Як Братка Чарапаха перамог Братку Труса
ЯК БРАТКА ЧАРАПАХА ПЕРАМОГ БРАТКУ ТРУСА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope
***
— Здаецца, мы ўчора размаўлялі аб тым, што некалі даўно, калі звяры жылі, як добрыя суседзі, ніхто не мог цягацца ў хітрасці з Браткам Трусам? — сказаў дзядзечка Рымус.
— Так, — згадзіўся Джоэль. — Ты пра гэта і казаў.
– Ну вось, я і забыўся зусім, што аднаго разу Братка Трус даў маху, а Братка Чарапаха збіў з яго пыху.
— Як гэта было, дзядзечка Рымус?
— А вось як, сынок.
Скакаў неяк Трусік па дарозе — скок-паскок, скок-паскок! — і трапіўся яму на шляху стары Братка Чарапаха. Яны ўзрадаваліся адзін аднаму. Вось Трус тут вазьмі ды скажы, што вельмі ўдзячны Братку Чарапасе з таго самага дня, як той скокнуў Старому Лісу на галаву.
— Так, — сказаў Братка Чарапаха, — тваё шчасце, што ў цябе атрымалася схавацца ў печы. Інакш, Братка Ліс жыва дагнаў бы цябе і схапіў.
— Ну, дудкі, раней я б яго злавіў! Проста мне не хацелася пакідаць Матухну Мідоўс з дзяўчынкамі, — фанабэрыста заявіў Трус.
Гаманілі яны, гаманілі, і зайшла ў іх гаворка пра тое, хто ж будзе з іх дваіх хутчэйшым. Братка Трус кажа, што абгоніць Братку Чарапаху, а Братка Чарапаха — той гатовы біцца аб заклад, што будзе наперадзе Труса.
Спрачаліся яны і так і гэтак, а потым Братка Чарапаха і кажа:
— Добра. У мяне дома за печчу схавана паперка ў пяцьдзесят даляраў — стаўлю іх на кон у тым, што абганю цябе.
І Трус прызнаўся, што ў яго таксама ёсць пяцьдзесят даляраў, ён гатовы спрачацца, што абгоніць Братку Чарапаху.
Вось пабіліся яны аб заклад і выклалі грошыкі, а старога Братку Сарыча прызначылі суддзёй. Адмералі яны адлегласць у пяць міль, а ў канцы кожнай мілі паставілі слупок.
Братка Трус павінен быў бегчы па вялікай дарозе, а Братка Чарапаха захацеў скакаць лясочкам. Усе тлумачылі яму, што дарогай лягчэй бегчы, але стары Братка Чарапаха сам сабе ў галаве.
Паклікалі дзівіцца на забаву матухну Мідоўс з дочкамі і ўсіх суседзяў, і ўсе абяцалі прыйсці.
Трус практыкаваўся кожны дзень, скакаў зусім як конік. А стары Братка Чарапаха — той усё ляжаў у балоце. У яго была жонка і чацвёра дзетак, і ўсе яны былі падобныя на яго адзін у адзін. Адрозніць іх адзін ад другога — нават падзорнае шкло не дапаможа.
Вось прыйшоў прызначаны дзень, калі стары Братка Чарапаха, яго старая, і чацвёра дзетак — усе ўсталі да зары і адправіліся на месца спаборніцтва. Старая засталася ля першага слупа, дзеткі каля іншых, а сам стары Братка Чарапаха — за апошнім стаў.
Пачаў збірацца народ. Суддзя Сарыч прыйшоў, Матухна Мідоўс з дзяўчынкамі, Братка Трус прыскакаў, увесь упрыгожаны: на шыі — стужкі, на вушах — стужкі. Гледачы накіраваліся ў канец дарожкі, каб глядзець, хто прыбяжыць першым.
Вось надышоў час, суддзя Сарыч выцягвае свой гадзіннік і крычыць:
— Джэнтльмены, вы гатовы?
Братка Трус адказвае:
— Так!
І старая Сястрыца Чарапаха крычыць са свайго лясочка:
— Так!
І тут Трус як прыпусціць! А старая Чарапаха паціху — і дадому. Суддзя Сарыч ускочыў і паляцеў наперад, глядзець, каб усё ішло без парушэння правіл. Калі Трус дабег да першага слупа, адзін сынок Чарапахі выпаўз з лясочка.
Трус крычыць:
— Дзе ты, Браце Чарапаха?
— Паўзу, паўзу, — адказвае сынок.
— Ага! А я наперадзе! — сказаў Братка Трус і паскакаў хутчэй ранейшага.
Дабег да наступнага слупа — другі сынок выпаўзае з лясочка.
— Дзе ты, Браток Чарапаха? — крычыць Трус.
— Цягнуся, цягнуся памаленьку!
Як стрэльне Братка Трус — тут жа прымчаў да наступнага слупа. А тут яшчэ сынок. Пасля яшчэ слуп і яшчэ сынок. Адна міля засталася. Трус ужо быў упэўнены, што перамог. Тут стары Братка Чарапаха глянуў на дарогу і бачыць — ляціць суддзя Сарыч. Выпаўз Братка Чарапаха з лясочка, пералез цераз канаўку, прабраўся скрозь натоўп і схаваўся за апошнім слупам.
Падбягае да слупа Трус. Яму не відаць было Братку Чарапаху, ён і крычыць суддзі:
— Грошы мае, суддзя Сарыч! Грошы мае!
Тут Матухна Мідоўс з дочкамі пачалі рагатаць. А стары Братка Чарапаха вылез з-за слупа і кажа:
— Дайце толькі дух перавесці, паважанае спадарства. А грошыкі выйграў я!
І праўда. Прывязаў Братка Чарапаха кашалёк сабе на шыю і адправіўся дадому, да сваёй старой і дзетак.
— Дык гэта ж проста падман быў, дзядзечка Рымус!
— Ну, вядома, дружа, проста хітры жарт. Спачатку сталі звяры жартаваць адзін з аднаго, а ад іх ужо і людзі навучыліся. Так яно і павялося. Ты будзь уважлівым, сыночак, каб ніхто з цябе не пажартаваў так, пакуль ты малады. Потым ужо будзе цяжэй, калі валасы ў цябе стануць сівыя, як у старога негра.
Свидетельство о публикации №226072901194