I. Родной Назарет

I. РОДНЫ НАЗАРЭТ


Родны Назарэт. Невялікае паселішча з сотняю белых дамоў і плоскіх дахаў адкрылася перад Ісусам, Які, прыпыніўшыся, удыхаў такое пяшчотна-асаблівае, ў сваёй чысьціні, паветра радзімы. Зімнія дажджы ўжо прайшлі і схілы гор на вачах ператвараліся у сад з вялікай колькасьцю кветак самага рознага адценьня.

Яшчэ не разорваліся палеткі, а кветкі ўжо пачыналі сваё нядоўгае жыцьцё, каб радаваць вока чалавека. Ісус, назіраючы гэтае хараство роднага краю, думаў пра тое, што менавіта тут, пасьля двухгадовай вандроўкі, і скончыцца першы этап Ягонага жыцьця. І менавіта адсюль пачнецца новы, самы галоўны этап Ягонага зямнога жыцьця – этап грамадзкага служэньня.

З вышыні пагорка звыкла бачыўся дах роднага дому – дому, дзе прайшло Ягонае дзяцінства, юнацкія і маладыя гады. Дзе дарослае жыцьцё таксама сустрэла Яго. Ісус глядзеў на родны дах і перад Ягонымі вачыма праносіліся маляўнічыя карціны мінуўшых дзён.

Нічога ня зьнікла з памяці. Непаўторна цудоўны пах апрацаванага дрэва ў бацькавай майстэрні, пяшчоны сьпеў маці каля дзіцячага ложку, нараджэньне малодшых братоў ды сёстраў, першая кніга і навучаньне ў школе пад кіраўніцтвам мудрага хазана. Праца ў сямейным садзе, пад наглядам маці, а таксама і першая сустрэча з стрыечным братам Янам, які з захапленьнем казаў Яму пра гісторыю Ізраіля.

Пад гэтым дахам здарыліся і трагедыі, калі раптоўна памёр бацька Язэп, а потым і малодшы Амос. Прыгадалася і першае наведваньне Ерусаліму, калі Ён атрымаў абрад пасьвячэньня ў дарослае жыцьцё, а потым няпростую размову з бацькамі.

Жыцьцё ж, няўмольна працягваючыся, прынесла ў сям’ю і першыя вясельлі, калі Якуб і Мірыям стварылі свае асабістыя сем’і. Менавіта пад гэтым дахам Ён набыў майстэрства ў апрацоўцы дрэва, што дало Яму цудоўную магчымасьць выніковай працы па стварэньню рыбацкіх лодак у Капернауме. З пачуцьцём радасьці і нейкага хваляваньня Ён набліжаўся да гэтага даху, несучы з Сабою ўсю шчырую любоў Свайго сэрца.

Рут працавала ў маленькім садзе каля дома, апрацоўваючы глебу каля некалькіх кустоў ружаў, якія ўжо вызначаліся бутонамі, маючых, у хуткім часе, выказаць усю сваю дасканалую прыгажосьць і хараство. Яшчэ пяць гадоў таму Ісус прыдбаў некалькі чаранкоў ружаў у знаёмых грэцкіх купцоў з караваннага шляху, які пралягаў праз Назарэт. І з таго часу вырошчваньне гэтага цуда прыроды сталася асабістаю справай малодшай сястры Ісуса, якой зараз ужо ійшоў пятнаццаты год. Рут старанна рыхліла глебу, выбіраючы пустазельле, якое бяз стомы расьце ў любым садзе і дадае да клопатаў чалавека.

Працавітую Рут гэта не засмучвала і яна з радасьцю рабіла гэтую справу, ведаючы тое, што гэтыя кусты хутка парадуюць усіх блізкіх пышнай прыгажосьцю. Праца ўжо падыходзіла да свайго завяршэньня, калі нейкі пяшчотны дотык крануўся да яе дзявочага сэрца, падказваючы прыемную ды хуткую падзею.

Яна кінула невялікую матыку і пабегла да ўваходу ў хату, бо сэрца падказвала нешта незвычайнае ды радаснае. І не дарма, бо яна ўбачыла падыходзячага да хаты любімага брата Ісуса, Які адкрываў Свае рукі, вітаючы бягучую да Яго малодшую сястру. Беражліва апусьціўшы Рут на зямлю, Ісус заўважыў тое, як пасталела Рут, стаўшы сапраўднай прыгажуняй.

Яны прайшлі ў хату і, чакаючы маці, якая пайшла па нейкіх справах да Мірыям, Ісус расказваў што-нішто пра іншыя краіны ды гарады і, ведаючы захапленьне сястры кветкамі, пра тою кветкавую прыгажосьць, якую Ён бачыў у Італіі, Грэцыі ды на Кіпры. Сустрэча з маці не вызначалася такім эмацыйным воплескам як з Рут, але паважлівая радасьць сустрэчы і пяшчотныя словы Ісуса кранулі сэрца Марыі так, што яна не была здольнай стрымаць сьлёзы радасьці ад гэтай сустрэчы.

Які ж гэта цуд і які ж гэта смак - матчына ежа ў родным доме. Яны, утрох, сядзелі за сталом і Ісус уважліва слухаў маці пра тое, як жывуць браты ды сёстры ў сваіх сем’ях ды як ужо бегаюць і гуляюць яе ўнукі ды пляменьнікі Ісуса. Гэта было цудоўна і Ісус ужо ўяўляў тое, як, у хуткім часе, яны зьбяруцца разам тут, у родным доме, дзе яны ўсе разам выхоўваліся.

Ісус жа, у сваю чаргу, адказваў на шматлікія пытаньні маці і Рут, якія дапытліва цікавіліся рознымі дробязямі з жыцьця іншых народаў. Ісус даволі падрабязна распавёў пра Александрыю, дзе Ён прабыў тры тыдні, ведаючы тое, што гэты горад знаёмы маці, бо яны пражылі там некалькі год свайго жыцьця. Праз некалькі гадзінаў прыйшоў да дому малодшы Сымон, які працаваў у Цыпоры на будоўлі. Размова зацягнулася да паўночы і нарэшце, праславіўшы Госпада, яны паклаліся спаць, каб сустрэць першыя прамені сонца наступнага дня.

Ранішняе сонца ўжо цалкам усталявала дзень, калі Ісус ужо вяртаўся дадому з пагорку па-за ўскраінай Назарэта, дзе Ён зьвяртаўся да Бога, славячы Яго ды просячы дабраславеньня на гэты дзень. Яго ўжо чакаў вельмі прывабны пачастунак ад маці і Рут. Сымон ужо адыйшоў на працу, а прыгажуня Рут не адыходзіла ад Ісуса мноствамі пытаньняў, што тычыліся Ягонага падарожжа ў іншыя і невядомыя ёй краіны.

Ісус з задавальненьнем адказваў на пытаньні сястры, распавядаючы ёй пра найбольш яркія эпізоды Свайго вандраваньня. Яго ўразілі роспыты Рут пра звычаі ды веравызнаньні тамтэйшых народаў, бо тут нейкай падлеткавай зацікаўленасьці нават і не праглядалася. Усё было нашмат сур’ёзьней і гэта вельмі спадабалася Ісусу.

Ён не зьдзівіўся таму, што запытала да Яго Рут, бо ўся іхняя размова да гэтага і ішла, а папярэдняя размова была таму пачаткам. Што ёсьць дасканалая сям’я? І як яна павінна будавацца? Ісус добра ведаў Сваю сям’ю, як ведаў і тое, што яна існавала і разьвівалася правільна, але перад Ім дзяўчына, будучая жонка і маці, якая жадае пацьверджаньня гэтага ад Ісуса. Можа ня толькі пацьверджаньня, але і яшчэ чаго?

Ісус, пагадзіўшыся з пытаньнямі Рут, прамовіў да яе наступнае: «Сям’я прадвызначана Богам і гэта ёсьць Ягоная воля для чалавецтва. Калі Бог стварыў Адама і Еву і аб’яднаў іх у шлюбным зьвязе – Ён даў ім асаблівае прызначэньне: “Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае на зямлі”.

Так Бог стварыў першую сям’ю і першы сямейны дом. Але што Бог меў на ўвазе, калі даваў гэтую цудоўную магчымасьць першай шлюбнай пары, а разам з ёй ўсім астатнім? Пад словам «дом» мы не павінны разумець толькі тое месца, дзе мы ядзім і адпачываем. Пад гэтым мы павінны адчуваць тое месца, якое дае нам хатнюю любоў, шчаснае сямейнае жыцьцё, супакой, мір і абарону ад зьнешняга злога сьвету.

Гэта тое месца, дзе ёсьць любоў і сардэчныя зносіны ў сьвятасьці, якія Бог падараваў сям’і. А што хоча Бог? Каб імкненьне служыць адзін адному ў сям’і і кожнадзённае практычнае самаахвяраваньне выціскалі з нашых сэрцаў самалюбства і эгаізм. Сямейныя адносіны патрабуюць кожнадзённага паслушэнства, любові і падпарадкаваньня аднога адному. І вось гэтыя чалавечыя якасьці і процістаяць караню чалавечых нягодаў – эгаізму і непаслушэнству. Але што ёсьць сям’я?

Сям’я – гэта ня толькі тое месца, дзе нараджаюцца і выхоўваюцца дзеці. Гэта тое месца, дзе павінен быць Божы парадак: Бог, муж, жонка, дзеці. І ніяк інакш. А калі гэта ня так, дык разчараваньне і безпарадак – гэта тое, што безумоўна напаткае кожную сям’ю, дзе не шануюць Госпада і дзе муж не павінен несьці якой-небудзь асабістай адказнасьці, як яму здаецца, перад Богам за сваю сям’ю.

Але трэба сказаць і пра іншую небясьпеку – небясьпеку жонкі, калі яна не памятае сваёй ролі ў сямейным жыцьці і намагаецца ўзяць кіраваньне сям’і ў свае рукі. Сям’ю вядзе Бог праз мужа, а не праз жонку, а таму жаночае кіраваньне сям’і Богам не падтрымліваецца. Гэта няўгодна Госпаду, бо Ён спачатку стварыў Адама, а толькі потым з яго Еву, як памочніцу і маці ягоных дзяцей. Бог аднойчы сказаў Адаму наступнае: «За тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і ёў з дрэва, пра якое Я наказаў табе, сказаўшы: “Ня еж з яго”, праклятая зямля за цябе. Са скрухаю будзеш карміцца з яе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго».

Бог пакараў Адама за віну Евы, бо зрабіла Ева, а вінаватым стаўся Адам. Так і ў сям’і, дзе за ўсе яе беды вінаваты муж. І гэта ёсьць праўда, бо гэтая праўда ад пачатку. Шчасная тая сям’я, дзе муж падпарадкоўваецца Госпаду і кіруе сваёй сям’ёю так, як гэта патрабуе Бог, бо муж бяз Бога – гэта вершнік без галавы, які нясецца невядома куды.

Шчасная тая жонка, якая падпарадкоўваецца мужу і Госпаду. Шчасны той муж, які мае такую жонку. Шчасныя будуць і дзеці, якія маюць такіх бацькоў. Шчасныя будуць усе, хто нараджаецца, выхоўваецца, сталее і прыляпляецца да сваёй жонкі, каб быць адным целам, хто нараджае і выхоўвае дзяцей па Божых стандартах. Шчасныя будуць усе, хто жыве з Госпадам і ў славу Ягоную. Амэн.

Наступны дзень меўся быць суботай і ўся, даволі вялікая сям’я Ісуса, мусіла сустрэцца ў сынагозе. Суботні дзень прынёс доўгачаканую ды сардэчную сустрэчу з усімі роднымі і блізкімі. Не было толькі Юды, які застаўся ў Магдале, але безумоўна і тое, што ў думках сваіх ён быў разам з усімі свамі блізкімі.

Радасьць сустрэчы была шчырай, але і стрыманай, бо яны сабраліся тут, у сынагозе, каб праславіць Творцу неба і зямлі. Сход праходзіў у звыклым парадку і калі настаў пэўны час, Ісуса запрасілі на кафедру для чытаньня Пісаньня і некаторага тлумачэньня.

Ісус узяў сьвітак Ісаі і, знайшоўшы пэўнае месца, пачаў чытаць: «Госпад ГОСПАД даў Мне язык вучня, каб Я ведаў, як падтрымаць зьняможанага словам бадзёрым. Кожную раніцу Ён абуджае вуха Маё, каб Я слухаў Яго, як вучань. Госпад ГОСПАД адкрыў Мне вуха, і Я не супрацівіўся, не адступіўся назад. Сьпіну Маю Я падставіў тым, якія б’юць, і шчокі Мае — тым, якія ўдараюць. Аблічча Маё Я не схаваў ад ганьбы і пляваньня. Але Госпад ГОСПАД дапаможа Мне, таму Я не саромеюся, таму Я зрабіў аблічча Маё як крэмень, і ведаю, што ня буду ў ганьбе. Блізка Той, Які апраўдвае мяне. Хто будзе спрачацца са Мною? Станьма насупраць разам! Хто абвінаваўца ў судзе Маім? Няхай падыйдзе да Мяне. Вось, Госпад ГОСПАД дапаможа Мне. Хто будзе вінаваціць Мяне? Вось, усе яны спарахнеюць, як адзеньне, і моль зьесьць іх. Хто з вас баіцца ГОСПАДА, няхай слухае голас Слугі Ягонага! Хто ходзіць у цемры і няма яму сьвятла, няхай спадзяецца на імя ГОСПАДА і няхай абапіраецца на Бога свайго».

Ісус не тлумачыў прачытанае, але тое, як Ён гэта прачытаў уразіла ўсіх настолькі, што некалькі хвілін пасьля гэтага захоўвалася поўная цішыня. Пасьля служэньня Ісуса, Яго віталі амаль што ўсе жыхары Назарэта, якія слухалі Ягоны выступ у сынагозе. Разьвітаўшыся з усімі Ісус, разам з Сваімі роднымі, крочыў да бацькоўскай хаты, каб разам, за суботнім сталом, узьнесьці хвалу Госпаду ды атрымаць пэўныя зьвесткі пра жыцьцё Сваіх родных людзей.

Ісус распавёў Сваім родным пра Сваё дзьвухгадовае падарожжа, засяроджваючы увагу на пытаньні, якія краналі важныя моманты жыцьця чалавека.

Пасьля гэтага Ісус прыпамятаў словы прарока Малахіі, як напамін да ўсіх: «Вы казалі: “Марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы захоўвалі загады Ягоныя і што хадзілі ў жалобе перад абліччам ГОСПАДА Магуцьцяў? І цяпер мы шчасьлівымі называем свавольных. Уладкаваліся нават тыя, якія робяць нягоднасьць, нават тыя, якія выпрабоўваюць Бога, уцякаюць ад кары”. Тады тыя, якія баяцца ГОСПАДА, гаварылі адзін да аднаго. І прыхіліў вуха ГОСПАД, і пачуў, і была напісаная кніга памяці перад абліччам Ягоным пра тых, якія баяцца ГОСПАДА і якія шануюць імя Ягонае. І яны будуць Маімі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, у дзень, калі Я зраблю іх уласнасьцю Маёй і зьлітуюся над імі, як чалавек літуецца над сынам сваім, які служыць яму. І вы навернецеся, і ўбачыце розьніцу паміж праведнікам і бязбожнікам, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто ня служыць Яму».

Пачатак тыдня пачаўся з ранішняй малітвы на ўзгорку па-за Назарэтам. Ісус добра ведаў гэтае месца ад дзяцінства, бо не было ў Назарэце хлапчукоў, якія б не былі тут. Ісус сядзеў на знаёмым месцы, сярод кмену, які толькі пачынаў свой расьлінны шлях, аглядаючы выгляд усёй акругі. Кожнае поле, кожнае дрэва, кожны дах былі знаёмымі Яму з дзяцінства.

На ўсходнім баку ўздымалася круглявая вяршыня гары Фавор, з парослымі дубамі ды соснамі, а на захадзе добра праглядалася вяршыня Карміла, сярод лясоў якой знайшоў калісьці свой прытулак Ільля. У паўдзённым напрамку раскінулася Ізрээльская даліна – бліскучая пэрліна ўсёй Палестыны, праз якую праходзіў паўднёвы шлях да гораду, які калісьці пабіў усіх прарокаў і нешта падказвала Ісусу пра тое, што і Яго напаткае нешта падобнае.

Мясцовасьць, якая адкрывалася перад Ісусам, была цэнтральнай у сьвеце і гэта таксама адчуваў Ён, бо менавіта адсюль пачнецца нешта важнае, як складаючая частка збаўленьня сьвету.

Вясеньняе ранішняе сонца толькі паднімалася з усходу, зьнішчаючы сваімі праменямі прахалоду ночы, даючы вясновым расьлінам сьвятло і цяпло, каб прыгажосьць ды хараство адкрываліся перад людзкімі вачыма. Якуб ужо чакаў Ісуса, раскладаючы і правяраючы цясьлярны інструмант у майстэрні. Ісус вырашыў папрацаваць нейкі час разам з Якубам, тым больш што вызначыліся некалькі тэрміновых замоваў, з якімі Якуб ня быў здольным справіцца самастойна.

Ісус з задавальненьнем пагадзіўся дапамагчы брату, бо рукі даўно знудзіліся па такой працы, якую, дарэчы, Ён ведаў вельмі добра. Пасьля нядоўгага сьняданьня Ісус прыяднаўся да Якуба і яны разам акунуліся ў чароўны сьвет ператварэньня дрэва ў вытанчаныя формы драўляных вырабаў. Якуб назіраў за Ісусам і з задавальненьнем вызначаў працу дасканалага майстра памножаную на любоў да Сваёй справы.

Незаўважна прыйшоў абедзены час і прыбегшая Рут паклікала братоў у хату. Гаспадыняй стала была малодшая Рут, якая і частавала братоў звычайнай, але вельмі смачнай ежай, што не засталося незаўважаным старэйшымі братамі. Падзякаваўшы сястру, яны перамясьціліся для невялікага адпачынку пад страху хаты і Якуб, які вельмі чакаў гэтага моманту, запытаў Ісуса пра адносіны чалавека да працы.

Ісус быццам бы чакаў гэтае пытаньне ад Якуба, а таму, без усякай паўзы, адказаў брату. Самы галоўны прыклад адносінаў да працы, дае нам Сам Госпад Бог. Ён за шэсьць дзён стварае з нічога неба і зямлю, а потым і ўсе астатнія стварэньні. Амаль што кожны дзень (за выключэньнем другога) Бог кажа пра Сваё тварэньне «добра». Каб ня ўзьнікала пытаньняў пра адсутнасьць пахвалы другога дня, трэба адразу патлумачыць, што гэта ніяк не зьвязана з нейкім няўдалым днём тварэньня, але магчыма з тым, што колькасьць словаў «добра» раўняецца сямі, бо ў трэці і шосты дзень, Бог прамаўляе гэтыя словы двойчы, адзначаючы стваральныя этапы гэтых дзён. Сёмае «добра» на прыканцы шостага дня – гэта цудоўны вянец дзён Божага тварэньня.

Але што азначае Божае «добра»? Гэта азначае, што ўсё створанае адпавядала свайму прызначэньню і Божаму замыслу. Усё атрымалася так, як гэтага пажадаў Бог. І гэта азначае, што Божае «добра» – гэта дасканалая праца, якая мае ў сваёй аснове любоў.

Чацьвёртая Божая зпаведзь кажа нам: “Шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае”. Шэсьць дзён з сямі працаваў Бог па стварэньню сьвета і Ён тое ж патрабуе і ад нас. Госпад патрабуе ад кожнага з нас працаваць сумленна і з любоўю, каб пра кожны дзень працы можна было сказаць «добра» ці «добра вельмі», як сказаў гэта Бог у дзень шосты. Бог нязьменны, бо аднолькава патрабуе працы ад усіх. Як Ён патрабаваў працы ад Адама, так патрабуе і ад ўсіх астатніх праз закон Майсея.

Чалавек быў пастаўлены Богам на працу і калі чалавек ня хоча працаваць, дык ён, у гэтым выпадку, становіцца вельмі падобным на малпу, якой Бог розуму ня даў. Бог хоча, каб мы працавалі, бо добра і з любоўю працаваць – гэта азначае быць падобным на свайго Творцу, Які працаю Сваёй стварыў нас з вамі. І стварыў «вельмі добра».

Шчасьце чалавека як раз і зьмяшчаецца ў пераадоленьні цяжкасьцяў працы. І сапраўды, каб добра працаваць трэба гэтаму добра навучацца. А для гэтага патрабуецца старанна асвойваць пэўныя веды і на падставе гэтых ведаў, засвойваць практычныя навыкі. І ўсё гэта рабіць старанна і з любоўю. І памятаць, што менавіта гэтага чакае ад нас Бог.

Кожны пераадолены этап працы – гэта тое маленькае шчасьце, якое напаўняе сэрца працаўніка. Гэта бясконцы працэс. І калі ёсьць мэта, як вынік працы, дык яна надхняе чалавека і робіць чалавека шчасьлівым. Трэба якасна рабіць любую справу, за якую мы б не ўзяліся. Бо так хоча Бог. Бо таму і даў нам Бог розум ды здольнасьці, каб мы глядзелі на вялікі Божы прыклад і імкнуліся да Божага стандарту ў адносінах да працы, каб праслаўляць Бога ў кожным сваім дзеяньні.

Якуб з вялікім задавальненьнем слухаў старэйшага Ісуса і гэтыя словы прыемна клаліся на ягонае сэрца, бо сам ён быў старанным у справе чалавекам, але тое, што ён бачыў у Ісусе, было для яго найвялікшым прыкладам. Яны працягнулі сумесную працу ў майстэрні, пакуль не настаў час вячэры.

Ісус абвясьціў ужо родным, што даў Сваю згоду на шлюб Юды ў Магдале і, у Сваю чаргу, даведаўся ад родных пра тое, што і малодшы Сымон таксама жадае зьвярнуцца да Ісуса наконт асабістага шлюбу. Ісус вырашыў не чакаць занадта звороту Сымона, але пры бліжэйшай сустрэчы з ім даць пачатак вырашэньню гэтай жыцьцёвай сітуацыі. Так і адбылося, калі была вызначаная сустрэча Ісуса з бацькамі Эстэр, магчымай будучай нявесты Сымона.

Сустрэча гэтая і адбылася ў хуткім часе вельмі цёплай сустрэчай, дзе бацька Эстэр, па гебрайскай традыцыі, уручыў Сымону кесэф – каштоўны пярсьцёнак, а Ісус абвесьціў сумеснае з бацькамі рашэньне, якое казала пра тое, што вясельле адбудзецца праз год, у гэты ж дзень.

Такім чынам сям’я Ісуса мелася, праз год, перажыць два вясельлі,- Юды і Сымона, якія павінны былі адбыцца адно за адным. Так, у штодзённай працы разам з Якубам, прайшлі яшчэ тры тыдні, вынікам чаго сталася своечасовае выкананьне замоваў ды перадачы вынікаў працы замоўцам, што, у сваю чаргу, няблага паляпшала матэрыяльнае становішча сям’і.

Вясновы час ужо трывала замацаваўся на зямлі, даючы ёй магчымасьць даваць, у сваю чаргу, сілы расьлінам, пасаджаным і даглядаемых чалавекам. Узораныя палеткі радавалі вока селяніна, які аглядае ўсходы ад пасеянага зерня. Ружовыя кусты Рут таксама ужо адгукнуліся на цеплыню вясновага часу і першыя кветкі зьвярнулі на сябе ўвагу сваёй прыгажосьцю ды непаўторнасьцю.

Увогуле вясна радуе сэрца чалавека, бо аднаўленьне прыроды, сьвежыя фарбы кветак, упрыгожваюць пачуцьці і дадаюць радасьці душы. Так думаў Ісус, сідзячы ранкам на звыклым узгорку, разглядаючы навакольле і радуючыся, у сэрцы Сваім, гэтай прыгажосьці. Але былі яшчэ і іншыя думкі, якія патрабавалі свайго вырашэньня. Праз год адбудзецца вясельле Сымона і непазьбежна ўзьнікне жыцьцёвае пытаньне пра тое месца, дзе будзе жыць сям’я Сымона ды Эстэр.

Ісус ведаў шлях да вырашэньня гэтага пытаньня, але ведаў і тое, што гэта трэба тонка ды дэлікатна давесьці да сям’і, тым больш што гэтае пытаньне, у першую чаргу, кранае маці і сястру Рут. І таму Ён павінен, бліжэйшым часам, наведаць Капернаум, каб падгатаваць для гэтага рашэньня глебу, а таксама дапамагчы Зэбедэю ажыцьцявіць некалькі задумак па ўдасканаленьню рыштунку рыбацкай лодкі.

Праз некалькі дзён, разьвітаўшыся з роднымі, Ісус выйшаў знаёмым шляхам у напрамку Капернаума. Навакольле радавала вока, сонечнае цяпло сагравала путніка, даючы яму настрой, ад якога любы доўгі шлях адчуваецца больш кароткім. Бераг Галілейскага мора сустрэў Ісуса ціхім плёскатам набягаючай хвалі і сіньню прасторы, якая ўводзіла за гарызонт.

Майстэрня Зэбедэя сустрэла Ісуса звыклым вытворчым гоманам і непаўторным пахам апрацаванага дрэва памножанага на колькасьць старанных чалавечых рук, якія і былі носьбітамі гэтага адчуваньня. Ісус ійшоў па майстэрні, гледзячы на тыя этапы, якія ператваралі дрэва ў даволі дасканалы выраб рук чалавечых, але Ягоныя думкі былі ў тым, што некаторыя тэхналагічныя працэсы можна значна ўдасканаліць, каб, у першую чаргу, палегчыць вельмі няпростую працу рыбака.

А Галілейскае мора ёсьць морам няпростым і чым больш дасканалай будзе лодка і рыштунак на ёй, тым лягчэй будзе праца і тым больш будзе выніку гэтага, а значыць і тое, што сям’я рыбака будзе забясьпечанай пэўным дастаткам. Ісус павольна абыходзіў усе вытворчыя працэсы, калі Зэбедэй сардэчна сустрэў Ісуса ды запрасіў Яго ў свой дом, дзе іх чакала ўжо смачна прыгатаваная страва.

Ранкам жа, Ісус падзяліўся Сваімі думкамі з Зэбедэем пра тое, што Ён задумаў перасяліць маці ды Рут у капернауцкі дом, які вызваліўся з пад арэнды, але, на погляд Ісуса, патрабаваў пэўнага рамонту, каб маці і Рут не адчувалі сябе неяк няёмка. Зэбядэй падтрымаў малодшага сябра і яны выпрацавалі наступнае пагадненьне пра тое, што Зэбедэй, сіламі сваіх людзей, прывядзе ў належны стан дом Ісуса, а Ісус, у Сваю чаргу, адпрацуе гэта на прадпрыемстве Зэбедэя.

А пакуль што яны пайшлі на тую частку берагу, дзе гатаваліся да выхаду ў мора новыя лодкі Зэбедэя. Гэта было цудоўнае відовішча, калі новая лодка, распраўляючы ветразь, пачынала свой нялёгкі рыбацкі шлях у прасторы Галілейскага мора. Сэрца Ісуса было ў-ва ўсім гэтым, бо ў-ва ўсім гэтым была і частка Ягонай працы, якая паляпшала жыцьцё простага жыхара, які быў залежным ад вынікаў працы рыбака. Зэбедэй пагадзіўся з тым, што Ісус пачне Сваю працу неадкладна, а пакуль што, назаўтра, у суботні дзень, усе яны сустрэнуцца ў сынагозе, дзе Ісуса будуць вітаць усе, хто прыйдзе на гэтае служэньне.

Сынагога сустрэла Ісуса з радасьцю і памяцьцю таго, як Ён чытаў ды тлумачыў Пісаньне, а таму, калі настаў пэўны час, Яго запрасілі на кафедру, каб Ён сказаў Сваё слова. Ісус, узяўшы сьвітак, адкрыў яго на Малахіі, прачытаўшы наступнае: «Бо вось, надыходзіць дзень, які палае, як печ, і ўсе свавольныя, і ўсе тыя, якія робяць нягоднасьць, будуць як салома, і спаліць іх дзень, які надыходзіць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, што не застанецца ад іх ані кораня, ані галінкі. А для вас, якія баіцёся імя Майго, узыйдзе сонца праведнасьці, і аздараўленьне на крылах ягоных. І вы выйдзеце, і будзеце скакаць, як цяляты з аборы. І будзеце таптаць бязбожных, бо яны будуць попелам пад ступнямі ног вашых у дзень, які Я зраблю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Памятайце Закон Майсея, слугі Майго, які Я загадаў яму на Харэве для ўсяго Ізраіля, пастановы і суды. Вось, Я пашлю вам Ільлю прарока перад надыходам дня ГОСПАДА, вялікага і страшнага. І ён зьверне сэрца бацькоў да сыноў іхніх, і сэрца сыноў — да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, ня ўдарыў зямлі выгубленьнем з закляцьцем».

Ісус ня шмат тлумачыў сказанае з Пісаньня, але тое няшматсказанае вельмі кранула сэрцы прысутных, якія адчулі нейкія новыя фарбы ў голасе ды тлумачэньні сказанага.

Наступны дзень пачаўся з выкананьня таго, што вырашылі паміж сабою Ісус з Зэбедэем. Ісус пачаў працу на прадпрыемстве Зэбедэя, а людзі Зэбедэя пачалі працу па падрыхтоўцы да пераезду сюды маці ды сястры Ісуса. Ісус з надхненьнем працаваў, выпрацоўваючы Свае думкі і напрацоўкі, якія Ён працяглы час абдумваў ды выношваў, калі бачыў многае ў розных краінах тагачаснага сьвету.

Галілейскае мора ёсьць роднае мора і на ім павінна быць усё найлепшае, што можа быць адносна саміх лодак, а таксама і іхняга рыштунку. Так і мінула некалькі тыдняў ад пачатку гэтае працы, калі Ісус адчуў у Сабе патрэбу пайсьці на гару Гэрмон, каб пабыць у адзіноцтве і запытаць, у малітве, Айца на конт далейшага жыцьцёвага шляху. Праз некалькі дзён, калі яшчэ сонечныя прамені не асьвятлілі Капернаум, Ісус ўжо накіроўваўся ў бок Цэзарэі Філіпавай, дзе Ён павінен быў маліцца да Свайго Айца.

Гара Гэрмон сустрэла Ісуса рознакаляровымі фарбамі разнастайных кветак ды зялёнымі дрэвамі. Ён ведаў яе горныя сьцежкі і таму ўпэнена ўзьнімаўся на пэўную вышыню, каб спачыць і памаліцца Свайму Айцу ды спазнаць час Сваго зямнога служэньня.

Прахалода ночы не зьбянтэжыла Ісуса і Ён сустрэў начны час у вопратцы, якая і была для гэтага і прызначана. Першыя прамені сонца засталі Ісуса ў малітве пра Сваё далейшае жыцьцё і служэньне. Ісус адчуў у сэрцы Сваім тое, што даволі хутка настане той час, калі Ён павінен будзе пачаць тое, што вызначыў Яму Айцец. Так казаў Айцец, а таму так павінна было і быць.

Ісус вяртаўся у Капернаум, упэўненым у тым, што вельмі хутка настане той час, калі Ён павінен будзе пайсьці па закліку Свайго Айца на тое служэньне, для якога Ён і быў народжаным ў гэтым сьвеце. Шлях да Капернаума ня быў доўгім, але доўгім было разважаньне пра Ягонае будучае служэньне, як пра тое і казаў Яму Айцец. Блакітныя воды Галілейскага мора вярнулі Яго да зямной рэальнасьці, дзе Ён павінен быў і быць, чакаючы часу ад Айца.

Субота сустрэла Ісуса першымі праменямі сонечнага сьвятла, якое вызначала ўсё нарастаючы блакіт Галілейскага мора. Ранак ужо ўваходзіў у свае правы, калі Ён накіраваўся да сынагогі, каб аддаць належнае Богу ды выказаць Свае адносіны да Свайго Айца.

Усё было так як і заўсёды, але калі Яму прапанавалі слова на кафедры служэньня, Ён, памарудзеўшы, выбраў слова за народ, які хадзіў у цемры і убачыў сьвятло вялікае, калі над жыхарамі зямлі ценю сьмерці сьвятло зазьзяла: «Ты памножыў народ і павялічыў радасьць. Яны будуць радавацца перад абліччам Тваім, як радуюцца ў час жніва, як цешацца, дзелячы здабычу. Бо ярмо цяжару ягонага, кій, які на плячах ягоных, дубец крыўдзіцеля ягонага Ты зламаў як у дзень Мадыяну. Бо кожны бот вайсковы, які шоргае гучна, і кожны плашч, заліты крывёю, будзе на спаленьне, на спажыву агню. Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам, улада на плячах Ягоных, і назавуць імя Ягонае: Цудоўны Дарадца, Бог Магутны, Бацька Вечнасьці, Князь Супакою. Вялікая будзе ўлада Ягоная, і супакою ня будзе канца на пасадзе Давіда і ў валадарстве Ягоным, якое Ён паставіць моцна і ўмацуе судом і праведнасьцю ад цяпер і на вякі. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта. Слова паслаў Госпад на Якуба, і ўпала яно на Ізраіля».

Ісус нічога не тлумачыў на гэтыя словы, але тое, што Ён прамовіў адбілася ў сэрцах многіх з тых, хто гэтае пачуў.

Так прайшло яшчэ некалькі тыдняў, калі галілейскі дом быў з большага падгатаваным да пераезду маці і сястры Рут, якія, да гэтага часу, ня ведалі таго, што прадвызначыў ім Ісус. Але настаў час і Ісус выправіўся ў Назарэт, каб зьдзейсьніць тое, што павінна было быць зьдзейсьненым.

Маці ўспрыняла рашэньне Ісуса з разуменьнем таго, што так будзе лепш для сям’і, а Рут увогуле была ў захапленьні ад таго, што яна пабачыць новае месца, пра якое яна так ужо шмат чула ад іншых людзей. Зборы не былі доўгімі і, у хуткім часе, Рут убачыла тое, што было толькі ў сьне – Галілейскае мора, як тая прыгожая казка, адкрылася перад ёй, але ўсё гэта было нашмат прыгажэйшым чым тое, што яна ўяўляла раней у сваіх думках.

Новы дом таксама спадабаўся ёй, тым больш, што кавалак зямлі каля дому вітаў яе, запрашаючы прыкласьці свае рукі, каб упрыгожыць гэтае новае месца. Так пачаўся новы этап новага жыцьця, як быцццам бы новай Рут, каля цудоўнага блакітнага мора.

Ісус працягваў працу на прадпрыемстве Зэбедэя, удасканальваючы канструкцыю рыбацкай лодкі і яе рыштунку. Заробак Ісуса цалкам ішоў на падтрымку маці і Рут, а таксама і на заканчэньне рамонтных мерапрыемстваў для капернаумскага дому. Дні праходзілі незаўважна, калі, праз некаторы час, да Капернаума дайшлі чуткі пра нейкага Яна, які прапаведаваў хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў, хрысьцячы грэшнікаў у Ярдане і кажучы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

Гэты нейкі Ян магчыма быў «нейкім» для многіх іншых людзей, але Ісус ведаў Свайго стрыечнага брата Яна і, з большага, назіраў за назарэйскім жыцьцём брата, хаця апошняя іхняя сустрэча адбылася больш за дзесяць гадоў таму. Ісус уважліва назіраў за гэтым служэньнем Яна, які павольна рухаўся ад ніжняй плыні Ярдана ўверх, на поўнач.

Нарэшце дайшлі зьвесткі пра тое, што Ян прапаведуе на Ярдане непадалёк ад Пелы, калі Ісус уразьліва адчуў тое, што надыйшоў час для ягонага грамадзкага служэньня. Ён завершыў запланаваны этап працы, вызначыўшы Зэбедэю пра тое, што Ён пакідае Капернаум, ідучы на сустрэчу з Янам. Ісус перадаў маці большую частку заробленых у Зэбедэя грошай і, развітаўшыся, выйшаў з Капернаума ў напрамку Магдалы.


Ад аўтара:

Той, хто чытаў Эвангельле паводле Лукі, ведае гісторыю Захарыі і Эльжбеты, зьвязаную з нараджэньнем Яна, які быў прадвызначаны Богам на служэньне падрыхтоўцы Госпаду народу падрыхтаванага. Ісус ведаў гісторыю Яна і ягонае прадвызначэньне, а таму выразна зразумеў тое, што гэта і ёсьць пачаткам Свайго служэньня.

Між тым бачыцца правільным уважліва паглядзець на гэты час і ўсьвядоміць тое, што зусім не выпадкова нарадзіўся Ян, а потым і Ісус, бо Бог нічога ня робіць выпадкова. Гэты век быў пераходным векам невядомасьці ды сумненьняў. Ерусалімскі храм ператварыўся ў вялічэзнае камерцыйнае прадпрыемства, зьбіраючы немалыя падаткі з усіх гебраяў, дзе б яны не жылі. Сынедрыён апынуўся ў руках ірадыянаў ды каварных садукеяў, а закон Майсея, дзякуючы «творчасьці» кніжнікаў ды фарысэяў, ператварыўся ў стос тысячаў і тысячаў новых правілаў, якія дапаўнялі ды карэктавалі пастановы Пяцікніжжа.

Сьвецкая ўлада моцна трымалася ў руках ідумянаў. Сьвет быў сапсаваным, бо разбэшчанасьць паганаў дасягнула агідных памераў, што адбівалася на ўпадку маралі. Злачынствы валадарылі паўсюдна і не было ніякіх сродкаў супраць гэтага жаху і разбурэньняў, якія і былі вынікам маральнага ўпадку.

У такія вось часы і праяўляецца моцнае імкненьне да аскетызму – выхаду з хворага грамадзтва ў асабістае адзіноцтва. Незалежнае становішча, харчаваньне з прымітыўных прыродных крыніцаў, прымітыўнае адзеньне ёсьць больш прывабным, чым сьвецкае жыцьцё, поўнае амаральнасьці і зла.

Такім і быў Ян ад сваёй маладосьці. З раньніх гадоў малады назарэй імкнуўся да адасобленага жыцьця, але гэта было вынікам жаданьня і разуменьня ягонага пакліканьня, каб выканаць сваё прызначэньне ў гэтым сьвеце. Сьвятло, якое палала ў ім, павінна было асьвятліць шлях будучага валадара. Дух і прырода Яна былі поўнымі рухомасьці і агню. Працяглая барацьба з самім сабою і тая перамога над сабою, пакінула сьляды жорсткай бітвы, вынікам якой стаўся супакой, які быў падобны на гукі далёкай буры.

Вучэньне Яна насіла адбітак той пустыні, дзе панавалі скалы ды зьмеі, а дзейнасьць мела характар палаючага факелу ці землятрусу, а сам ён быў падобны на голас, які кліча ў пустыне: «Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго. Усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай панізяцца, крывізны няхай выпрастуюцца, і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі. І ўгледзіць усякае цела збаўленьне Божае».

Агонь гарэў у сэрцы ягоным, агонь сыходзіў і з ягоных вуснаў. Ён вучыўся ў пустыні, калі сваё сэрца яднаў з сэрцамі вялікіх прарокаў, ягоных папярэднікаў пад час знойных дзён і доўгіх ды халодных начэй пустыні каля Мёртвага мора. Ян навучыўся слову, атрымаў адкрыцьцё, якое недаступнае слыху звычайнага чалавека і якое немагчыма атрымаць у школе рабінаў, але можна атрымаць у школе адзіноцтва пад наглядам і кіраўніцтвам Госпада.

Сучасныя яму настаўнікі ніяк не былі падобнымі да яго. Пышнае адзеньне фарысэяў ці, у меньшай меры, кніжнікаў рэзка вылучалася ад адзеньня простых людзей, вызначаючы і сваю важную асобу, якую абавязкова трэба любіць і паважаць.

Але ўсё гэта не пра Яна, калі загарэлае аблічча, доўгія валасы, скураны пояс, адзеньне з вярблюда казалі пра тое, што тут сапраўдны чалавек ў-ва ўсёй яго прыроднай велічы і вялікай сілай волі, якія вышэй за звычайную чалавечую гордасьць, а таму вышэй за любы страх.

Ён быў сілай сярод народу, а таму і далёка пайшлі чуткі пра тое, што ў Юдэйскай пустыне жыве чалавек, моцнае слова якога дастойнае таго, каб яго пачуць. І што гэты чалавек сваёй пропаведзьдзю напамінае Ісаю, а сваім жыцьцём – Ільлю. Слова ягонае падобнае на молат, які раздрабляе каменныя сэрцы ці падобнае на агонь, які пранікае ў самае сэрца.

Не было тут ніякай лісьлівасьці ці страха, бо ён граміў мытнікаў за вымагальніцтва, садукеяў ды фарысэяў за фармалізм і прытворства, якія зрабілі іх спараджэньнем яхідны, а жаўнераў за крыўду ды незадаволенасьць. Ян тлумачыў народу тое, што ўсё гэта не прывядзе нікуды, але пакаяньне можа стаць ім абаронай ад будучага гневу.

Адчуваючы згрызоту сумленьня, людзі слухалі яго з разьбітым сэрцам, а калі Ян выбраў хрышчэньне сымбалем пакаяньня ды ачышчэньня, дык хрысьціліся ад яго ў Ярдане, вызнаваючы свае грахі.

Але галоўнае ягонае прызначэньне было ў тым, што ён ёсьць прадвесьнікам будучага Мэсіі. Ян не намагаўся для сябе ніякай славы, бо ён працаваў для славы Мэсіі. Калі сьвятары і лявіты з Ерусаліму запытвалі яго пра тое, хто ён, дык ён, нават не задумваючыся, адказваў пра тое, што ён не Хрыстос, не Ільля і нават не прарок, але яны пачулі наступнае: «Я – голас таго, хто кліча ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая».

А голас гэты казаў народу пра тое, што за ім ідзе Той, які быў наперадзе яго і Якому ён ня варты развязаць рамень сандалаў Ягоных. Больш таго, у адрозьнеьні ад Яна, які хрысьціць вадою, Ён будзе хрысьціць Духам Сьвятым.

Пакаяньне і Валадарства Нябеснае былі галоўным у пропаведзі Яна і не было тут ніякіх цудаў, але ён пагражаў прытворству абвінавачваньнем, дзёрзкасьці зьвяржэньнем, таму хто каяўся ён абяцаў прабачэньне, а чыстаму сэрцам – Божае Валадарства. Вось да гэтай пропаведзі і да гэтага хрышчэньня ішоў з Капернаума Ісус у Свае трыццаць гадоў, каб пачаць грамадзкае служэньне.


Рецензии