Рукатворная прыгажосць. Частка першая
Усведамленне сябе ў падлеткавым узросце асобай жаночага полу прывяло мяне да непахіснай перакананасці, што наяўнасць ў дзяўчыны рудых валасоў – прыкмета непараўнальнай прыгажосці.
Ад разумення факту да прыняцця радыкальнага рашэння я трымалася даволі доўга – прыкладна два гады. У пачатку сямідзясятых гадоў у Савецкім Саюзе з’явіліся імпартныя фарбавальнікі валасоў; сярод іх – адценкавы шампунь “Арома калор” вытворчасці сонечнай Балгарыі. Варыяцыі сродку для валасоў насілі самыя запатрабаваныя для аматараў экзотыкі колеры: малінавы, бардовы, махагонавы, каштанавы… Кошт цюбіка фарбавальніка для атрымання “непараўнальнай прыгажосці” – пяцьдзясят капеек.
Вечарам 31 жніўня 1970 года фартуна спрыяла мне. Бацька з’ехаў у камандзіроўку; маці была занятая падрыхтоўкай малодшых дзяцей да школы. Старэйшыя сёстры, Марыя і Таццяна, з’ехалі на вучобу ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Нанесла на валасы набыты загадзя фарбавальнік, я штохвілінна пазірала ў люстэрка, чакаючы вынікаў эксперыменту.
І гэты момант наступіў! З люстэрка на мяне глядзела дзяўчына (не, па вонкавым выглядзе ўсё-ткі жанчына!) нізкай сацыяльнай адказнасці. Да загарэлага за лета твару нібыта былі прылеплены пурпурныя валасы. А кароткія валасінкі сфармавалі ў фізіяноміі фантастычны малінава-бардовы німб!
Маё ператварэнне ў “прыгажуню” было вельмі стрымана сустрэта мамай. Холадна паглядзеўшы на мяне, яна толькі пакачала галавой. Мамінага дакорлівага жэсту было дастаткова, ён азначаў: “Слава Богу, старэйшыя дочкі разумныя і самастойныя, а малодшая што хочаш, можа ўчудзіць”.
Негледзячы на відавочнае няўхваленне маці, у душы я спадзявалася, што аднакласнікі, дакладней, аднакласніцы, ацэняць маё цудоўнае “пераўвасабленне”.
Раніцай падрыхтавала вяргіні для букетаў настаўнікам і адправілася ў школу.
Падаравала кветкі класнаму кіраўніку, Аляксею Канстанцінавічу Сідзюку, які ўстрымаўся ад каментараў адносна майго знешняга выгляду. Аднакласнікі, як мне падалося, глядзелі на мяне з зайдрасцю: дзяўчынкам таксама хацелася быць уладальніцамі колеру валасоў, які не існуе ў прыродзе. А мае сябры, сярод якіх пераважалі хлапчукі, сказалі пасля першага ж урока:
– Так, нездарма ты заўсёды была самай актыўнай удзельніцай нашых ваенна-патрыятычных гульняў. У адрозненне ад іншых дзяўчынак, мы давяралі табе інфармацыю аб местазнаходжанні партызанскіх зямлянак і сховішчаў, а таксама паролі.
– Гэта – учынак! – падсумаваў Міша, арганізатар гульняў у “вайнушку”, паказаўшы на маю вогненную галаву.
Не ведаю, як доўга я атрымлівала б асалоду ад свайго поспеха, калі б не ўрок алгебры, другі па ліку ў школьным раскладзе. Без ілжывай сціпласці скажу, што матэматычныя навукі даваліся мне лёгка.
Мой любімы выкладчык Мікалай Давыдавіч Сагановіч, заслужаны настаўнік Беларускай ССР, як правіла, “трымаў мяне ў рэзерве”. Задаючы складанае пытанне, выбарачна апытваў вучняў класа, пачынаючы з “гуманітарыяў”. Потым правяраліся веды добра падрыхтаваных матэматыкаў і, не атрымаўшы ад іх правільнага адказу, звяртаўся да мяне.
Па такой жа схеме быў праведзены ўрок алгебры і ў першы навучальны дзень 1970 года. Выкладчык апытаў некалькі вучняў, якія яшчэ луналі ў воблаках, і звярнуўся да мяне:
– Ну, Лукашэвіч, выручай! А то за вакацыі ўсё пазабывалі!
Упэўнена падняўшыся з-за парты, я раптам зразумела, што таксама не ведаю адказу на зададзенае выкладчыкам пытанне. Ліхаманкава шукала хоць якое-небудзь падабенства рашэння; на жаль, марна.
У абсалютна вольнай ад усіх думак галаве, як заезджаная кружэлка, круціўся шэдэўр вуснай творчасці школьных выдумшчыкаў, варыянт рашэння вядомай тэарэмы:
– “Пігаровы штаны ва ўсе бакі роўныя!”
Да гэтага часу здзіўляюся, як я ўслых не “пляснула” жамчужыны школьнай славеснасці. Упарта маўчала, вывучаючы рукатворныя дэталі рэльефу парты.
Счакаўшы час, настаўнік задуменна вымавіў:
– Так, Нэля, новы колер валасоў (рогат аднакласнікаў) не палепшыў тваіх матэматычных здольнасцяў!
Частка класа трыўмфавала; нарэшце педагог “умыў” любіміцу!
Большай ганьбы ў сваім жыцці я не адчувала. Мікалай Давыдавіч прадвызначаў мне вялікую матэматычную будучыню, не мяркуючы, што я ўжо абрала медыцыну.
Сагановіч М.Д. пайшоў з жыцця ў шасцідзясяцігадовым узросце. Праз некалькі гадоў недалёка ад яго магілкі былі пахаваны мае бацькі. Кожны раз, вяртаючыся ад іх надмагілляў, я ў думках звяртаюся да Настаўніка:
– А я да гэтага часу, паважаны Мікалай Давыдавіч, памятаю Вашу навуку – выманне кораня квадратнага з шматзначнага ліку без прымянення лагарыфмічнай лінейкі, карыстаючыся толькі лістком паперы і ручкой!
І быццам чую ў адказ:
– А табе гэта трэба? Як часта ў жыцці ты карыстаешся гэтымі вылічэннямі?
Мне няма чаго адказаць настаўніку, які заўчасна спачыў…
***
Усё-ткі, дзіўна і дастаткова выбарча ўладкавана чалавечая памяць. У ёй захаваліся ўспаміны пра маю першую настаўніцу Міхалковіч Марыю Паўлаўну, пра класнага кіраўніка Сідзюка А.К., матэматыка Сагановіча М.Д. Таксама з удзячнасцю я ўспамінаю выкладчыкаў хіміі і біялогіі Яўгенію Нікандраўну Мартысюк і Валянціну Максімаўну Бандарэнка. Абедзве – спецыялісты найвышэйшага класа, якія добра падрыхтавалі сваіх вучняў да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Зразумела, у рамках звычайнай школьнай праграмы. У пачатку сямідзясятых гадоў слова “рэпетытар” ведалі толькі па кнігах, ды і то, у “замежным” яго разуменні – гувернёр.
Пасля атрымання пісьмовага паведамлення аб залічэнні ў Віцебскі медыцынскі інстытут да ад’езду на вучобу ў мяне заставаўся невялікі часовы задзел, які я выкарыстала для рэалізацыі майго даўняга жадання, звярнуўшыся пры гэтым да вядомага савецкага дэвізу: “Дасягненні навукі – у жыццё!”
У выніку аўтарскай шматхадовай тэхналогіі афарбоўкі мае цёмна-русыя валасы набылі жаданы колер. У чарговы раз я пераканалася ў справядлівасці слогана: “Веды – сіла!”. Асабліва веды неарганічнай хіміі і біялогіі, у прыватнасці, флоры краін Сярэдняга Усходу.
Заключны этап хітрамудрай камбінацыі – ужыванне прасушанай лісця хмызняку лаўсоніі (хны іранскай натуральнай), даў патрэбны вынік – я стала рудавалосай. Без усялякіх ірдяных, фуксійных і іншых адценняў з выклікам.
– Нагадвае афарбоўку лісы ў лепшую для яе пару года, – падумала я разглядаючы колер валасоў у люстэрку.
– Можна падумаць, што калі-небудзь бачыла лісу ў яе лепшыя часы, – насмешліва адгукнулася маё другое “я”.
– Так, бачыла! – фанабэрыста адказаў арыгінал, – …на каўняры ў цёткі Любы.
Пасаромленае другое “я” замоўкла: крыць няма чым. Яшчэ б: цётка Люба, уладальніца паліто з раскошным лісіным каўняром, загадвала самай буйной з тых трох харчовых крам, што былі ў пасёлку.
Паказаўшы “апанентцы” на яе месца, маральна рыхтавалася да прыходу бацькоў з працы. Супраць чакання, непрыемнай рэакцыі на змяненне маёй знешнасці не было. Відаць, яны ўжо змірыліся з “нестандартнымі” учынкамі дачкі.
Працяг http://proza.ru/2026/06/08/1135
Свидетельство о публикации №226060801118
Да, фиолетовые волосы - это вызов не только своим одноклассницам, но и всему обществу. И это говорит о стремлении к чему-то новому, о желании быть единственной и неповторимой. Конечно, такое свойственно только девушкам с сильным характером. И Вы, обладая таким характером, смогли уверенно дойти до своей цели - стать врачом.
Ну, а цвет волос всегда можно изменить.
Здоровья Вам и творческого вдохновения!
С искренним уважением, Валентина
Валентина Валентова 09.06.2026 05:21 Заявить о нарушении
Сердечно благодарю за позитивный отзыв!
Оценивая эксперименты с позиций жизненного опыта, удивляюсь, как мои волосы выдержали подобные испытания и неплохо сохранились для зрелых лет.
Возможно, им тоже нравилось преображаться?
С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.
Нелли Фурс 09.06.2026 10:05 Заявить о нарушении