Пример Гедеона
«І сказаў Госпад Гедэону: народу з табою надта многа, не магу Я аддаць Мадыяніцянаў у рукі ім, каб не заганарыўся Ізраіль перад Мною і не сказаў: “Мая рука выратавала мяне”» (Суд 7:2).
Перад Ізраілем стаяла вельмі складаная задача, каб трыццацьцю дзьвума тысячамі ваяроў, перамагчы нашмат большае войска Мадыяніцянаў, але тым ня меньш Бог кажа Гедэону: «Народу з табою надта многа» і загадвае яму адпусьціць усіх палахлівых, а потым і тых, хто будзе піць ваду з ракі стоячы на каленях: «І сказаў Госпад Гедэону: трымя сотнямі тых, што хлябталі, Я выратую вас і аддам Мадыяніцянаў у рукі вашыя, а ўвесь народ няхай ідзе кожны ў сваё месца (Суд 7:7).
Бог пакінуў Гедэону толькі трыста чалавек, якія да таго ж Ён узброіў трубамі, пустымі збанамі і ў збанах сьвяцільнямі. Бог атрымаў перамогу ў гэтай бітве: «Тым часам, як трыста чалавек трубілі ў трубы, абярнуў Госпад меч аднаго на другога ва ўсім табары» (Суд 7:22).
Як Бог дазволіў, каб Мадыяніцяне прыгняталі гебраяў, так Ён і ніхто іншы, павінен быць Збаўцам Свайго народу. Уся слава Госпаду.
Я кажу гэта з той нагоды, каб паказаць, што невялікая Мінская царква «Ян Прадвесьнік» – гэта ня што іншае, як сучаснае войска Гедэона, бо менавіта праз немачы людзей праяўляецца ўся паўната Божай моцы.
Сучаснае грамадзтва ўсё болей пакланяецца гігантызму. Мы харчуемся з гіпермаркетаў, бяжым на фэсты, дзе зьбіраюцца тысячы чалавек. Мы ганарымся самым вялікім будынкам у нашым горадзе, бо з кропкі погляду сьвету, заслугоўвае ўвагу тое, што вялікае. Але Бог глядзіць на гэта ня так, як людзі сьвету.
Гісторыя Царквы кажа пра тое, што Бог заўсёды пачынаў з малога. Ён стварыў з нічога неба і зямлю. Ён выбраў Сабе толькі дванаццаць вучняў-апосталаў з вялікай колькасьці пасьлядоўнікаў. Рэфармацыя пачалася з аднаго чалавека – Марціна Лютара.
Бог дзейнічае ў малым і сёньня, калі стварае малыя цэрквы, а праз іх вялікія і моцныя. Невялікая царква мае вялікія магчымасьці для таго, каб прыносіць Богу славу, бо праз нашую немач Бог яўляе Сваю магутнасьць: «Але Госпад сказаў мне: “Досыць табе ласки Маёй, бо сіла Мая зьдзяйсьняецца ў немачы”» (2 Кар 12:9).
Царква «Ян Прадвесьнік» – царква невялікая, але патэнцыял яе як цела Хрыстова вельмі вялікі, бо недарма Госпад зьбірае тут актыўных, адукаваных, творчых і вельмі працаздольных людзей, якія цягнуцца да Слова Божага і нястомна нясуць Добрую Вестку пра Ісуса Хрыста ў сьвет.
Нацыянальна арыентаваная царква, - як сьвятло будучага, што гатуе шлях Госпаду ў краіне, дзе правіць дух д’ябла і не паважаюцца Божыя законы. Гэта актыўнае войска свайго Валадара Ісуса Хрыста, каб зьбіраць плады на Божай пашы. Ці дзіўна тое, што такія цэрквы, што прызначаюцца Госпадам для вялікіх місій зьбіраньня Божага Валадарства, зьяўляюцца асноўнымі аб’ектамі для нападзеньня д’ябла. І таму зусім ня дзіўна тое, што служыцелі д’ябла, каб нашкодзіць царкве, уваходзяць у яе не праз дзьверы, як усе нармальныя людзі, але праз наўмысна разьбітае шкло ў дзіцячым пакоі царквы. Д’ябал мае вялікія здольнасьці, каб парушыць супакой веруючага, але дъябла можна перамагчы.
У пакоры і надзеі на Ісуса Хрыста, мы зноў і зноў апранаемся ў Божую сілу, якая перабольшвае ўсе высілкі д’ябла. І калі мы ў поўнай меры пасьвячаем сваё жыцьцё Госпаду, дык Ягоная сіла будзе на нашым баку і ніякі д’ябал супраць яе не утрымаецца.
Я хачу сёньня казаць пра царкву «Ян Прадвесьнік» тое, што я асабіста бачу сёньня ў ёй і адчуваю ў сэрцы сваім. Я бачу, што Бог дабраслаўляе гэтую невялікую царкву з вялікім сэрцам Ісуса Хрыста. Я бачу невычарпальныя магчымасьці, пры дапамозе якіх Госпад зьдзяйсьняе вялікія справы.
Усе мы прагнем духоўнага адраджэньня нашай краіны і таму такія невялікія, але маючыя вялікае дабраславеньне цэрквы, могуць і павінны стаць тым зернем, што дадуць парасткі па ўсёй краіне, з якіх Бог вырасьціць вялікі ўраджай Сваёй славы.
Сучасныя людзі, у большасьці сваёй, не разумеюць, што Біблія, як Слова Божае, вельмі патрэбная ім. Яны займаюцца пакланеньнем ідалам, імя якіх – геданізм, спажывальніцтва і рэлятывізм. Гэтыя ідалы пазбавілі людзей зроку і слыху.
Філасофія геданізма кажа пра тое, што асалода і задавальненьне – гэта галоўная мэта жыцьця чалавека і таму трэба жыцьцё пражыць так, каб любымі спосабамі атрымаць “салодкія” вынікі ў максімальных памерах.
Спажывецтва кажа пра тое, што шчасьце чалавека зьмяшчаецца ў магчымасьці купіць усё, што табе падабаецца. Рэлятывізм падказвае, што крытэрый абсалютнай праўды – гэта мы самі і таму праўда- гэта тое, што мы самі і пастановім. Для Госпада тут месца няма.
Вельмі складанае становішча, але не безнадзейнае, бо Ісус Хрыстос не для таго прыходзіў у сьвет каб перамагло зло, але для таго, каб зьнішчыць яго. Таму Ён дае сьвету і дабраслаўляе царкву «Ян Прадвесьнік», каб несла яна Дабравесьце збаўленьня праз веру ў Ісуса Хрыста.
Любоў, вось што бачу я ў аснове царквы, як і кажа Пісаньне: «А каб у шчырай любові усе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста» (Эф. 4:15).
Любоў – гэта важнейшы фактар дзейнасьці царквы як дабраславеньне Госпада, дадзенае на служэньне. Менавіта любоў адкрывае сэрцы людзей да слуханьня Эвангельля і я бачу, што любыя планы дзеяньня нашай царквы напоўнены хрысьціянскай любоўю. Паслухайце апостала Паўла: «А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў з іх найбольшая» (1 Кар 13:13).
Бог яўляе Сваю прысутнасьць праз хрысьціянаў, калі яны працягваюць руку дапамогі блізкім з любоўю Ісуса Хрыста. Гэта бачу я ў жыцьці і дзейнасьці царквы «Ян Прадвесьнік».
Пропаведзь праўды, вось што бачу я ў дзейнасьці царквы, бо ведае словы апостала: «Каб, калі спазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова праўды» (1 Цім 3:15).
Я вельмі рады гэтаму, бо бачу царкву як высокую вежу, зьверху якой напісана праўда і якая бачная ўсім, нават здалёк. Я бачу і чую, што мэта царквы «Ян Прадвесьнік» – галосная дэманстрацыя праўды Ісуса Хрыста.
Жывое слова, вось што бачу я ў служэньні царквы «Ян Прадвесьнік». Царква паказвае ўсім сілу Слова Божага, бо крыніца Слова жывога – Біблія, што ёсьць жывая кніга: «Як народжаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага да веку. Бо ўсякае цела – быццам трава, і ўсякая слава людзкая – быццам квет на траве, засохла трава – квет ейны апаў; а слова Госпадава вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана» (1 Пят 1:23-25).
Я бачу жывое слова пастара царквы. Я бачу жывое слова гімнаў хвалы, што гучаць пад час служэньня. Я бачу жывое слова тэатра царквы, які нясе гэтае слова людзям усіх узростаў. Я бачу жывое слова тых, хто эвангелізуе на вуліцах тых, каго чакае Ісус Хрыстос. Я бачу жывое слова дзяцей, якія паўтараюць за пастарам словы малітвы. Я вельмі рады, што бачу ўвесь склад гэтых галасоў, што складаюць жывое слова царквы «Ян Прадвесьнік».
Гасьціннасьць, вось што бачу я пры ўваходзе на служэньне, бо адчуў гэта сам, калі першы раз з хваляваньнем уваходзіў у залю нядзельнага служэньня. Я бачу вялікую сілу хрысьціянскай гасьціннасьці, як напісана: «І кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасьці і ў шчырасьці сэрца, праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Госпад штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся» (Дзеі 2:46-47).
Гасьціннасьць – гэта натуральны вынік дзейнасьці Эвангельля. Мы ведаем, што будучы грэшнікамі мы былі чужымі для сьвятога Бога і стаялі каля краю пагібелі. Але па ласцы Божай, дадзенай нам праз праліцьцё крыві Госпада Ісуса Хрыста, Бог адкрыў нам дзьвер і пусьціў да Сябе.
Калі Бог зрабіў гэта для нас, дык царква ў вогуле, як і мы паасобку робім тое ж самае для іншых. Я бачу царкву, якая дабрасумленна выконвае дадзеную дабраславеньнем Божым хрысьціянскую запаведзь – гасьціннасьць.
Невялікая, але вялікая царква, вось што думаю я, калі разважаю пра тое вялікае дабраславеньне Госпада, што дае Ён царкве «Ян Прадвесьнік». Я ўпэўнены, што любая вялікая царква – гэта малая царква з вялікай колькасьцю каляцаркоўных людзей, бо асноўную дзейнасьць вялікай царквы вядуць яны – адданыя служыцелі Ісуса Хрыста, якія і складаюць малую царкву ў вялікай.
Я бачу, што ў нашай невялікай царкве вельмі няшмат пасажыраў, але большасьць з тых, хто прыходзіць сюды, у той ці іншай ступені гатовы працаваць у славу Ісуса Хрыста. Я бачу, што браты і сёстры – гэта адна каманда і адна сям’я і таму будзем удзячныя Богу за тое, што Ён, па міласьці Сваёй, аб’яднаў нас усіх у адно цудоўнае цела – цела Ісуса Хрыста.
Напаўненьне Духам Сьвятым, вось што бачу і адчуваю я, калі гляджу на ветлівыя твары, на цудоўныя служэньні, на тыя дзеі і мерапрыемствы, што адбываюцца ў царкве. Я бачу, што Царква «Ян Прадвесьнік» жыве па запаведзі напаўняцца Духам Сьвятым, як і сказана ў Пісаньні: «Напаўняйцеся Духам, настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апавяючы ў сэрцах вашых Госпада, дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, слухаючыся адно аднога ў страху Божым» (Эф 5:18-21).
Дух Сьвяты робіць нашую царкву адной сям’ёй. Дух Сьвяты аднаўляе кожнага з нас штодня, бо кожны раз пасьля ранішняй малітвы Ён напаўняе нас. Ён напаўняе ўсе нашыя служэньні, бо мы зноў і зноў пасьвячаем сябе Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.
Вялікія магчымасьці, вось што бачу я ў дзейнасьці царквы «Ян Прадвесьнік», бо дабраслаўляецца Госпадам і кіруецца Духам Сьвятым. Я бачу царкву як дзьверы Ісуса Хрыста, якая адкрываецца кожнаму, хто хоча ўвайсьці і ўратавацца: «Я – дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе» (Ян 10:9).
Гэта словы Ісуса Хрыста, Які ёсьць Галава цела Свайго – царквы «Ян Прадвесьнік». Гэтыя словы прызначаны для тых, хто хоча і таму запрашаецца зайсьці ў гэтыя дзьверы, каб атрымаць дабраславеньне ў ласцы Божай: дараваньне грахоў, мір з Богам і вечнае жыцьцё.
Але Бог зьвяртаецца і да тых, хто ўжо ўвайшоў у гэтыя дзьверы, атрымаўшы мір з Богам і жыцьцё вечнае: «Ведаю дзеі твае; вось, Я адамкнуў перад табою дзьверы, і ніхто ня можа зачыніць іх; ты няшмат маеш сілы, і захаваў слова Маё, і ня выракся імя Майго. Вось, Я зраблю, што з дъябальскай зборні, з тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі, але самі не такія, а хлусяць, - вось Я зраблю тое, што яны прыйдуць і паклоняцца перад нагамі тваімі, і ўведаюць, што Я палюбіў цябе. І як ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, дык і Я захаваю цябе ад гадзіны спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі. Вось, Я прыйду неўзабаве; трымай што маеш, каб ніхто не ўхапіў вянка твайго” (Адк 3:8-11).
Я бачу, што Госпад зьвяртаецца да нас, да царквы «Ян Прадвесьнік», каб сказаць, што адамкнутыя дзьверы азначаюць для нас ужо не толькі збаўленьне, але і вялікія магчымасьці для служэньня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.
Вось што бачу я. І таму я хачу падзякаваць Госпада, што прывёў мяне менавіта ў тую царкву, якую Ён падгатаваў мне. Бог падараваў мне Ісуса Хрыста менавіта тут – у царкве «Ян Прадвесьнік».
Ён даў мне цудоўную магчымасьць знайсьці мір з Богам у сэрцы сваім. Ён ацаліў мае сьляпыя вочы, каб яны маглі ўбачыць прыгажосьць і сьвятло Ісуса Хрыста. Ён адмыкнуў мае вушы, каб даць пачуць Слова Ісуса Хрыста. Ён даў мне Духа Сьвятога, што кіруе розумам, дадзеным мне Богам і выкарыстоўвае тыя здольнасьці, што заклаў у мяне Бог.
І зараз я хачу давесьці да вас, мае любасныя браты і сёстры, тыя некалькі крокаў на гэтым няпростым шляху вяртаньня да Таго, хто стварыў сусьвет, а потым і мяне.
Я ня буду казаць пра сваё жыцьцё ад пачатку, бо гэта вельмі доўгая гісторыя. Як дарэчы і ў большасьці тых, хто прыйшоў да Ісуса Хрыста пакліканьнем Божым. Я буду казаць пра крокі, якія сталі вызначальнымі па воле Божай.
Вось яны. Брат мой родны Лявон стаўся прычынаю, каб мы апынуліся на Паўночных могілках, дзе пахаваны ягоны цесьць. І вось падзея. Разлядаючы суседнія помнікі я раптоўна ўбачыў помнік вядомаму беларускаму паэту Артуру Вольскаму. Я ведаў яго пры жыцьці. Мы разам былі ў адной суполцы БНФ. Мы разам былі і дэлегатамі першага зьезду БНФ ў Вільні.
Атрымалася ж так, што нашыя жыцьцёвыя шляхі разыйшліся і я нават ня ведаў дзе ён пахаваны. Але шлях да Хрыста пракладае Бог. Мяне вельмі ўразіў надпіс на помніку Артура. Вось ён: «На сьхіле год сваіх я да Хрыста прыйшоў, - і мір знайшоў».
Бог зьвяртаўся да мяне праз Артура Вольскага. Гэтае ўражаньне не пакідае мяне і па сёньня. Бог дзейнічае рознымі шляхамі і праз розных людзей. Родны брат Лявон і стаўся тым, хто запрасіў мяне да вас, мілыя браты і сёстры, калі сказаў: «Я ведаю, што патрэбна табе. Пойдзем і паглядзеш».
Хачу, з гэтай нагоды, нагадаць гісторыю прыходу да Хрыста апостала Пятра: “Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію, што азначае: Хрыстос. І прывёў яго да Ісуса” (Ян 1:40-42).
Так атрымалася і ў нас. Дзякуючы Богу, праз брата я прыйшоў да вас, каб стаць часткай цела Ісуса Хрыста. Я дзякую свайго жывога Бога за тое, што Ён паклікаў мяне ў новае і вечнае жыцьцё. Я дзякую свайго Бога за тую цудоўную магчымасьць прырасьці да цела Ісуса Хрыста і стаць яго членам – членам Хрыстовай царквы «Ян Прадвесьнік».
У імя Айца, Сына і Духа Сьвятога. Амэн.
Свидетельство о публикации №226060901416