Як Братка Чарапаха усiх здзiвiу
ЯК БРАТКА ЧАРАПАХА ЎСІХ ЗДЗІВІЎ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
В.Сінкевіч
***
— Скажы, дзядзечка Рымус, — спытаў неяк хлопчык, забраўшыся на калені да старога негра, — ці праўда тое, што Братка Трус быў хітрэйшы за ўсіх? Хітрэй Браткі Ваўка, і Браткі Апосума, і Старога Ліса?
— Толькі не хітрэй Браткі Чарапахі, — падміргнуў стары, выварочваючы кішэні — спачатку адну, потым другую, каб набраць тытунёвых бубачак для сваёй трубкі. — Таму што самым хітрым з усіх быў Братка Чарапаха!
Стары набіў сваю трубку і закурыў.
— Вось паслухай, сынок, — сказаў ён. — Паслухай, якім хітрым быў маленькі Братка Чарапаха.
Уздумалася неяк Матухне Мідоўс з дзяўчынкамі варыць лядзянцы. І столькі суседзяў сабралася на іх запрашэнне, што патаку прыйшлося наліць у вялікі кацёл, а агонь развесці ў двары.
Мядзведзь дапамагаў Матухне Мідоўс цягаць дровы, Ліс глядзеў за агнём. Воўк сабак адганяў, Трус талеркі змазваў алеем, каб лядзянцы да іх не прысталі.
А Братка Чарапаха — той залез на крэсла і абяцаў прыглядаць, каб патака не ўцякла праз край.
Сядзелі яны ўсе разам і адзін аднаго не крыўдзілі, бо заведзена было ў Матухны Мідоўс: хто прыйдзе, пакідай усе разлады за дзвярыма.
Вось сядзяць яны, гамоняць, а патака ўжо пеніцца патрошку і булькае. І кожны стаў тут хваліцца сабой. Трус кажа — маўляў, ён усіх хутчэй, а Чарапаха ведай калыхаецца ў крэсле ды пазірае на патаку. Ліс кажа — ён за ўсіх хітрэйшы, а Чарапаха ведай калыхаецца ў крэсле. Воўк кажа — ён самы люты, а Чарапаха ведай калыхаецца і калыхаецца ў крэсле. Мядзведзь кажа, што ён за ўсіх мацнейшы, а Братка Чарапаха ўсё калыхаецца ды калыхаецца. Потым прыжмурыў сваё вочка і кажа:
— Падобна на тое, што я, старая шкарлупіна, ужо і не ў рахунак? Ну, не! Дарма, ці што, даказваў я Братку Трусу, што ёсць бегуны лепшыя за яго? Вось захачу, дакажу Братку Мядзведзю, што яму са мной не зладзіць.
Усе ну смяяцца і рагатаць, таму што з выгляду Мядзведзь надта ж моцны. Вось Матухна Мідоўс устае і пытаецца, як хочуць яны мерацца сіламі.
— Дайце мне моцную вяроўку, — сказаў Братка Чарапаха, — я пайду пад ваду, а Братка Мядзведзь няхай паспрабуе выцягнуць мяне адтуль.
Усе зноў — рагатаць, а Мядзведзь устае і кажа:
— А вяроўкі ў нас няма.
— Так, – кажа Братка Чарапаха, — і сілы таксама.
А сам калыхаецца і калыхаецца ў крэсле ды пазірае, як кіпіць і булькае патака.
У рэшце рэшт Матухна Мідоўс сказала, што, так таму і быць, пазычыць ім сваю бялізнавую вяроўку і, пакуль лядзяшы астынуць у талерках, яны могуць пайсці да сажалкі.
Братка Чарапаха сам быў з далонь, так што вельмі смешна было слухаць, як ён хваліцца, што перацягне Братку Мядзведзя. І ўсе адправіліся да сажалкі. Братка Чарапаха абраў мястэчка па гусце, узяў адзін канец вяроўкі, а іншы працягнуў Мядзведзю.
— Такім чынам, лэдзі і джэнтльмены, — сказаў ён, — вы ўсе з Браткай Мядзведзем ідзіце прэч у той лясок, а я застануся тут. Як я крыкну, няхай Братка Мядзведзь цягне, вы ўсе бярыцеся за той канец, а з гэтым я ў адзіночку ўпраўлюся.
Ну, усе сышлі, а Братка Чарапаха застаўся каля сажалкі адзін.
Тут ён нырнуў на дно і прывязаў вяроўку моцна-моцна да вялікага карча. Потым падняўся і крыкнуў:
— Цягні!
Наматаў Братка Мядзведзь вяроўку на лапу, падміргнуў дзяўчынкам ды як тузане! Толькі Братка Чарапаха не паддаўся. Узяў Мядзведзь вяроўку двума лапамі ды як ірване! А той зноў не паддаецца. Тады павярнуўся Мядзведзь і перакінуў вяроўку цераз плячо, і сабраўся было пайсці прэч разам з Браткай Чарапахай, ды зноў не пашанцавала: Братка Чарапаха — ні з месца!
Братка Воўк не вытрымаў і пачаў дапамагаць Братку Мядзведзю. Але карысці ў гэтым было мала. Усе яны ўзяліся за вяроўку і ну надсаджвацца. А Братка Чарапаха крычыць:
— Гэй вы там! Чаму так дрэнна цягнеце?
Убачыў Братка Чарапаха, што яны кінулі цягнуць, нырнуў і адвязаў вяроўку. А пакуль яны ішлі да сажалкі, ён ужо сядзіць на беражку як ні ў чым не бывала.
— Апошні раз, як ты тузануў, ледзь не адолеў мяне, — кажа Братка Чарапаха.
— Ты вельмі моцны, Братка Мядзведзь, але я ўсё ж мацнейшы!
Тут Мядзведзь глядзіць на Матухну Мідоўс і кажа:
— Нешта ў мяне слінкі цякуць! Мусіць, лядзянцы ўжо астылі.
І ўсе прыняліся за лядзяшы, а стары Братка Мядзведзь набіў поўны рот і гучна захрумкаў, каб нікому не чуваць было, як смяецца з яго Братка Чарапаха. Стары замоўк.
— Як толькі вяроўка не парвалася... — задуменна сказаў хлопчык.
— Вяроўка! — усклікнуў дзядзечка Рымус. — Мілы мой, ды ты ведаеш, якія тады былі вяроўкі? У Матухны Мідоўс такая была вяроўка — хоць быка на ёй вешай!
І хлопчык ахвотна паверыў дзядзечку Рымусу.
Ужо было зусім цёмна на двары, калі Джоэль абняў старога негра і сказаў яму: «Дабранач».
— Як шмат казак ты ведаеш, дзядзечка Рымус! — уздыхнуў хлопчык, якому вельмі не хацелася развітвацца са старым. — А што ты мне заўтра раскажаш?
Дзядзька Рымус хітра ўсміхнуўся:
— Вось ужо не ведаю, сынок. Можа, я раскажу табе, як Братка Трус напалохаў сваіх суседзяў. Або пра тое, як Братка Ліс злавіў Матухну Кабылу. Або пра тое, як Медзведзяня няньчыла маленькіх Кракадзілаў. Шмат ёсць казак на свеце. А цяпер бяжы, дружа, няхай табе сняцца добрыя-добрыя сны.
Свидетельство о публикации №226102300569