленьня ласкай Божаю, Які ўкрыжаваўся за нас, каб прывесьці нас да Бога.
Свидетельство о публикации №226060201761