Зноу навальнiца

У вёсцы навальніца адчувалася зусім не так, як у горадзе. Там, сярод шматпавярховікаў, а тым больш унутры аднаго з іх, я не баяўся такой сур’ёзнай і небяспечнай з’явы прыроды. У сельскім доме таксама не было дужа страшна, але стыхія прымушала трымцець перад ёй, ставіцца з павагай, а не легкадумна...

Усе спалі. Я паглядаў у вакно: я быў у захапленні. Паветра насыцілася энергіяй уздоўж і поперак. Дзясяткі мегавольт напружання і кілаампер току, гігаваты магутнасці… Рознасць патэнцыялаў імкнулася ўраўнаважыцца. Маланкі праносіліся ў начным небе, і на імгненні рабілася светла, амаль як у сонечны дзень. Трэба ўжо змірыцца з тым, што чалавеку не суджана ўтаймаваць гэтую шалёную сілу…

Лівень не спыняўся. Вецер гуляў, але дзесьці там, удалечыні. Я прыгадаў леташнюю гарадскую навальніцу і раптам перанёсся думкамі ў лес. Ні разу не сустракаў навальніцу ў гушчары – ні ўдзень, ні ўначы. Пра гэта і аповедаў не пісаў, а шкада – было б цікава...

Кошкі папрасіліся на вуліцу – відаць, таксама цікуюць за бліскавіцамі з бяспечных куткоў. Было чутна, як дождж стукоча па новым металічным даху. У лівень чамусьці заўседы добра спіцца, асабліва, калі ўсё навокал грукоча і мільгоча. Толькі вось раніцай на працу...


Ідэя і сціслы план – 18 траўня 2026, ноч, Яроміна;
02-03, 07 чэрвеня 2026, Гомель, Шведская Горка;
09 чэрвеня 2026, Гомель (рэдактура; было – «Такую сур’ёзную і небяспечную з’яву», Любаваўся і захапляўся», «Было прасякнута», «Кілаампераў», «Станавілася», «Скарыцца», «Пыханьскі лес», «Назіраюць», «Стучыць», «Блішчыць»).


Рецензии