Неспадзяванка

Міхась Южык

Неспадзяванка

апавяданне


Алесь, бялявы падлетак гадоў чатырнаццаці, адваліўшыся на локці, глядзеў на ваду з рыбацкага мосціка. Сонца гуляла на рабізне, сляпіла вочы. Яно ляжала на хвалістай паверхні возера зіхоткай меднай плямай, пасміхалася і дражніла. І хацелася кінуцца ўніз, плысці да гэтага чароўнага круга.
— Як думаеш, тут глыбока? — запытаўся Алесь у таварыша-аднагодка, што сядзеў за яго спінай.
— Метры два будзе... — не дужа ўпэўнена адказаў той. — Хаця...
— Вось тое і “хаця”, што палі на такой глыбіні не ўваб’еш. Кумекаць трэба.
— Дык яны і стаяць на водмелі — па грудзі. А за мостам адразу ж — яма.
— Адкуль табе знаць, цяльпук гарадскі?!
— Такі ж, як і ты — ні болей, ні меней... А толькі рыбу з глыбіні ловяць, — абурыўся Кастусь. Так звалі другога аматара пагрэць бакі пад ужо нават і не лагодным, а проста пякучым чэрвеньскім сонцам: было гадзін адзінаццаць дня.
— А што калі акунуцца?
— Няма дурняў...
— Што так?
— Дык кажу ж, глыбока. І дошкі затанулыя, мажліва, з цвікамі.
— Ну і смажся сабе, лежань вялы, — Алесь устаў і, прыскакваючы для раўнавагі, пачаў сцягваць з сябе порткі. А больш на ім не было анічога.
Старое збудаванне загойдалася, зарыпела.
Ці то з-за спякоты, ці то з-за стомы ад не вельмі ўдалага ранішняга паходу па ягады Алесь быў крыху раздражнёны і ўзрушаны. Падмывала спагнаць кепскі настрой на прыяцелю. Таму яго рашэнне астудзіцца ў возеры можна лічыць удалым.
Ужо да паловы асеўшы ў ваду, трымаючыся рукой за слізкую жардзіну, усё ж падкалупнуў:
— Што, мама не дазваляе?..
— А як табе заўгодна... — з пагардай буркнуў Кастусь і насунуў брыль на самыя вочы.
...Алесь купаўся доўга. Спачатку роў ад асалоды, па-блазенску плюхаўся, фыркаў і адплёўваўся. Пырскаўся ў таварыша. Потым уціхамірыўся, адплыў далей і лёг на ваду. Было хораша калыхацца на невялічкіх хвалях, глядзець на сінізну нябёс, адчуваць сябе лёгкім і вольным. Вольным ад нядаўніх спраў, нагляду настаўнікаў, экзаменаў, уласных хваляванняў. Недзе далёка застаўся нудотны летні Мінск, наперадзе цэлае лета ў глухім палескім гарадку. І не бяды, што сёння яны амаль нічога не назбіралі ў лесе. Па-першае, яшчэ не сезон чарніц, а па-другое, яны ўсё ж адшукалі шлях да гэтага цудоўнага, ціхага ляснога возера. Тут амаль нікога няма. Вунь толькі дзед рыбачыць непадалёку з такога ж мастка. Вунь — човен затаіўся ў чаратах на процілеглым беразе. Ды кружляюць над хвалямі чайкі...
— Слухай, гайда на стадыён увечары? — прапанаваў Алесь таварышу пасля купання. — Сёння на футбол дамаўляліся. Шустры з хаўруснікамі падысці абяцаў.
— Я наўрад ці, — жвава трушчачы доўгі парніковы гурок, адказаў Кастусь. — Змарыўся, спаць дома буду.
— “Змарыўся”... Ды што ты, як старычына! Колькі гадоў табе? Змарыўся...
— Дый дзед не дазволіць. Сухмень — градкі паліваць трэба.
— Дык усё лета на дзеда ішачыць будзеш? Тады ўжо адразу ў Мінск уцякай, — гарачыўся Алесь. Яго гэты заморак раздражняў усё болей і болей.
— А хіба ты не працуеш? Цётка загадае — подскакам ляціш, — укалоў прыяцель.
— А мне дармаедам на шыі сядзець не хочацца... Але дамовіліся ў футбол — значыць, у футбол.
— Я ні з кім не дамаўляўся.
— Ну, як сабе хочаш, — Алесь з прыкрасцю плюнуў у ваду. Але праз хвіліну ўжо казаў: — Давай тады на зваротным шляху да старога млына пракоцімся. Га?
— А ты ведаеш, дзе ён? — Кастусь сунуў у рот прыгаршчу суніц.
Алесь дакладна не ведаў. Ды і хацелася яму туды не дужа. Аднак купанне ў возеры надало яму сіл, напоўніла цела неўтаймоўнай, гуллівай энергіяй. Карцела жартаваць, дражніцца, затым ускочыць на веласіпед, што стаяў у прыбярэжным ракітніку, і гнаць, гнаць яго па гонях, пералессях, адкуль вее чаборам, грэчкай і медуніцай...
— З таго берага, — Алесь паказаў рукой на процілеглы бок возера, — рачулка выцякае. Па ёй, кажуць, і кіламетра не будзе да разбуранага млына...
— Ды навошта табе млын? Адкасніся, — Кастусь увязваў рэчмяшок. — Тым болей развалены. У цябе што, фотаапарат ёсць, каб тыя руіны занатаваць?
Алесь недаўменна паглядзеў на таварыша, абурыўся:
— А ці не ты два дні енчыў, угаворваў мяне па ягады? Ці не ты возера шукаць пацягнуў? А цяперака: ягад мала, берагі яму не даспадобы, з моста купацца небяспечна. Годзе нэндзаць! Надта ты правільны, станоўчы вельмі...
— Паехалі лепш дамоў, — прыяцель ужо збіраўся рушыць да веласіпедаў.
— А мне і тут няблага, — дашчэнту ўзлаваўся Алесь. — Хочаш — круці педалі. Прывітанне дзеду перадаць не забудзься. А я буду плаваць і загараць. Да вечара.
Алесь скоса пазіраў, як затым таварыш на высокім беразе важдаўся каля веласіпедаў. “Не паедзе, заблудзіць пабаіцца”, — падумаў Алесь. І праўда: праз некаторы час Кастусь вярнуўся на масток і моўчкі лёг побач.
Пад’ём на досвітку і шматкіламетровая язда па бездаражы нагадвалі пра сябе: неўзабаве пакрыўджаных адзін на аднаго падлеткаў апанавала цяжкая, нездаровая дрымота пад неміласэрнымі промнямі высокага сонца.
…Алесь прачнуўся ад чагосьці незразумелага. Зірнуў на неба. Агледзеўся вакол. Сонца пякло не меней. Праўда, яно пераваліла на другі бок нябеснага купала і ўжо не сляпіла вочы, як да поўдня. Кастусь спаў на баку, спінай да таварыша. Альбо проста глядзеў на воднае люстра. Але штосьці было не так, быццам не ставала нейкай дробязі. Няма дзеда, што рыбачыў непадалёк?.. Не тое. Ад чаго ж Алесь мусіў прачнуцца? Хацелася есці?.. Ды не вельмі.
Хлопец яшчэ раз азірнуў наваколле. Прыслухаўся. Усюды лагода і згода. Гарачы вецер варушыць хвалі, яны злёгку пагойдваюць масток, ствараюць ля берага, пад ніцымі ракітамі, лёгкую какафонію…
Дзіўна, Алеся турбавала адчуванне невыказнай пустэчы, якую абавязкова (ён знаў гэта) павінна было нешта запоўніць. Ці добрае? Надта мірна цвыркаюць птушкі, надта, не па-зямному, тут хораша.
У прыбярэжным хмызняку штосьці хруснула, заварушылася, і праз колькі часу нехта важкі ўжо прадзіраўся ўніз па стромкім беразе скрозь пераплеценае голле. Вось чалавек узышоў на драхлы насціл і з рыпам набліжаецца да іх. Алесю зрабілася  ніякавата.  Не хацелася  паварочваць  туды  галавы,  глядзець у твар незнаёмцу. Чаму? Ды таму, што з маленства па адной толькі хадзе, па далёкіх, няпэўных пошумах і шорхатах распазнаваў Алесь добрае ці благое.
Але паглядзець прыйшлося. Вось ягоны абрыс засланіў сонца, навіс над імі, ляжачымі. Кастусь прачнуўся, прыўзняўся на локцях і ўжо глядзіць на незнаёмца. Той не вітаецца. Алесь рэзка крутнуўся, сеў бокам да прышэльца. Зірнуў на яго і тут жа вызначыў: хлопец прыкладна іхняга ўзросту, буйны, добра ўкормлены. Гэтакі пераростак, здаравіла. Ён маўчыць, стаіць разняволена і па-гаспадарску. Курыць і пазірае — ацэньвае…
Калі сустракаюцца каты, самцы сабак або іншых дзікіх і напаўдзікіх жывёл, яны пужаюць адзін аднаго ваяўнічымі паставамі. Затым пачынаюць шалёна крычаць, раўці, гыркаць. І часцяком гасяць гэтым свой палавы запал агрэсіўнасці, разыходзяцца з мірам. І не першае значэнне тут мае, хто з іх дужэйшы. Такія ўжо правілы гульні, дзе суддзя — прырода...
Пасля аднаго толькі непрывітання з боку незнаёмца Алесю належала ўстаць і ўпэўненым, грубаватым голасам запытацца: што таму трэба? Бо хлопец завітаў сюды, пэўна, збіраючыся гуляць не па чалавечых — па звярыных правілах. Яго нахабны цыганаваты твар тоіць пад вузкімі, рэдкімі вусікамі паскудную ўсмешачку. Толькі праз хвілін пяць хлапчына пытаецца, цэдзячы з пагардай скрозь зубы:
— Адкуль?
Алесь адказвае. Зноў жа памылка! Зноўку не трэба нічога гаварыць, вытлумачвацца. Трэба ўскочыць і стаць твар у твар з гэтым бамбізам. Але Алесь сядзіць у нейкім дзіўным, прыкрым самому сабе здранцвенні. Ён называе незнаёмцу райцэнтр, удакладняе нават, што не адтуль яны, а са сталіцы.
— Каго ведаеш? — пытаецца гэтае адутлаватае рыла ў Алеся. Кастуся ён як бы не прыкмячае. Гэтага відавочна спалоханага хлюпіка, мабыць, лічыць не вартым сваёй увагі. Ён і Алеся распытвае адно, каб упэўніцца: ці можна здзекавацца беспакарана, ці не паб’юць потым дужэйшыя?
Што на гэта адкажаш? Алесь разумее ўсю недарэчнасць, нязручнасць свайго становішча. Хлапчына можа ў любы момант нагой спіхнуць яго, сядзячага, у ваду, а тады малаціць амаль бездапаможнага зверху. Хіба можна размаўляць з такой пачварынай іначай, чым кулакамі? Словы здатныя ўлагодзіць нават гарылу і тыгра, але не гэтага п’янага ці абкуранага каноплямі правінцыяла. Так, гэта не тутэйшы, не вясковец. Тыя  не апранаюцца так страката і безгустоўна, з прэтэнзіямі на цывілізаванасць: гэтая блішчастая спражка рэменя на дрэнна адпрасаваных касцюмных штанах, гэтыя запыленыя вастраносыя туфлі… Бамбіза, відаць, з таго ж гарадка. Алесь ужо ненавідзеў яго. Ненавідзеў гэты смуглы твар з адбіткамі рана паспытаных заганаў. Свярбела ўскочыць і заехаць па ім як след.
Але з вуснаў замест належных слоў гатовы ўжо быў вылецець пералік сваіх правінцыйных знаёмцаў. Алесева цела нібы скамянела. Пагана, баязліва ныла пад лыжачкай…
Становішча выправіў сам граміла. Валадарным, нядбайным голасам ён кінуў Алесю:
— Хадзем са мной! — і, не азіраючыся, упэўнена накіраваўся да берага.
Кастусь, як  бы не чуў,  нешта засяроджана разглядаў  у вадзе. Яго ж гэта не тычылася!
Алесь падняўся і пацёгся басанож за хлапчынам. Ён нават узрадаваўся, што не давядзецца біцца на мастку. Здрада прыяцеля яго не бянтэжыла — той таго варты. Цяпер усё ясна і проста. Біцца — гэта яму знаёма. Сам-насам, па-чэснаму. Алесь даўно і сур’ёзна займаўся вольнай барацьбой і, незважаючы на значную перавагу нягодніка ў вазе і росце, у перамозе сваёй не сумняваўся. Зараз пачуцці яго супадалі з хваляваннямі перад выклікам на барцоўскі дыван. Там гэтае агіднае смактанне ўверсе жывата знікала нязменна.
Хлапчына дужымі размашыстымі рухамі, хапаючыся за галлё, лез на строму. Алесь паспяваў за ім. Ён не адчуваў голымі ступнямі каляных сцёблаў і дробнага камення, не бачыў вакол нічога, апроч гэтай ненавіснай, узмакрэлай пад майкай спіны наперадзе. Чаго ён да іх прычапіўся? Няма куды сытую энергію падзець? Дык заняткаў целу можна безліч знайсці. Ненавідзіць жыхароў сталіцы? Дык не да такой жа ступені, каб шукаць іх за сем кіламетраў ад гарадка на бязлюдным возеры. Кепскі настрой з пахмелу, хоча грошы на пляшку адабраць? Дык па вопратцы — дагледжаны і забяспечаны, мусіць. Наўрад ці. І хто ж грошы ў лес буйныя бярэ? Паказаць сваю дужасць? Дык навошта абраў у ахвяры заведама (на яго погляд) слабейшых?.. Драпежны звер небяспечны толькі падчас моцнага голаду, гэтая ж чалавечая пачварына, мабыць, проста прагнула яго, Алесевых, пакут, ягонай крыві і ўніжэння. На гора азёрнай і нябесная чысціні, на гора жаўтлявым палям, што нібы спускаюцца сюды ад самага небакраю… На радасць зялёнаму азызламу страшыдлу ў пекле, што песціць зло на зямлі, сілкуецца яго вычварэннямі.
…На беразе хлапчына запатрабаваў цыгарэт, хаця з яго кішэні вытыркаўся паўпусты пачак “Гродна”. Затым грошай. Алесь трымаўся ад яго на адлегласці выцягнутай рукі, гатовы ў любую секунду спружыніць. Ён глядзеў на гэты самаўпэўнены бязлітасны твар, на слінявы рот, з якога папераменна вырывалася на брыдкім спалучэнні дзвюх моў:
— Цыгарэты!
— Пачаму няма?!
— Дзеньгі!
— А еслі знайду?!
Раззлаваны адмоўнымі адказамі дзяцюк раптам ухапіў Алеся за майку і скамандаваў:
— Рукі ўніз! Рукі ўніз — я сказаў!
— Што табе трэба, — ужо раздражнёна, але даволі прыстойна вымавіў той і падаўся торсам назад, каб вызваліць майку ад пальцаў праціўніка. Яна затрашчала і надарвалася.
— Рукі ўніз! — вырачыўшы бялкі вачэй, дыхаў бамбіза вінна-тытунёвым перагарам Алесю ў нос. Ліхадзей быў вышэйшы за яго ці не на галаву.
Алесь, нібы загіпнатызаваны, апусціў рукі. Тады хлапчына няспешна, з веданнем справы, з нейкай д’ябальскай асалодай, размахнуўся і жахнуў косткамі вялізнага кулака яму ў грудзіну. Алесь няўлоўна пахіснуўся назад і змякчыў удар. Ад адсутнасці супраціўлення граміла паступова шалеў. Аднак з апаскаю, як на гарадскім пляцы, азірнуўся па баках (ці не ідзе хто паблізу?) і толькі тады па-садысцку нанёс паўторны ўдар у тое ж месца.
Было балюча. Але, не адказаўшы адразу як след, Алесь трывала знаходзіўся ў ролі хлопчыка для біцця. Ён разумеў свой нядошлы выгляд у параўнанні з грамілам і, напэўна, таму ніяк не мог наважыцца распачаць бойку.
А праціўнік, чырвоны ад шалу, адступіў на пару крокаў, нахіліўся набок і, рэзка выкінуўшы нагу наперад, узмацняючы ўдар разгібаннем калена, зноў трапіў Алесю ў грудную косць. Самым наском вострых важкіх туфляў. Ён рабіў гэта насамрэч нязграбна, насуперак усім канонам тэхнікі падобных удараў. Туфель ляцеў да грудзей задоўга, і Алесь быццам бы гэты палёт кантраляваў. Але, слізгануўшы між рук, грувасткі абутак усё ж трапіў у цэль…
Ад рэзкага болю, а больш ад крыўды на самога сябе, хлопец нарэшце выйшаў са здранцвення. Ён адскочыў убок, сцяўся ў  баявую стойку і стаў ніжэй ледзьве не ўдвая. Жылы напяліся па ўсім целе, сківіцы дрыжалі ад злосці. З рота з сіпеннем вылецела:
— Табе хана, гад! — Алесь ужо нічым не нагадваў таго пакорлівага, нягеглага з выгляду гараджаніна. Ён адразу не рынуўся на праціўніка, а прыгнуўся спружынай і, абараняючы твар кулакамі, па дузе перасоўваўся каля грамілы.
Той увачавідкі сумеўся. Алесь адзначыў на яго абліччы па чарзе: здзіўленне, гатоўнасць спасаваць, баязлівасць, абурэнне, ізноў лютасць і агрэсію. З ровам: “Што-о-о!” — бамбіза кінуўся на паўстаўшага.
Кулакі-кувалды няўдала прасвісталі міма Алесева твару. Выкарыстоўваючы інерцыю праціўніка, страту ім раўнавагі, хлопец сустрэў яго двума хвосткімі ўдарамі па сківіцах. Не даючы ачухацца, дадаў пару разоў нагамі ў друзлы жывот. Дзяцюк вохкнуў, скурчыўся і замёр на некалькі секунд. Відаць, аднаўляў дыханне і набіраўся злосці. Затым, падбадзёрваючы сябе крыкам: “Ды я табе за гэта-а-а!” — няўклюдна абрынуўся на  Алеся. Першы ўрок  не пайшоў, відаць, на карысць  нягодніку: ён атрымаў належную сустрэчу. З носа і брыва паліліся чырвоныя цуркі. Пасля гэтага гвалтаўнік вырашыў дзейнічаць выключна доўгімі нагамі, але і тут пацярпеў паразу: схоплены ўмелай рукой пад калена, быў зрынуты на дол…
Калі ў кулачным баі граміла меў сякія-такія шанцы, то ў дужанні на зямлі з вопытным барцом, хаця і лёгкавагавіком, ён быў проста асуджаны на ганебны пройгрыш. Алесь імгненна апынуўся на ім, цупкай, мускулістай рукой сціснуў вялую шыю, крутануў на сябе. Адну руку праціўніка ўладкаваў паміж сваіх ног: на злом. Той спярша колькі часу няўмела торгаўся, лаяўся і пагражаў расправай. Пасля кожнага такога імпэту ён мерна атрымліваў кулаком у лоб і сківіцы. Хаця Алесю ў запале нянавісці хацелася проста шкуматаць гэтае выкармленае цела, соўгаць паскудны твар па прыбярэжнай гліне. Але ён баяўся чужых пакут, як сваіх. Яшчэ гады чатыры таму, у піянерлагеры, адзін нахабны таўстун кінуўся на яго з кулакамі ў праходзе паміж ложкамі, і Алесь, спужаўшыся, нечакана для сябе заехаў яму нагой у самы ніз жывата. Таўстун роў нечалавечым голасам хвілін дзесяць. Хлопчык чуў гэта ажно знадворку, дзе хаваўся ад выхавацелькі. Ён думаў тады, што размажджэрыў небараку мужчынскія прычындалы, што яго за гэта на ўсё жыццё запратораць у турму… Усё абышлося тады, але Алесь, задзірысты з маленства жэўжык, пазбягаў, па магчымасці, боек з таго часу.
…Знясілены дзяцюк нарэшце прахрыпеў:
— Усё… Пусці.
Ён выглядаў змізарнелым і скораным, калі ўстаў з долу. Нават ніжэйшым і значна слабейшым за сябе ранейшага. За сябе ўладарнага і ўсёмагутнага. Дзіўна, у яго абліччы свіцілася нешта чалавечае. Мо гэта падалося Алесю? А можа, і сапраўды дух зла пакінуў гэтую чалавечую асобіну.
Ва ўсякім разе, хлопец ужо не чакаў ніякага вераломства, ідучы  перад  бамбізам  да  ягонага  веласіпеда. Калі  Алесь  выкручваў ніпелі і прыспускаў колы, той толькі прасіў жаласна:
— Не трэба, я ж абады пагну…
Быццам такія карныя захады можна было параўнаць з яго нядаўняй пачварнай задумай!
— Не хапала мне, каб ты за сваёй шушамеццю памчаўся, — буркнуў Алесь.
Хлапчына больш не пярэчыў. Толькі вэдзгаў патухлы твар, далонню сціраючы з яго крывавыя соплі. Затым нейк вінавата ўзлез на веласіпед і выправіўся на паўздзьмутых колах у родныя пенаты. Неўзабаве ён скрыўся за зарослымі вясковымі могілкамі, і сонца, так прынамсі здалося Алесю, зноў заззяла напоўніцу. Загаласілі нячутныя да гэтага птушкі, затрапяталі там-сям белыя матылі. Сонна матляўся на ветрыку адзінокі рамонак ля ног. Гэтая паўсюдная сціплая кветка нагадвала пра мір, любасць, пра нешта дарагое і вячыстае. Нават далёкія лядачыя крыжы ў зацені дрэў падаваліся мілымі і блізкімі.
Зла не было. Але яно не знікла за паваротам разам з хлапчынам. Яго, відаць, не прагналі б ні мальбы, ні заклікі да міласэрнасці і сумлення нягодніка. Яно выпарылася пад ударамі кулакоў, больш спрактыкаваных і спрытных. На жаль, спрадвеку так на Зямлі. А іначай зло само будзе драць і тузаць, дратаваць і пляжыць, ганіць і зневажаць, шалеючы, толькі больш шалеючы ад выгляду безабароннай ахвяры. На радасць д’яблу ці каму там яшчэ…

1999 г.


Рецензии