Антырыфмар
АнтыРЫФМАР
зборнік паэзіі
(склад, назва і змест файла цалкам адпавядаюць кнізе)
Анатацыя:
У кнізе «АнтыРЫФМАР» сабраны вершы аўтара, якія пісаліся і друкаваліся ў розных перыядычных выданнях цягам апошніх дзесяці гадоў. Гэта філасофская лірыка, прадстаўленая як у класічнай (РЫФМАР), так і эксперыментальнай (АнтыРЫФМАР) форме. Міхась Южык - празаік, паэт, літаратурны крытык, аўтар кніг прозы «Мёртвае дрэва», «Перакулены час», «Марыянеткі і лялькаводы», рамана «Лесвіца».
АнтыРЫФМАР / Міхась Южык. - Мінск : І. П. Логвінаў, 2009. - 182 с.
“ТУТ ДУМКА ЗЛІВАЕЦЦА З ПЕСНЯЙ БЛІСКУЧАЙ…”
І рынуўся на брата брат, каб падзяліць старонкі і славу. А той, хто даўно ўсё падзяліў, адно ўхмыляўся ды паціраў рукі.
У афіцыйных літаратурных колах апошняе дзесяцігоддзе модным стаў штамп пра тое, што кнігі, выдадзеныя “саматугам”, а не ў спецыялізаваных дзяржаўных выдавецтвах, быццам бы другасныя ў літаратуры. “Быццам бы”, таму што ў часы, трошкі ранейшыя, амаль усім пісьменнікам даводзілася збіраць грошы або шукаць спонсараў, каб рэалізаваць створанае, а суадносіны крытэрыяў узроўню творчасці і чалавечага фактару ў дэкларавана-мастацкіх выдавецтвах усім пісьменнікам добра вядомыя. Зрэшты, размова не пра тое, што нельга змяніць, а пра тое, што зроблена.
Петлямі стаўся мой лёс, ямамі. І вярэдзіць нязводнае: навошта? Бо відавочна, што змяніць не змагу анітрохі ў дарозе сваёй.
А тое, што зроблена, перад Вамі: зборнік паэзіі Міхася Южыка “АнтыРЫФМАР”. Южык больш вядомы ў беларускім літаратурным асяроддзі як выдатны празаік, папулярны як крытык і неўтаймаваны віртуальны апанент.
Там на першым паверсе кватэра, і ў сад
тры акны год трынаццаць глядзелі.
Цераз вокны ў кватэру ляцеў зарапад
і гучалі напевы мяцеліц.
Бадай, апошняе (апроч рэдкіх вершаваных падборак і выстаўленага ў Інтэрнеце), што давялося чытаць з паэзіі ў Міхаіла Юр'евіча, быў “Белый сад” Михаила Сотникова, зборнік, які ўвабраў юнацкія вершы аўтара, месцамі папраўленыя, а месцамі прыгладжаныя ягонай жа, яшчэ не стандартна-прафесійнай, але адчувальнай да Слова рукой. Было гэта ў самым канцы мінулага стагоддзя.
Ніколі не хацеў вярнуцца ў дзяцінства. Не таму, што яго так званая бясхмарнасць у мяне пад вялікім пытаннем, а таму, што баюся перажыць нанова ўсе нягоды і расчараванні, што зазнаў у юнацтве, маладосці ды сталасці.
“АнтыРЫФМАР” Южыка ўразіў. Напэўна, так бы ўразіў Кай Снежную Каралеву, калі б з кавалкаў лёду ўрэшце склаў слова “ВЕЧНАСЦЬ”.
Выцягваюцца дрэвы над асфальтам
у доўгую алею, ды ідуць
пад імі людзі. З векавечнай жальбай
глядзіць нябёс настуджаная ртуць.
Менавіта Вечнасць (як сама па сабе, так і ў па-мазахісцку балючых замілаваннях існасцю, у прыкрасці ад уласнай недасканаласці, у непахіснай веры ў Найвышэйшае) - асноўны настрой абедзвюх частак зборніка: першай - “РЫФМАРА”, дзе паэт па-майстэрску ўкладвае думкі і эмоцыі па канонах вершаскладання; другой - “АнтыРЫФМАРА”, дзе пераважна ў прытчавай форме падаюцца аўтарскія назіранні, асветленыя ўспышкамі паэтычнага азарэння.
О, блуканні ў мінулым! Бясконцая вязь
успамінаў, рахункаў не зведзеных.
Не вадзіце, прыгадкі, па роспачы нас
і не тыцкайце пысамі беднымі.
Кранае не толькі майстэрства напісанага, а і бездакорна вытрыманая (не ў сэнсе мантравых паўтораў або кампіляваных эпіцыклаў, а камертонная - на водгук душы) цэльнасць: у лексіцы, пачуццях, адданасці Слову.
Патокі жыцця нясуцца.
Адчуць іх ці хопіць дня?
Напятыя нервы рвуцца -
лядашчая іх браня.
Паэзія Южыка адметная ў беларускай літаратуры: яна сягае за традыцыйны сціпла-сарамлівы фармат, пашырае межы беларускага вобразнага слова. Але не скандальна або эпатажна, а эвалюцыйна - спакойна і натуральна.
Няведанне будзем клікаць,
лагоднае існаванне…
Ды позна - з цягучым рыкам
у Лету надзейна канем.
Так склалася, што аддаваць належнае даводзіцца тым творцам, якія навідавоку, сышоўшых успамінаць дзеля прыліку, пад “кампанію” або каб супакоіць сумленне. А тыя, хто побач - няхай пачакаюць…
Падманам поўніцца таемная прастора…
Мне хочацца пабачыць вас не так,
не ў тым святле, што падае з Фавору,
а жабракамі, цёмнымі як грак.
Міхась Южык выдае “АнтыРЫФМАР” перад уваходам у сталасць - узрост, калі добра бачна і тое, што было, і тое, што будзе. Як паэт ён адназначна адбыўся. Ацэніць хто ці не? Скажа слова або будзе зноў прыкрая звыклая цішыня і фармальныя анонсы?
Шмат гадоў працякло ў несціханых патугах,
намаганнях такіх, калі скура ў крыві.
Прыпадаў да камення, напружана слухаў:
ці не стане хто звонку, не крыкне: “Жыві!”
Усім пісьменнікам добра вядома пачуццё палёгкі, калі з душы звальваецца груз твораў, выдадзеных кнігай. І ніколі не вядома, колькі яшчэ адведзена часу і творчага патэнцыялу.
Эх, ранак бы счакаць і распачаць нанова
свой запаветны шлях за светлаю журбой,
і зліцца пакрысе з рачулкай лугавой,
і васількамі стаць. Ці проста ціхім словам.
“АнтыРЫФМАР” выходзіць прэзентацыйна-падарункавым накладам - дастатковым, каб напісанае засталося і можна было рухацца далей.
(Юрась Нераток)
З няведаннем чорным і белым (уступнае слова аўтара)
У наш перанасычаны інфармацыяй век цяжка кагосьці чымсьці здзівіць. Тым больш цяжка ўразіць аматараў літаратуры пасля Шэкспіра і Дастаеўскага. І ўсё-ткі кожны Божы дзень мільёны паэтаў планеты Зямля бяруцца за пяро, упэўненыя, што з'яўляюцца першаадкрывальнікамі нечага таемнага і вялікага. Насамрэч яны нічога не адкрываюць свету, проста свет прыадкрывае ім іншы свой бок.
Нядаўна ўразумеў, што апошнія дваццаць гадоў займаюся толькі адным - развагамі пра жыццё і выясненнем месца ў ім для свайго бясцэннага эга. Увогуле, філасофскія канструкцыі “сусвет і я” ды “сусвет без мяне” ёсць асноўныя рухавікі любой творчасці. Што гэта такое наўкол нас, успрынятае дадзенымі прыродай органамі пачуццяў? Што станецца з гэтым усім у міг, калі мы памром? Праклятыя пытанні, на якія адназначна не змаглі адказаць найвялікшыя мудрацы чалавецтва. Не змаглі, бо ніхто яшчэ не вяртаўся з вотчыны мёртвых, з-за рысы, адкуль, верагодна, бачыцца Ісціна. Тым не менш пытанні ставяцца і адказы на іх нястомна шукаюцца - па той простай прычыне, што без гэтых няпэўных і неканчатковых адказаў, бывае, жыць немагчыма.
У кнізе паэзіі “АнтыРЫФМАР”, якую выдаю да свайго саракагоддзя, па сутнасці нічога няма, акрамя гэтых пакутлівых праклятых пытанняў і нясмелых адказаў на іх. Дваццаць гадоў упартага думання прывялі мяне ўсё туды ж - да Няведання, нібы абышоў шар зямны і апынуўся ў пачатку шляху. Застаецца толькі падзякаваць жыццю за сам шлях.
(Міхась Южык)
Змест “АнтыРЫФМАРА”
частка 1. РЫФМАР
“ТУТ ДУМКА ЗЛІВАЕЦЦА З ПЕСНЯЙ БЛІСКУЧАЙ…”(прадмова)
З няведаннем чорным і белым (слова аўтара)
вершы:
1. “Няведанне – гэта шчасце...”
2. “З усіх нездавальненняў цьмяна-шэрых...”
3. “Белы конь праімчаўся па шляху...”
4. “Хіба можна даць веры вачам...”
5. “Няведаннем чорным і белым...”
6. “Вулачка ціхая Мінска старога...”
7. Песня вандроўніка
8. “Не па-людску засеялі поле...”
9. “Непарушны закон прыроды...”
10. “Мы аднекуль прыйшлі, ачумелыя ад непагоды...”
11. “І адно, і другое, і трэцяе...”
12. “Тут думка зліваецца з песняй бліскучай...”
13. “Чарада ліхтароў над смугою сцюдзёнай...”
14. “Выцягваюцца дрэвы над асфальтам...”
15. “Між базарных радоў пройдзе Ён...”
16. “Маўчыць і думае пад горадам зямля...”
17. “І кожны крочыў, кожны думаў...”
18. “Калі загінаецца свет жураўліны...”
19. Споведзь паэта
20. Страх
21. “Хаценняў сваіх ты спазнаць не патрапіш...”
22. “На месцы вуліц гэтых найсучасных...”
23. “Муры гарадскія ахопяць цябе...”
24. “У гэтым захмараным свеце...”
25. Мінск
26. “Зло і дабро спрадвеку б’юцца...”
27. Пустэльнік
28. “Ідзе па дарогах вандроўнік знябыты...”
29. “На лёсе тваім я быў чорнаю плямай...”
30. “Набіраю ў кішэні бязглуздзіцы ўсякай...”
31. “У залюстрэчча тайны зазірнуць...”
32. “Было непрытульна і мокра...”
33. “Сюжэты нараджаць у галаве...”
34. “Ты патрабуеш многа ад людзей...”
35. “Сядзеў я ў крэсле. Сон ліпучы...”
36. “Калі наткнуўся я на шэрую сцяну...”
37. “Ты праходзіш забітым салдатам...”
38. “Штоночы ты чуеш у сне...”
39. “Хацелася б верыць, што ў вуліцах гэтых...”
40. “Ходзяць людзі па злой зямлі...”
41. “Сяброў шукаць мне цяжка на зямлі...”
42. “Не знаёмыя мы з табою...”
43. “Падманам поўніцца таемная прастора...”
44. Пекла
45. Воля
46. “Калісьці ты над безданню ляцеў...”
47. “Вядуць сваю гаварыльню...”
48. “За што любіць цябе, жыццё...”
49. “Стала страшна сябе. Нібы гідкай пачварай...”
50. “Дзе лес саступіў разлогу...” (М. Багдановічу)
51. “Нічога не зведаеш зблізу...”
52. “Быць у згодзе з сабой магчыма...”
53. “Апошні агеньчык задзьмуўшы...”
54. “Распалю агонь. Буйным полымем...”
55. “Нырайма ў сваю стыхію...”
56. “Мы з табой расказалі...”
57. “Калі пытанні ставіў дзень...”
58. “Стыне тваё чаканне...”
59. Невядомаму паэту
60. “Хутка ўсё адыходзіць. І мінулага сон...”
61. “Не жартую з табою, слова...”
62. “Відзежа кароткая сполахам белым...”
63. “Калі зелянеюць кроны...”
64. “Зноў паўстае свяціла за акном...”
65. “Мы ўспаміны люлялі, як хворых дзяцей...”
66. “Я правёў колькі год, нібы ў склепе каменным...”
67. “Разлілася барва па пакоі...”
68. “Горад зводзіць жаданні і дзеі на нуль...”
69. “Ім хацелася жыць і шчасліва лятаць...”
70. “Імчыцца па рэйках нястрымны цягнік...”
71. “Камень булькне ў раку, сціхне рэха ў лясах...”
72. Някрасава, 8
Частка 2. АнтыРЫФМАР
1. “З падачы ўласнай фанабэрыі...”
2. “Дом мой стаіць на бульвары...”
3. “У цёмнай задушлівай камеры...”
4. “Толькі скончылася навальніца...”
5. “Ад поўнага даверу...”
6. “Два чалавекі...”
7. “Петлямі стаўся мой лёс...”
8. “У светлай вітальні...”
9. “Выходзіць дужы чалавек...”
10. “Трэснула зямля...”
11. “Памёр чалавек сталага веку...”
12. “Аднойчы бег, як і заўжды...”
13. “Патануўшы ў крэсле...”
14. “Пасярод бору...”
15. “Абярнуўшыся ў трывозе...”
16. “Ігруша стаяла ў пладах...”
17. “Ён мае рамбічную форму...”
18. “Пачынаем з кахання ўзнёслага...”
19. “Цягнуцца з усіх бакоў...”
20. “У горадзе Раўнавагі...”
21. “Я ўзяў два кволыя саджанцы...”
22. “Нястомна дбаю...”
23. “Штохвіліны, удзень і ўначы...”
24. “Калі адкрываеш ты мне, жыццё...”
25. “Люблю наш зменлівы...”
26. “Выпраўляючыся з дому...”
27. “Строгімі вартавымі стаяць...”
28. “Поўны дом і поўная чаша...”
29. “Абмінуўшы тысячу пастак...”
30. “Блукаю па сетцы шляхоў...”
31. “Па вуліцах і дварах...”
32. “Сабраліся і жавалі...”
33. “Сядзелі мы шчыльным колам...”
34. “Бегалі і спыняліся...”
35. “Бачу сябра свайго...”
36. “Вось дрэва, кажа мне дзед...”
37. “Мы прасілі ў слёзных малітвах...”
38. “Стомлены ад жыцця...”
39. “На каменнай пляцоўцы...”
40. “Цяжка расставацца...”
41. “Сцерагла маю маладосць...”
42. “Расстаўлены па Культурным полі...”
43. “Калі Зямля памяняла свой ход...”
44. “Мы нібы вяршыня айсберга...”
45. “Скурай, вачыма і вуснамі...”
46. “Яны лёталі адвеку...”
47. “Дзе лес густы і цямравы...”
48. “Спыніся...”
49. “Бяжыць перад вачыма...”
50. “З усіх шчылін цячэ...”
51. “Кладучыся спаць...”
52. “Пешчу сваю ляноту...”
53. “Ён выходзіў на людныя плошчы...”
54. “Як толькі абуджаюся...”
55. “Абрынулася на наш горад вясна...”
56. “Хлусня. Ёй абураемся...”
57. “У квадратным пустым пакоі...”
58. “Спорна сыплецца...”
59. “На наступны Новы год...”
60. “Янка вельмі любіў сям’ю...”
61. “Яны любілі жыццё...”
62. “Раней верылі ў Бога...”
63. “Напаўняе наваколле тлумнае шчасце...”
64. “Забіўшы пстрычкай кузурку...”
65. “Я ішоў па цёмным калідоры...”
66. “Адмучыўшыся вайной...”
67. “Ён штомоцы крычаў...”
68. “Калі робіцца душна...”
69. “Неяк з’явіліся ўва мне чалавечкі...”
70. “Калі клянуцца ў вечным каханні...”
71. “Людзі любілі сонца...”
72. “Гуляю па сцяжынах Пантэона...”
73. “Бягу ці сплю...”
74. “Гуляюць па свеце...”
75. “Лезуць мурашы...”
76. “Ніколі не хацеў вярнуцца...”
77. “Мы не можам быць шчаслівымі...”
78. “Гогаль у душэўным разладзе...”
79. “Усе замаўчалі, забіліся ў норы...”
80. “У патухлым экране...”
81. “Не памятаю, як заходзіў у Лабірынт...”
82. “Душа прагне самоты...”
83. “Дакучліва каркае груган...”
84. “Каб гаварыць нешта новае...”
85. “Крочу па аслізлым каменні...”
86. “Стагоддзямі яны захіналі...”
87. “Ён свядома канчаў жыццё...”
1. РЫФМАР
* * *
Няведанне – гэта шчасце,
няздорава многа ведаць.
Няправільна лягуць масці,
агулам наваляць беды,
калі адкрываць калоду,
падглядваць чужыя душы,
цікавіцца тайным сподам,
дзівіцца на свет нязрушны.
Тады апануе зайздрасць,
і жах разбярэ, няйначай,
і станем няўмольна падаць
у бездань з адчайным плачам.
Няведанне будзем клікаць,
лагоднае існаванне…
Ды позна – з цягучым рыкам
у Лету надзейна канем.
* * *
З усіх нездавальненняў цьмяна-шэрых
адна незадаволенасць сабой
смыліць і надакучвае без меры,
і развінае роздумаў сувой.
Яна ўва мне. А я ў яе палоне
зрабіць і кроку гожа не магу.
Яна і ў снах суцішных не патоне,
і гонар мой асадзіць на бягу.
О, неразлучныя, нялюбыя і злыя,
шыбуем з ёй па змане і нудзе.
Намуляна ў яе абдоймах шыя,
нямашака спакою анідзе.
І трызніцца прыстанак даляглядны,
калі сабой здаволюся зусім.
Няхай памру. Ды верад мой закляты
развее час, як ад кастрышча дым.
* * *
Белы конь праімчаўся па шляху,
вершнік прывідам цьмяным на ім
пахіснуўся і ўскрыкнуў ад жаху,
і, здаецца, зваліўся зусім.
Ноч скрывала выявы і рухі,
ноч туманіла вочы мае.
І не бачыў я вершніка скрухі,
і не чуў яго рухі ў траве.
Нейкі час белы конь капытамі
гулкі стук на шляху адбіваў.
Сціх і ён. Толькі вецер садамі
з нізкіх яблынь пялёсткі страсаў.
* * *
Хіба можна даць веры вачам:
папялішча ды шулы збуцвелыя;
калі летась, даўней, вечнасць цэлую
тут стаялі і вёска і храм?
Воддаль зараснік зараз і цень,
ды каравыя вербы прыснулыя
над засохлым ручвом, дзе мінулае
ў дол сышло, як жыццёвы агмень.
Цвеліць травы вятрыскі павеў,
плачуць вербы на глебу збяднелую…
Тут калісьці, даўней, вечнасць цэлую
па-над гонямі крыж зіхацеў.
* * *
Няведаннем чорным і белым
ахоплены, выйшаў на шлях;
ён кратаў нагою нясмелай
камення дарожнага страх.
Але распаляла вандроўка
нязноснага сэрца агонь.
Гушчэчы адольваў ён лоўка,
праз ямы скакаў, нібы конь.
Ішоў, і нястрымнае нешта
падсцёбвала хлопца імпэт.
Скараліся пасткі і межы,
шырэй паўставаў Боскі свет.
Струменіла сонца у вочы
скрозь лісця вясновага вязь.
Ён крочыў. Цярпліва і моўчкі
збягаў у Бясконцае час…
* * *
Вулачка ціхая Мінска старога.
Тонуць у ценях кіёскаў рады,
гулка па бруку разносіцца мова,
цокат абцасаў. Будынак руды
грэе свой бок. Тут лупатае сонца
з мурам цалуецца толькі адным, –
больш не прабіцца, стуліліся моцна
кроны ў дрыготкі салатавы дым.
Коцяцца бліскаўкі па тратуары,
джаз легкакрылы ляціць праз акно.
Гожая музыка, шчасныя твары,
водару ліп дарагое віно…
Песня вандроўніка
Стаць бы ніцаю вярбінаю
над ракою ў ранні час,
слухаць песню салаўіную,
скаланацца кожны раз
ад павеву мімалётнага,
слёзы ліць на сон-траву,
упівацца прахалодаю,
нахіліўшы галаву.
Стаць бы дубам, што на ростані
засень гожую стварыў.
За ваколіцамі з росамі
там гуляе сонцазліў.
І лунаюць мары дзённыя,
ды над шатамі галін
разбрыдаюцца паўсонныя
статкі белых аблачын.
* * *
Не па-людску засеялі поле,
па-кашчунску збіралі ўраджай,
і жалобна хмурнеў небакрай
у краіне нязбыўнай юдолі.
А наранку ўсё тая ж макрэча
ды палеткаў заўсёдны няўрод…
Кожны год так было, кожны год –
не хапае ўжо сіл чалавечых.
Акрыяць бы нам, выпрастаць шыі,
усміхнуўшыся, твары падняць…
Але мокне, гніе сенажаць,
але хлюпаем, ледзьве жывыя.
Наша вотчына хутка дрыгвою
засмярдзіць на абшары зямным.
Абышліся злачынна мы з ім –
васільковым, рамонкавым полем.
* * *
Непарушны закон прыроды
перайначыў мяне наўскос.
Думаў: рушыў пуцінай годнай
і цягнуў найкаштоўны воз.
Аказалася, на ухабах
калымага і скарб наўспрах
разляцеліся. Вельмі слабым
выйшаў мой прыжыццёвы дах.
Паабапал – асін спляценні,
хмары ў лужынах і ўгары.
Шкандыбаю праз злыя цені,
джаляць восы і камары.
Вочы ўспухлі, пасмяглі губы,
пуста ў торбе… Ды так лягчэй
забывацца на воз нялюбы,
пустацвет маіх дзён-начэй.
* * *
Мы аднекуль прыйшлі, ачумелыя ад непагоды.
Будавалі сялібы, узводзілі храмы, масты.
Дамагаліся існай, ачышчанай ветрам свабоды
і баяліся здрады, няшчырасці і пустаты.
Месты нашы буйнелі, сады наліваліся цветам,
пакаленні дужэйшыя новыя выйшлі на шлях.
Але шчасця не зналі. І бавілі зімы і леты
без натхненняў, без Божае ласкі і веры ў вачах.
Выгнівала нутро, хоць здароўе зайздроснае звонку
пераконвала прышлых у нашай заможнасці ды
палымянасці сэрцаў. Але ва ўрачыстасці звонкай
неўпрыкмет парахнелі паселішчы і гарады.
І тады расступалася неба і кволых прымала,
разыходзіўся дол і навекі ўсіх дужых хаваў.
Груды попелу ўпалі туды і азёры металу…
Праз стагоддзі тут зноўку над рэчкаю сад расцвітаў.
* * *
І адно, і другое, і трэцяе
адкладаецца ў галаве,
ветракамі вялізнымі верціцца,
неспатольнаю прагай раве.
Выбудоўвае памяць злашчасная
тое, што пажадана забыць.
Развярэджвае дзікімі жарсцямі,
каб душу даастатку змарыць.
Не жадаю благое, тамлівае
дапускаць у штоночныя сны.
Хай пануе там сонца над нівамі,
хай над пушчай ляцяць бацяны.
Калі сніць – то сінечу прасторную,
калі згадваць – то ліўняў размах
ды радзіму лясіста-азёрную,
вёскі чорныя ў белых садах.
* * *
Тут думка зліваецца з песняй бліскучай,
святлом размываецца змрок.
Ляціць жыццядайная сіла і з кручы
страляе па сетцы дарог.
А мы разыходзімся ў крэўным абшары,
шукаючы кожны сваю
крыніцу натхнення. І пнёмся, і марым,
і молімся светламу дню.
Але не паспелі: ужо наваліўся
з-за лесу бязрадасны цень,
зацягнуты вулкі смугою імглістай,
на вежы – апошні прамень.
І мы паміраем штоночы, нібыта
напраўду жыццё аддаём
у гэтую немарач, што за блакітам
прыходзіць нямым каралём.
* * *
Чарада ліхтароў над смугою сцюдзёнай
запалілася, стала ярчэйшай за снег.
Барва захаду зблякла… Ахутаны стомай,
адзінокі спяшае праз двор чалавек.
Дойдзе ён, трэба верыць, да пэўнай кватэры
і паспее сказаць за бяседным сталом:
“З Новым годам, сябры!” Замільгаюць шпалеры
жыццядарным ялінкавым хітрым агнём.
Будуць спевы гучаць, і сямейства зліецца
ў тлуме радасці боскай. А трэцяй засне
кожны трэці. І зойме трывалае месца
год нязнаны ў застольнай гуллівай мане.
* * *
Выцягваюцца дрэвы над асфальтам
у доўгую алею, ды ідуць
пад імі людзі. З векавечнай жальбай
глядзіць нябёс настуджаная ртуць.
І мы любілі гэтак напрадвесні
зайсці пад шаты касарукіх дрэў,
глядзець скрозь іх на купал паднябесны
і чуць зямлі збалелае напеў.
А дзесьці горад цягнецца ў вышыні
нязгаснымі сузор’ямі акон…
Ды дрэвы ўсё ж ямчэй у вечнай плыні
хаваюць душаў патаемны сон.
* * *
Між базарных радоў пройдзе Ён,
праз ажыўлены гандаль, тавары,
неспатоляй працятыя твары,
скрозь манецін рассыпісты звон.
Незаўважаны, будзе мінаць
магістралі, шашы і прасёлкі,
дзе шалее няўстрым вецер золкі,
дзе матораў бязбожная раць.
Зноўку месты, і зноўку дамы –
нашы сховішчы ў светакручэнні…
Прамільгне Ён няўбачаным ценем,
адзінокімі станемся мы.
* * *
Маўчыць і думае пад горадам зямля.
І не ідуць угору дрэваў сокі…
А ты калісьці песні акрыляў.
Яны ляцелі, нібы ўдаль аблокі.
Тужліва і журботна стала тут.
Ці ўзнімеш неба намаганнем кволым?
Хістае сівер адзінокі прут,
тырчыць альтанка на пагорку голым…
Нам не запець, не ажывіць абшар,
пакінуты табою на расправу.
І будзе славалюбны валадар
чыніць на горад лютую аблаву.
О, толькі б жыць! Але не так, не так,
калі на вуліцах адно пустыя вочы…
Згасае захад, быццам вяне мак.
Мы ўздоўж муроў, знявераныя, крочым.
* * *
І кожны крочыў, кожны думаў
і таямніцу нёс з сабой.
Там кожны вёў нябачны бой
з маркотаю і чорным сумам.
А палымяны свой парыў
хаваў там кожны за нявер’ем,
і зачыняў надзейна дзверы,
і кожны неспазнаным быў.
Ды ўсё-ткі нехта прачытаў
іх душ таемныя скрыжалі.
І перадаў, каб мы гарталі
старонак размаітых сплаў.
* * *
Калі загінаецца свет жураўліны
ад гвалту і ляманту, то
парвіце аковы, нібыта расліны,
шыбуйце на наша плато.
Вятры тут суняты, а думкі празрысты,
узвышана звонкая сінь.
Набудзьце супольныя строгія рысы,
як плечы сняжыстых вяршынь.
Хай мора бушуе ў падыспадзе горным
і пырскі да неба лятуць –
мы знойдзем зацішную ў скалах пячору,
каб годнасць на час ахінуць.
Не месяц, не год, а стагоддзі прамчацца,
каб зноў падружыцца з зямлёй.
І пойдзе ўшыркі ацалелае брацтва
па вотчыне новай сваёй.
Споведзь паэта
У раздражненні, непрыхільнасці, агідзе
да справы нелюбімай прыступіў.
І ёй, здаецца, я не менш абрыдзеў,
калі ўлягаў і рупіўся штосіл.
Якія рыфмы і якія рытмы
спынялі, абмяжоўвалі, гнялі
мой светакрай, рукамі перарыты
да нетраў непрыступнае зямлі!
Дубеючы далонямі і духам,
я безнадзейна скроб сухую цвердзь,
і гнаў адчай, і ненавідзеў скруху,
і прымушаў бязгучнае звінець.
Самлелі рукі і сатлелі строі,
пагасла свечка ў душнай глыбіні.
Я сцёрся і нарэшце стаў зямлёю.
І дні наўспят над ёй не паплылі.
Страх
Жывейшы за жывых, ты ўстаў насустрач ночы,
і горад прыцішэў, пагаслі ліхтары.
Было няўтульна нам да самае зары, –
пакуль імглісты твар за кожным крокам сочыць.
О, як нязносна спаць, калі ступой нячутнай
крадзецца між муроў жудлівы чараўнік!
І здатны дасягаць мізэрнай птушкі крык
да глыбіні душы ў цямрэчы каламутнай.
Даруй нам, уладар начы закамянелай,
грахі імклівых дзён і яркіх кветак зман.
Пад вокнамі ідзе тужлівы караван,
хістаюцца людзей бясформенныя целы…
Эх, ранак бы счакаць і распачаць нанова
свой запаветны шлях за светлаю журбой,
і зліцца пакрысе з рачулкай лугавой,
і васількамі стаць. Ці проста ціхім словам.
* * *
Хаценняў сваіх ты спазнаць не патрапіш.
Яны – лес дрымучы і цьмяны, як сон.
А проста ідзі міма сплеценых крон,
а проста сячы елак страшныя лапы.
І крый цябе Божа жадаць заканчэння
суровага лесу, бо ў полі пустым
сыходзяць хаценні ў завоблачны дым,
а ты застаешся пакінутым ценем.
Уславім жаданняў няспраўджаных змрок
і гушчы лясной узнясём хваласпевы.
Адно толькі там нараджаецца смелы
скаральнік бясконцых сусветных дарог.
* * *
На месцы вуліц гэтых найсучасных
калісьці лес шумеў хаўрусам вершалін.
Мінуць вякі. Замест будынін частых
тут узрасце наноў яловы шчыльны тын.
А можа, поле голае раскрые
свае абшары ветру і снягам.
На даляглядзе гор крутыя шыі
абвяжуць хмары… Нас не будзе там.
Я крыкну: гора! А ці гора гэта,
што не пабачым плыні векавой?
Хто знае… Целяпаецца планета –
ляціць пчалінка ў зор сусветны рой.
* * *
Муры гарадскія ахопяць цябе,
палоніць стасункаў магутная сіла.
Так зерне знікае пры весняй сяўбе
ў разоры глыбокай зямелькі маўклівай.
Ты будзеш расці па законах сівых,
ты будзеш зайздросціць суседу, што злева,
і потам пакрыецца кожны твой міг,
напругай штодзённай змарнуецца цела.
Дажынкі згуляе калісь грамада.
О, гэта памінкі па нашым квітненні!
І пойдзе прывычная дзён чарада,
як пожняй – аблокаў размытыя цені.
Ды хтосьці нанова рукою ўзмахне
і прыгаршчу кіне насення вясною,
і сонца зялёныя нівы кране,
і лета аздобіць іх фарбай рудою.
* * *
У гэтым захмараным свеце
найлепей і досвед і сны
хаваць, як хаваюць ад смерці
дзяцей у часіну вайны.
Выходзіць на людныя плошчы
тут трэба зыначыўшы твар.
Сваю запаветную ношу
трымаць, як трымаюць тавар.
І толькі гадзінай таемнай
у душным начным катуху
дзяліцца не з сябрам, а з цемрай
пакутай на гэтым вяку.
Мінск
Горад мой, перавіты садамі, красуе
ў бліках сонца, калі зноў народжаны ліпень
спачывае лагодна. Тралейбусным рыпам
не парушыць апоўдні дрымоту тугую.
Гэтых вуліц, завулкаў, дзядзінцаў цяністых
колькі сходжана мной... Колькі тут перажыта.
Прынікаю душой, ціхім жалем спавітай,
да ўсяго, што ўва мне адгукаецца існа.
Я па ім шпацырую натхнёнай хадою,
апасаюся думкай нервовай стрывожыць
запаветнае, цёплае горада ложа…
Нават след замятаю – свой след за сабою.
* * *
Зло і дабро спрадвеку б’юцца,
не саступаючы свайму
праціўніку. І жыць па-людску
магчыма Богу аднаму.
Што нашы творчыя набыткі,
калі крыніцай дзённых спраў
ёсць вынік гэтай сечы брыдкай –
дабра і зла заўсёдны сплаў...
Пустэльнік
Ён ухіляўся і маўчаў,
адводзіў вочы дзікавата.
І не было яшчэ мяча,
што б мог рассекчы тыя краты.
Такім вар’яцтвам светлы сум
ён апускаў на нашы храмы.
І плоймы велічэзных дум
апанавалі лёд і камень.
О, гэты сцішаны мысляр
адной наяўнасцю сваёю
натоўпы беспрасветных хмар
схіліў да вечнага спакою.
* * *
Ідзе па дарогах вандроўнік знябыты
і пыл узнімае паважнай ступою.
Абапал калосіцца жоўтае жыта,
і вецер хвалюе бяскрайняе поле.
Зямля наталяецца сонейкам мілым,
аблокі растуць і адвечар знікаюць.
Бадзяга ж губляе апошнія сілы,
ён хоча дапяць запаветнага краю.
Свяціла нырае ў прадонне начное,
і дзень памірае, каб зноў нарадзіцца.
Упарты вандроўнік паважнай ступою
вярстуе дарогі гаротнай зямліцы.
* * *
На лёсе тваім я быў чорнаю плямай:
кахаў, ненавідзеў і зноўку кахаў.
Ты стала штодзённай вярэдлівай справай
сярод паўсядзённых няздзейсненых спраў.
Прызнаемся, дружа, мы – два эгаісты –
жадалі зняволіць адно аднаго
абдымкамі целаў у ночы празрыстай,
у возеры зоркавым без берагоў.
Але не стрывалі салодкай няволі
і разам шарахнулі ў супрацьбакі.
Брыдзём па жыццёвым нязведаным полі,
шукаем прыстанку ля новай ракі.
* * *
Набіраю ў кішэні бязглуздзіцы ўсякай,
пусцяковіны поўняць задумы мае.
І таму на прастору выходжу са страхам,
і таму ўсё вакол на мяне паўстае.
Нібы карлік нікчэмны, блукаю па вулках,
узіраюся ў чорныя прорвы акон.
І канае душа ў скамянеласці гулкай,
і знікае яе неспатолены стогн.
Ну а рэдка бывае: прасветлены, чысты,
я нячутнай хадою на вулкі ступлю,
жыхарам усміхнуся і раніцы мглістай,
і кашлатага дрэва сівому камлю.
* * *
У залюстрэчча тайны зазірнуць
ты не патрапіў, не здалеў, не здужаў,
калі нягоды навалілі дружна,
калі спадала за акенцам ртуць.
І так хацеў спагады ад людзей
дабіцца ў безвыходнасці панылай,
калі завея несуцешна выла
і накрывала захаду алей.
Але маўчалі дзіўныя сябры.
Ім залюстрэчча зацямніла твары,
скарыла душы, напусціла чары…
Каб веры даў яму з тае пары.
Ты не паверыў. Дзьмухнула зіма,
і лопнула люстэрка, а ў пакоі
бязвер’е пасялілася старое
на крапінках рассыпанага шкла.
* * *
Было непрытульна і мокра
ля верасня жоўтых варот.
Там лета апошнюю кропку
чакаў сумнаваты народ.
Санліва цырыкалі птушкі,
санлівыя хмары брылі,
і вецер настойліва гушкаў
лістоту цалюткія дні.
Яна аблятала звычайна –
як падаюць трупы на дол.
А хтось пракаветную тайну
ў такім паміранні знайшоў.
* * *
Сюжэты нараджаць у галаве
і пераносіць дбайна на паперу…
Няўжо не надакучылі табе
прыдумак недарэчныя хімеры?
Калі вакол стаяць не міражы,
а людзі, надарваныя дарогай,
ці можна нам смыком сваёй душы
вадзіць па струнах да апошняй змогі?
Перапыніся, не шчыруй, пясняр,
твой голас хутка згубіцца ў нябыце!
А ён усё пяе. І плоймы мар
грымяць калоссем у зрудзелым жыце.
* * *
Ты патрабуеш многа ад людзей,
душу тыраніш крыўдай і тугой.
А час няўмольным поступам ідзе,
кладзе на шлях свой пыл за слоем слой.
І раны, што зазнаў ты юнаком,
ужо смыляць і меней і радзей.
Іх захінае збудаваны дом –
прытулак летуценняў і надзей.
Падчас дабрэйшым быць цяжэй за ўсё,
цяжэй, чым славу свецкую здабыць.
Бо добрым не ўсміхаецца жыццё,
а памагае счахнуць і астыць.
Таму і патрабуем ад людзей
цяпла зямнога, славы незямной,
што шлях наш з кожным мігам карацей,
а Лета паўнаводнаю ракой
Цячэ за даляглядам…
* * *
Сядзеў я ў крэсле. Сон ліпучы
ўжо падступаўся ад сцяны,
ужо хацеў кашмарам змучыць,
як мучылі былыя сны.
Але ў прасторы зааконнай
з’явіўся гук і даляцеў,
і абудзіў мяне ад скону
ў вязніцы мураваных сцен.
Пакой імгненна стаўся цесным,
і стаўся цесным мой спакой.
Пранёсся рой знаёмых песень,
паўстаў абліччаў светлы строй.
Я выйшаў. Вуліца маўчала,
жаўтлява месяц зіхацеў.
Гаючы пах зямліцы талай
з гарэзным ветрам праляцеў.
* * *
Калі наткнуўся я на шэрую сцяну,
якую пераскочыць не патрапіў, –
задумліва стаяў: яе адну
не здужаць мне без сінякоў і драпін.
Сцяна паўстала прывідам начным,
пытальнікам самотным і суровым.
Над ёй клубіўся хмар блакітны дым,
і месяц брыў маруднаю каровай.
Не пераскочыць. І назад не павярнуць.
А толькі – стаць і слухаць неба гукі,
глядзець, як ночы ўсёабдымнай каламуць
вісіць над долам чорнаю разлукай…
Не! Трэба браць прывычнае кайло,
закасваць рукавы і ў поце біцца
за тое, каб жаданае прыйшло
адкрытай пракаветнай таямніцай.
* * *
Ты праходзіш забітым салдатам
па палях абгарэлых сваіх.
Не загладзіш, не выправіш страты,
толькі позірк прыпыніш на іх.
Ты ўжо прывід. Ні рукі, ні ногі
на зямлі не пакінуць слядоў.
Сваім справам суддзя самы строгі,
праплываеш над пожнямі зноў.
І здаецца, яшчэ б хоць дзянёчак,
то паправіў бы ўсё і паспеў…
Ты ўжо прывід. Халоднаю ноччу
адлятаеш у зорны пасеў.
* * *
Штоночы ты чуеш у сне
надтрэснуты голас трывожны:
нібыта сінічка пяе,
прастуджаная, над пожняй.
Устанеш і выйдзеш у сад,
накрыты асенняй сцюжай.
Губляецца твой пагляд
у хмарах, што ў небе кружаць.
І раптам месяц зірне
скрозь хмары і тын асвеціць.
Убачыш, нібыта ў сне,
сінічку на голым вецці.
* * *
Хацелася б верыць, што ў вуліцах гэтых
маё галашэнне дарэшты не знікне,
што будзе яшчэ прычаканае лета,
дзе слова ўпадзе жыццярадасным блікам.
Хацелася б верыць, што слова развее
чыюсьці нуду і палегчыць дарогу,
што будзе смяяцца і плакаць завея
над крыжам маёй пахаваленкі ўбогай.
Хацелася б верыць, што стану травою,
звычайнай травой пад нагамі паэта,
што будзе гарэць над яго галавою
маё адгарэлае дзіўнае лета.
* * *
Ходзяць людзі па злой зямлі.
Адзінокія, ходзяць кучай.
Ганарліва нясуць агні
сваёй існасці неўміручай.
Не паўторыцца іхні крок,
галасы іх вякі заглушаць.
Маляваў бы я іх, каб мог
маляваць несціранай тушшу.
Паглядзіце на іх хутчэй,
занатуйце ў таемных сшытках…
Час сваё павуцінне тчэ,
развінае за ніткай нітку.
* * *
Сяброў шукаць мне цяжка на зямлі.
Сярод жывых мысліцеляў суровых
я атрымаю толькі камяні
і ўзнятыя ад неспадзеўкі бровы.
Сапраўдныя сябры чакаюць там,
дзе адгарну старонку за старонкай,
дзе адлятае паўсядзённы хлам
і чуецца адвечны голас тонкі.
У цішы, што павісне нада мной,
адклікнуцца сябры, і кожны стане
дарогай за нязрушнаю сцяной,
лампадаю ў найдаражэйшым храме.
* * *
Не знаёмыя мы з табою,
але яваю паўстае,
як калісьці вадой жывою
шчодра спырснула ты мяне.
З таго часу хаджу натхнёны,
з таго часу жыву наноў,
не баюся ліхога скону
і металу зямных акоў.
Ты назвала нябёсы дахам,
разаслала з травы пасцель.
Адляцела зіхоткім птахам –
упырхнуць за табой хацеў.
Ды застаўся. Імя не знаю,
дарагога твайго імя…
Аблачынка над небакраем –
цёплы след веснавога дня.
* * *
Падманам поўніцца таемная прастора…
Мне хочацца пабачыць вас не так,
не ў тым святле, што падае з Фавору,
а жабракамі, цёмнымі як грак.
За абалонкай хмурай, непразрыстай,
я ведаю, каштоўнае жыве.
Калісьці абясцеленая існасць
пакутна абалонку разарве.
Узгадаваная пад засенню самоты,
схаваная ад ліха і страсцей,
яна паўстане над людскім балотам
і замігціць, заззяе ўсё мацней.
Ну, а пакуль – маўчаць. Ні гуку, пане!
Царуе над зямлёй няўжэрны цмок.
Цярпець і думаць, і залізваць раны,
і берагчы таемны свой бярлог.
Пекла
Млява цікую: куды ж я патрапіў?
Месца страшэннае, вусцішны лёх.
Брыдкіх пачварынаў цягнуцца лапы
ці сухастоін сівое галлё?
Тут ані сонца, тут ані ветру,
тут ані паху жывога няма.
Гэта зямлі неспазнаная нетра,
гэта істот шматпакутных турма.
Постаці цьмяныя, енкі ды крыкі,
шоргат па камені, трупны смурод.
Бродзіць народ незнаёмы шматлікі,
ходзіць без сну і надзённых турбот.
Млява цікую: куды ж я патрапіў?
Месца страшэннае, душаў турма,
брыдкіх пачварынаў чэпкія лапы…
Больш анічога тут, людзі, няма.
Воля
Прасіцелем быць не пасуе,
прыніжана рукі цягнуць,
вымольваць лагоду чужую
на тварах халодных, бы ртуць.
А лепей – бяскрайняе поле,
а лепей – размашысты крок,
і несці з натугай і болем
нялёгкі заплечны мяшок.
* * *
Калісьці ты над безданню ляцеў –
пераляцеў, схапіўшыся за строму.
Караскаўся па скалах, бачыў цэль
і рушыў па зямельцы незнаёмай.
Усё, што важным для цябе было,
за безданню суроваю знікала.
Мінулага шчымлівае крыло
мільгнула і разбілася аб скалы.
Абноўлены і голы, як граніт,
ступіў на неспазнаную дарогу.
І вабіў цябе новы краявід
сваёй адвечнай пустатою строгай.
* * *
Вядуць сваю гаварыльню
на мове такой ласкавай,
што слухай і слухай пільна –
не зрушыцца ўсё-ткі справа.
Мы слухаць умеем словы
размовы любой бясконцай.
Зжырае наш час размова,
як кроў паядае стронцый.
Не зрушыцца нават справа,
калі гаварыльня змоўкне
на мове такой ласкавай,
як дотык анучкі мокрай.
Патопім айчыну ў словах,
размовай нап’ёмся п’яна.
Размовай даўно не новай –
такой, як вадзічка з крана.
* * *
За што любіць цябе, жыццё,
жмут смутку і тугі?
Чаму хістаецца галлё
і гнуцца берагі?
Чаму ж у жніўні каласы
завуць гаспадара,
ільсняцца сцёблы-валасы,
калі прыйшла пара?
А мо і нам свой час прыспеў
паверыць дабрыні,
каласаваць, як той пасеў
у сакаўныя дні?
Але аб тым, што ўсё свой сэнс
знаходзіць спакваля,
не ведаюць навіслы лес
і шчодрая зямля.
Не мудрагеліць будзем – жыць
на злосць пракосам дзён
і бачыць, як ручай бяжыць,
як лашчыць ветрык лён.
* * *
Стала страшна сябе. Нібы гідкай пачварай
я караскаўся ў немарач дзеяў і спраў,
кожным рухам трывожным прыцягваў кашмары,
белы свет акварэльны на глум аддаваў.
Не кляніся, не вер у людскую чуллівасць,
не любі анікога на шары зямным –
тую ісціну ведаў, як вечную літасць,
толькі зрэдку ў любві раствараўся зусім.
Я аплакваў смерць кошкі, як скон чалавечы,
не выносіў уладных мужоў адназвон,
ненавідзеў сябе за плакцую калечнасць
і маліўся паскорыць уласны свой скон.
Стала вусцішна мне. Не любіў анікога,
апроч цьмяных ідэй і нямой пустаты.
Выракаўся ўсяго і зняверваўся строга,
апаноўваў мяне час пякельнай нуды.
Хто ёсць я? Гэта процьма малекул дзівосных,
у суладдзі спалучаных некалькі дзён.
Пазіраю ў журбе на мінулыя вёсны,
узіраюся ў лікі сцямнелых ікон.
* * *
М. Багдановічу
Дзе лес саступіў разлогу
і Свіслач віры нясе,
туляўся адзін нябога
ў світальнай шкляной расе.
Ён слухаў усплёскі рыбін
і крык дзеркача ў траве;
як плынь разбівае глыбы
і недзе ніжэй раве.
А потым хлапчук кудлаты
пагоркі мінаў, яры.
Абапал дарогі – хаты,
там-сям – пабудоў муры.
І жыцці цяклі няспешна.
Наўкола касьба і спрыт;
і сонца з сасновай вежы
сялян асвятляла быт.
Там ладна і мірна. Людзі
па справах ішлі, а ён,
хлапчына, ў худыя грудзі
ўбіраў прызначэнне-скон.
Адвечар памёр ён ціха:
нябачны, нячутны ўздых…
Казалі: “Той жыў і дыхаў
радкамі слоў незямных…”
* * *
Нічога не зведаеш зблізу,
а трэба пабачыць здаля –
з-за той пасмяротнае рысы,
дзе ляжа другая зямля.
Адсюль жа не ўбачыш нічога,
таму і брыду наўздагад
тамлівай замглёнай дарогай,
з якой не павернеш назад.
* * *
Быць у згодзе з сабой магчыма,
толькі верачы ў гэткі час,
калі белая аблачына
захіне ад спякоты нас.
Ліст пашэрхлы і ліст зялёны,
летні вечар, зімовы дзень…
Таямніца дубовай кроны
і вязніца каменных сцен…
І ў разлуцы з самім сабою,
і ў няшчасны, і ў зорны міг
наталяемся цішынёю
спасціжэння глыбінь зямных.
* * *
Апошні агеньчык задзьмуўшы,
я разам знямею, як смерць.
Нячуйнымі стануцца вушы,
і боль перастане балець.
Прылягу пад хісткай галінай,
уперу ў нябёсы пагляд.
Цякуць па вачах аблачыны,
ляціць на зямлю зарапад.
Трывожным начным задуменнем
агорнута ўся сенажаць.
Знікаюць размытыя цені,
каб зранку нанова паўстаць.
На свежыя росы скіруе
нашчадак са звонкай касой
і пойдзе праз ніву жывую
шырокай сваёй паласой.
* * *
Распалю агонь. Буйным полымем
узгарыцца ён, аж жуда.
Прасядзім утрох, разам з холадам,
ночкай восеньскай давідна.
І чаканае сонца вызірне,
згасне вогнішча – дзякуй за
час прабаўлены, час адрынуты,
час заблытаны ў валасах.
Лісце жоўтае абляцелае,
кроны голыя дрэў лясных,
паміж вамі я вечнасць цэлую
праблукаў замройна і знік.
…Не гарыць агонь. І зазімак лёг
папялішча гожа накрыў.
Праляцеў снягір, скалануў галлё,
тры сняжынкі ў неба пусціў.
* * *
Нырайма ў сваю стыхію,
і станем глядзець, як снег
віруе, як вецер вые,
як супіцца чалавек.
Яму, небараку, цяжка
пад ветрам марозным тым.
І мрояцца хаты нашы
і з комінаў цёплы дым.
Але чалавек скрозь сцюжу
ідзе ў процілеглы бок –
туды, дзе завея кружыць…
Ідзе і не чуе ног.
* * *
Мы з табой расказалі
ўсё тады пра сябе –
у завоблачнай далі,
у касмічнай сяўбе, –
калі ціха хадзілі,
а гадзіннік стаяў
ля няспраўджанай былі
між някошаных траў.
Аблачынкай каханне
па-над лесам плыло,
калі светлае ранне
захінула крыло.
З тых часін засталіся
толькі слоў чарада,
недасяжныя высі
і расстання бяда.
* * *
Калі пытанні ставіў дзень,
я ўночы без спачыну
ляжаў. І ранішні прамень
надзеі не пакінуў.
Падняўся, снедаў ды ішоў
па справах ненавісных.
Прымаў змярцвелаю душой
шарэнгі твараў кіслых.
А потым вечар чараваў
над сном мікрараёна.
Там не свяціўся мой квартал,
пагаслі вокны дома.
Але дабраўся, лёг і зноў
пад цішыню тугую
без думак і збавенных сноў
праводзіў ноч пустую.
* * *
Стыне тваё чаканне,
мерна брыдуць гады,
нібы нямыя здані.
Іх не спыняеш ты.
Не занатуеш сцісла,
кнігай не захінеш.
Месяцаў злыя чыслы
ў Вечнасць не занясеш.
Ты адчыні. Мы знаем,
што замаўчаць цяжэй,
чым наталяцца маем,
кветам чужых вачэй.
Сон твой ужо ў бясчассі,
там, дзе зіма і лёд…
Стукат у дзверы часты –
як пералівы нот.
Невядомаму паэту
Срэбрам світальным іскрыцца раса,
травеньскі дух карагодзіць
пад зелянінай бухматых прысад.
Светла і ўцешна ў прыродзе.
Ціха ступі на сцяжынку сваю
і выбрыдай на дарогу.
Я ўжо твой поступ здаля пазнаю,
пільна ўглядаюся, строга.
Мы не чужыя, за сотні гадоў
хіба мяняецца сутнасць
рэчаў зямных і зямных галасоў,
водаў гісторыі мутных?
Станем насупраць, каб бачыць маглі –
нашы падобныя твары.
Рушаць вакол адурэлыя дні,
бліскаюць росныя мары.
* * *
Хутка ўсё адыходзіць. І мінулага сон
нам вяртае сапраўднае зданямі.
Не пабачыць цяпер з-за замглёных акон,
хто блукае там сцежкай падманнаю.
Чалавек там ці дрэва, спіна або твар...
Перамешаны дзеі з абліччамі.
Пагукаеш – вяртаецца крыўдаў пажар,
а не любасць вадою крынічнаю.
О, блуканні ў мінулым! Бясконцая вязь
успамінаў, рахункаў не зведзеных.
Не вадзіце, прыгадкі, па роспачы нас
і не тыцкайце пысамі беднымі.
Захінуцца б ад вас, бо што добрага там,
дзе ўсё смерць і ўсё жальба нязбытная;
не заходзіць зусім у мінулага храм,
што вітае дзвярыма адкрытымі.
* * *
Не жартую з табою, слова.
Слова можа забіць падчас.
Напрарочыш сабе такога,
што паплачаш затым не раз.
Гумілёў напрарочыў кулю,
што закончыла яго лёс.
Шмат паэтаў пятлю расчулі
у вышынях сваіх нябёс.
Пастарнак жа цураўся смерці,
абыходзіў яе ў радках.
І таму не трымалі чэрці
лёс паэта ў сваіх руках.
Я любіў палятаць у вершах.
Ды разбіўся... Такі паверх,
што з двухсот выжываю першы
за бяздумны нязмыўны грэх.
* * *
Відзежа кароткая сполахам белым
разрэзала цемрадзь і знікла ў начы:
ідуць на пагорак шматлікія целы,
і голас адтуль урачысты гучыць.
Той голас – ці песня, цяпер не згадаю –
азорыў вялікую жальбу зямлі:
Майсеевы людзі прыстанак шукалі,
блукалі нястомна, пакуль не знайшлі.
Там ходу было да зямлі запаветнай
не болей за месяц, яны ж сорак год
мясілі пяскі сухавейнага ветру –
пакутны, рахманы, абраны народ.
Памерлі ўсе тыя, хто помніў Егіпет,
тады абвясціў правадыр: “За грудом
хай будзе Ізраіль, жывіце без злыбед!” –
і ціха сканаў на парозе ў той Дом.
* * *
Калі зелянеюць кроны
і вецер калыша іх,
я ведаю: памяць гоніць
сябе праз мой зрок і слых.
Патокі жыцця нясуцца.
Адчуць іх ці хопіць дня?
Напятыя нервы рвуцца –
лядашчая іх браня.
А хочацца многа зведаць,
і хочацца шмат зрабіць,
пакуль не дарэжуць беды
жыцця дарагую ніць.
Азёры, лясы, прасторы,
туман над ракой зрання...
Шляхі, акіяны, горы...
Ці хопіць на гэта дня?
* * *
Зноў паўстае свяціла за акном.
Мы спадзяёмся: новы дзень падорыць
гасцей у наш несамавіты дом,
і будуць яны светлымі, як зоры.
Аднак мінае раніца, а днём
наш неспакой расце, надзея чэзне.
І вечара дыханне пазнаём,
і зазіраем у яго нямую бездань.
Тут электрычнасць не ратуе, не,
а толькі слепіць і зусім не грэе.
Хутчэй бы – ноч, ды раніца ў акне –
надзеі безнадзейная завея.
* * *
Мы ўспаміны люлялі, як хворых дзяцей,
і выняньчвалі справы жыццёвыя...
Шлях пралёг праз стагоддзі нашмат карацей,
тут не скажаш звычайнаю моваю.
Ён стаіць між вякоў, як тады, так цяпер,
непахісны, не зломлены катамі.
І не выпаўзе самы бязлітасны звер,
калі мы без віны вінаватыя.
Ён вісіць, і цвікі развярэдзілі плоць,
вочы плавяцца страшнай спякотаю –
катаваны, асуджаны смерцю Гасподзь
перад стройнай няўмольнаю ротаю.
Толькі ўраз пацямнелі нябёсы зямлі,
толькі ўпоцемку нешта азвалася...
Парастаюць травой тых часоў камяні,
зелянеюць вялікаю маласцю.
* * *
Я правёў колькі год, нібы ў склепе каменным,
дзе ўсе гукі і рухі каналі мае.
Іх сціскалі муры і душылі нязменна,
не пускалі туды, дзе жыццё паўстае.
Шмат гадоў працякло ў несціханых патугах,
намаганнях такіх, калі скура ў крыві.
Прыпадаў да камення, напружана слухаў:
ці не стане хто звонку, не крыкне: “Жыві!”
І калі патухала надзея ў знямозе
ды спынялася сэрца ад скрухі зусім,
чуў я крокі тады па знаёмай дарозе,
бачыў зорку над лесам і вогнішча дым.
У муроў не бывае герметыкі поўнай,
кожны камень для Вечнасці – пыл ці пясок.
Толькі душы плывуць на расквечаным чоўне
супраць плыні – туды, на пачатак дарог.
* * *
Разлілася барва па пакоі.
То, напэўна, шалее Мастак.
Краявіднага свету ніколі
ён яшчэ не накідваў вось так.
Мы з табой каву цягнем няспешна,
абмяркоўваем кпліва жыццё.
Ён жа позірк з завоблачнай вежы
апускае на нас праз галлё.
Ясакар захінуў аж паўнеба –
штось дрыготка шапоча сабе...
Толькі промні вячэрнюю зебру
вышываюць на шэрым стале.
Я твае думкі бачу празрыста,
веру, мусіш ты бачыць мае...
Камянёў дарагое маніста
па-за шыбай зіхцець паўстае.
П’ём напой. Не заснуць гэтай ноччу –
надта ўжо разгуляўся Мастак.
Кроплі зорак па чорнай сарочцы
ён яшчэ не раскідваў вось так.
* * *
Горад зводзіць жаданні і дзеі на нуль,
прагна смокча штодзень чалавечыя душы.
Апраніся ў браню, каб схавацца ад куль –
і брыдзі між неонавых лямпачак скрушных.
Выжываць не старацца, а проста пажыць –
хіба спраўдзіцца мара адвечная тая?
Гарлапаняць машыны, каб ім саступіць,
завіхаецца ў скверах вароніна зграя.
Праўда, свеціць акно ў сціжме розных акон
той адзінай і светлай жанчыны, што чуе
ціхі рух твой і твой беспрасветны палон, –
між металу, муроў чуе існасць жывую.
* * *
Ім хацелася жыць і шчасліва лятаць.
Але раптам прыйшоў звыклы час паміраць.
Яны ведалі многа, багата маглі.
Толькі нехта спыніў іх зіхоткія дні.
Нехта ў немарач кінуў, зашчоўкнуў труну
і закончыў адвечную жыццяў вайну.
Стала ціха наўкол. Па дарозе пайшлі
ужо новых людзей шматгалосыя дні.
А над тымі – зямлі двухметровы навал
верным сховішчам целаў разложаных стаў.
Ім хацелася жыць. Толькі тэрмін прыйшоў
прыпыніць чараду іх гарачых прамоў.
Іх памкненняў, надзей, незавершаных спраў
чараду пласт зямлі непадымны схаваў.
* * *
Імчыцца па рэйках нястрымны цягнік,
грукоча і свішча пагрозна.
Да гэтага груку даўно я прывык,
як конь да заўсёднага воза.
Ды розніца ў тым, што бягу ад яго,
цягнік жа мяне даганяе.
Жыццё незваротна ў пагоню сышло,
цяпер яно – воўчая зграя.
А насып высокі: з яго як зляціш,
то шыю напэўна паломіш.
Мне выпала бегчы. Наперадзе – выш,
а ўнізе – заклятая строма.
Дзе рэйкі зліваюцца з краем зямлі,
дзе неба зліваецца з імі,
там продкі мае паратунак знайшлі,
там нехта на крылы падыме.
* * *
Камень булькне ў раку, сціхне рэха ў лясах,
кожны след у прыродзе сатрэцца.
Толькі людзі старанна ахоўваюць страх
адзінокага чуйнага сэрца.
Што шумела тады, то цяпер – цішыня,
аджыло, адбуяла, панікла.
Вывучаюць па зрэзе сівога камля
злой прыроды маўклівыя цыклы.
Ды не дрэва раскажа, а словаў навал, –
пераможа стагоддзі і смерці, –
як самотны Ваяр на крыжы зарыдаў,
як парвалася чуйнае сэрца.
Някрасава, 8
Ціхай вуліцы дом, дзе былое жыло
я наведваю часта заснуўшы.
Адплываю туды, дзе бяздумна цвіло
малалецтва духмянаю ружай.
Там на першым паверсе кватэра, і ў сад
тры акны год трынаццаць глядзелі.
Цераз вокны ў кватэру ляцеў зарапад
і гучалі напевы мяцеліц.
Там як быццам мой бацька дагэтуль жыве,
хоць пакінуў наш свет даўнавата.
Бачу побыт знаёмы ў чароўным паўсне,
кнігі, сшыткі і шалік кашлаты...
Ён павінен вось-вось падысці – чалавек,
нават кава кіпіць на фаерцы.
Не счакаю. Лячу ў свой напружаны век.
Зачыняюцца дзіўныя дзверцы.
2. АнтыРЫФМАР
* * *
З падачы ўласнай фанабэрыі расту да нябёсаў. І з вышыні гіганцкага росту раптам бачу сябе сапраўднага: мураша за мурашынымі справамі. Жахаюся, але мушу пакідаць уяўную верхатуру і займаць сваё месца. На зямлі ж не магу прымірыцца з мурашыным маштабам і цягнуся ўвысь… Каб каторы раз пераканацца ў сваёй мізэрнасці.
* * *
Дом мой стаіць на бульвары, усутыч з дамамі-сабратамі. Фарбаваны фасад яго радуе вока. Шпацыруюць людзі ўздоўж яго, уздоўж фантанаў і кветнікаў. Але я не люблю свой дом з бульварнага боку. Люблю пыльны двор, і нават – далёкі яго закутак, дзе паміж старым клёнам і сметніцай касабочыцца мая лаўка.
* * *
У цёмнай задушлівай камеры чыніцца гвалт людзьмі над сабой, квітнее распуста і здрада. Нават праз таўшчэзныя дзверы даносяцца енкі і крыкі аб дапамозе. Адчыняе Вартаўнік камеру і кліча аднаго чалавека. “У чым ты грэшны?” – пытаецца Вартаўнік. “Ні ў чым. Я чысты і праведны!” – кажа няшчасны. Падзывае Вартаўнік другога і трэцяга, падзывае ўсіх па чарзе, і ўсе клянуцца ў чысціні і бязгрэшнасці, і кожны перакананы: праўда за ім. Тады зачыняецца камера, ды зноў чуюцца праз дзверы енкі, праклёны і галашэнні бязгрэшных людзей.
* * *
Толькі скончылася навальніца, і знасцежылася акно ад раптоўнага подыху. Праз хвіліну я стаяў перад ім, ды не бачыў ні саду, у якім шалахцеў дождж, ні тыну, што мусіў быць мокры. Стэп, жоўта-руды спякотны абсяг, раскінуўся перад вачыма. Білі ў грудзі гарачыя паветраныя хвалі: да мяне набліжаўся смерч, на смерч не падобны, бо складаўся ён з двух конусаў – конус звужэннем дагары і конус звужэннем долу. Верхні падпіраў неба і быў небам. Ніжні ўпіраўся ў зямлю і быў ёй. І злучаліся смерчы зіхоткай кропкаю. …Ужо блізка гэты падвойны смерч ад мяне, і кропка – ужо не кропка, а нібы крыж са сваёй страшнай ахвяраю. Віруе наваколле, скаланаецца дол; як акіян, ускаламучана неба. Але на крыжы – спакой, не варухнецца і волас на галаве ўкрыжаванага. Напінаю зрок, але не бачу астатніх двух крыжоў, што павінны там быць, не заўважаю ні катаў, ні спачувальнікаў. Толькі адзін Крыж, толькі адзін Пакутнік. “Госпадзе!” – адчайна крычу я і працягваю рукі ў дзікім спадзеве быць усмактаным падвойным смерчам. Але чэзне кропка, меншае дзіўны смерч, аддаляецца па спякотным вечным абсягу…
* * *
Ад поўнага даверу пераходжу да крайняй замкнёнасці, унікаю людзей. Аднак пабыўшы на адзіноце, нуджуся, марнею і, хоцькі-няхоцькі, выходжу за свой парог… Пакуль зноўку не вяртаюся, расчараваны, у родную схованку. Гэтак і кропля марская, засумаваўшы ў прывычнай стыхіі, узнімаецца да нябёсаў, але ўсё ж ападае дажджом і, праз сотні ручаінак, праз рэкі і моры, вяртаецца ў сваю вотчыну.
* * *
Два чалавекі напроці адно аднаго. І перад кожным з іх гара клетак: у аднаго белыя, у другога чорныя. Але яны не ведалі колеру тых клетак і іхняй вартасці, пакуль не змяшалі ды не расставілі шахматным полем. Усё стала ясна тады: як хадзіць, куды і па якіх правілах. Хаос стаўся парадкам, нерухомасць – рухам, а людзі, усё жыццё ходзячы па чорных клетках, нязменна імкнуліся да святла.
* * *
Петлямі стаўся мой лёс, ямамі. І вярэдзіць нязводнае: навошта? Бо відавочна, што змяніць не змагу анітрохі ў дарозе сваёй. Прапісана ўжо на зорах, на далоні гэтай шурпатай ды ў кнізе чыёйсьці: так будзе. Але не хоча з гэтым згаджацца пакутная душа грэшніка, марнуе паперу, калупае радкі адным пытаннем: навошта?
* * *
У светлай вітальні прымаю падарункі і віншаванні на свой юбілей. Мне дораць раскошныя пахучыя кветкі, а мне шкада іх, сарваных. Мне падносяць цукеркі ў дыхтоўных каробках, але не церпяць мае зубы салодкага. Жадаюць шчасця ў асабістым (то бок любоўным) жыцці, але не трэба мне гэткага шчасця. Дораць і грошы, ды што я на іх куплю? Зычаць непарушнага здароўя, не ведаючы, што ўсё парушаецца на гэтым свеце. Я змушаны крывадушна ўсміхацца і дзякаваць.
* * *
Выходзіць дужы чалавек і абвяшчае: “Я люблю жыццё, бо я яго валадар. Я размежаваў дабро і зло, я спазнаў зямныя законы”. І, выхваляючыся, ставіць ён на бяспройгрышную справу, і прайграе гэтая справа. Ён ідзе па спагаду да вернай жонкі, але прастыў яе след. Цураюцца раганосца сябры, выракаюцца няўдачніка дзеці, высыхаюць крыніцы на яго селішчы. Знясілены, ніцма ляжыць ён на сухім доле. Але раптам прабіваецца струменьчык з-пад мёртвага каменю, падыходзіць закляты вораг і поіць яго з далоняў, прылятае груган з хлебам у дзюбе, прыбягае воўк з мясам у зубах. І, насыціўшыся, устае чалавек.
* * *
Трэснула зямля. Выплыла і расцяклася па ёй нянавісць. І рынуўся на брата брат, каб падзяліць старонкі і славу. А той, хто даўно ўсё падзяліў, адно ўхмыляўся ды паціраў рукі.
* * *
Памёр чалавек сталага веку, і паселі вакол труны блізкія людзі. Слёзна смуткавалі равеснікі, старыя захоўвалі філасофскі спакой, маладыя ненавідзелі смерць і былі ўпэўнены ў сваіх сілах. А між тым прапісала ўжо Кніга лёсаў кожнаму свой век. І самы нямоглы стары пражыве яшчэ дваццаць гадоў, а самаму дужаму маладзёну засталося два месяцы. Ці не гэтыя свавольствы смерці даюць сілы жывому?
* * *
Аднойчы бег, як і заўжды, па справах пільных. Ды раптам укалола вока: куст агрэсту зелянее. Прыйшла вясна. Ды не яна мяне здзівіла, а тое, што нібы заўчора я страпянуўся гэтак жа, калі пабачыў той самы куст зялёным… О жах! Няўжо было так бедна і пустэльна між леташнім і сёлетнім кустамі?
* * *
Патануўшы ў крэсле, гляджу серыял – нешта з бясконцых “мыльных опер”. Калі даносяцца енкі, то прыцішаю гук, калі чыніцца гвалт, то гашу выяву. Прапускаю ў датклівую свядомасць адно прыгожае ды памыснае, унікаю нават кепскай гульні акцёраў. Карацей, пачуваюся самавіта… Але канчаецца чарговая серыя, і доўжыцца іншы серыял, у якім ужо нічога не прыглушыш, не прыгасіш, не прылагодзіш.
* * *
Пасярод бору сустрэўся чалавек з дрэвам, і прыйшліся яны адно аднаму даспадобы. А пабратаўшыся, памяняліся абалонкамі: пайшло дрэва ў свет, а чалавек застаўся стаяць у лесе. Ды не вынесла душа дрэва людской грамады, а чалавек занудзіўся ад нерухомасці. Але не вярнуць ім назад свае целы, бо не можа адшукаць чалавечнага дрэва чалавек з драўлянай душою.
* * *
Абярнуўшыся ў трывозе, бачу непрыемна знаёмага хлопчыка, што мучыць кацянят, надзімае жабаў, адрывае крылцы мухам і пчолам. З грэблівым страхам адварочваюся ад гэтага ката, але чую: ён стаіць за плячыма. Сцінаю кулакі, абарочваюся зноў, каб знішчыць ненавіснага падшыванца, ды не магу наблізіцца ні на крок. Бягу ад яго, але нітрохі не аддаляюся. Ён заўсёды са мной, гэты капрызны, разбэшчаны, бязлітасны хлопчык…
* * *
Ігруша стаяла ў пладах, што хілілі долу яе галіны. Пад жнівеньскім сонцам цяжэлі грушыны, крамянелі, імкнуліся на зямлю, але не насмельваліся расстацца са сваёй матухнай. “Падайце на мяне”, – вабіў мурог. “Аслабаніце нас”, – казалі галіны. “Наталіце мяне”, – прасіў я, здранцвеўшы пад дрэвам. Сплывалі гадзіны і дні, але не падалі набрынялыя сонцам грушыны. Я цярпліва чакаў свайго часу. Бо нельга сарваць, нельга стрэсці, нельга прыспешваць…
* * *
“Ён мае рамбічную форму, – ківае славуты знаўца на мой квадратны стол. – Стань на маё месца і пераканаешся”, – падахвочвае ён мяне. Станаўлюся і бачу: стол сапраўды рамбічны. Згодна ківаю, і ўсё-ткі ведаю непахісна, што куды ні станавіся, як на яго ні глядзі і як яго ні ўяўляй, – стол застанецца квадратным. Гэта яго якасць і самасць. Гэта яго непарушная ісціна.
* * *
Пачынаем з кахання ўзнёслага, песцім і наталяем партнёра. І здаецца, няма на зямлі прыгажэйшага і лепшага чалавека, чым ён. Але ж паспрабуй гэты найдастойнейшы чалавек нас адрынуць, паспрабуй ён не дагаджаць нашаму самалюбству, нашаму ўладалюбству і юру. О, гора тады яму, нявернаму, што пасмеў нас не кахаць! І сыплюцца на яго праклёны, і точыцца на яго нож, і жадаем мы яму смерці.
* * *
Цягнуцца з усіх бакоў доўгія ліпучыя рукі – затыкаюць мне рот. “Маўчы, – чуюцца галасы, – ты не скажаш ні слова”. А я не магу замаўчаць, бо ведаю, што кінутае ў зямлю зерне мусіць прарасці, а падкінуты над зямлёй камень павінен упасці. Але чую: “Маўчы!”, быццам яны мне далі гэты голас.
* * *
У горадзе Раўнавагі, дзе ўсё ва ўсіх ёсць і ўсе ўсім задаволены, я ўкраў бескарысную драбязу. І, зусім ужо ўсцешаны, зажыў невылазна ў доме сваім. Адчуванне ўласнай пераважнасці год за годам грэла і сілкавала мяне. Але неяк поначы ўварваўся ў мой дом чалавек, які называў сябе Пераможцам. Дзіця вайны, што бушавала ў горадзе Раўнавагі ўжо колькі гадоў, ён прыйшоў па маё жыццё.
* * *
Я ўзяў два кволыя саджанцы. Адзін уваткнуў у цяні пад домам і згубіў да яго цікавасць. Другі ж пасадзіў на віднае месца. Дзень пры дні, год за годам я паліваў гэты ўпадабаны саджанец, захінаў ад вятроў і сцюжаў, усяляк яго пеставаў. І ўсё ж вырас ён у крывую куртатую вольху. А першы, начыста забыты, саджанец перарос цень, паўстаў над домам, засланіў сонца. Бо гэта быў дуб.
* * *
Нястомна дбаю пра мараль творчасці: апяваю чысціню духу, насміхаюся з грахоў і заганаў, непрымірыма змагаюся са злом. Аднак ліквідуй тое зло, запоўні сусвет дабром – і адразу зацвіце мой пустацвет. Як і ўсе творцы, я – паразіт на калізіях паміж чорным і белым.
* * *
Штохвіліны, удзень і ўначы, шукаю цьмянага шчасця. Прымяраю рэч да рэчы, слова да слова, людзей да людзей. Хочацца чагосьці лепшага, прыгажэйшага, не такога, як зараз. Тамлюся, намагаюся, прагну. А пакрыёма ведаю: шчасця мне не знайсці, дый ці патрэбна яно ў той неадольнай дарозе, у той справе шукальніка?
* * *
Калі адкрываеш ты мне, жыццё, светлы свой бок – не абнадзейваюся, не радуюся, не трыумфую: чорнага не паменела, проста зараз яно глядзіць у іншыя вочы. Калісьці ж абернецца і да мяне.
* * *
Люблю наш зменлівы, няўстойлівы, зімова-летні клімат: ёсць чаго чакаць, ёсць на што наракаць і на што спадзявацца; ёсць чым апраўдаць свой душэўны разлад.
* * *
Выпраўляючыся з дому па надзённай справе, не ведаў чалавек, што ў полі Прычын была адна кропка, ад якой ён ідзе, а ў полі Вынікаў ёсць адзіная кропка, да якое ён дойдзе. Дасягнуць іншага – значыць разбурыць Сусвет… ці скончыць жыццё самагубствам.
* * *
Строгімі вартавымі стаяць перада мной прывіды Мінулага. Чаго хочуць яны, непазбыўныя? Няўжо не разлічыўся я з імі, тадышнімі? Няўжо не выпілі яны мяне даастатку? Павінны быць за плячыма, а стаяць паперадзе майго шляху – маўкліва-дакорлівыя, існыя, як жыццё, прывіды Мінулага.
* * *
Поўны дом і поўная чаша ў знаёмца майго. “Як прыдбаў ты столькі багацця і любові?” – пытаюся з пэўнай зайздрасцю. “Я баязлівец, – адказвае мой знаёмы, – і дапамаглі мне ў жыцці страх болю і страх страты”. – “І толькі яны?” – дзіўлюся неўразумела. “Так, – пацвярджае прыяцель, – бо гэтыя два ўлучаюць у сябе ўсе астатнія чалавечыя страхі”.
* * *
Абмінуўшы тысячу пастак, ведаю, што патраплю ў тысяча першую. А таму перад гэтай наканаванай мне пасткай спыняюся і ўяўна перажываю будучую катастрофу. Мне і баліць, мне і крыўдна, і страшна, і невыносна… Як насамрэч. Але ж, ператрываўшы гэтыя лжэпакуты, рушу на сапраўдную пастку з упэўненасцю, што яе пераскочу. І пераскакваю, і шыбую далей, бо падмануў тэорыю верагоднасці.
* * *
Блукаю па сетцы шляхоў. Пазбягаю святла, каб быць незаўважным для ворагаў. Абыходжу і цені, бо там небяспечна. Дыбаю ўзлескам, ускрайкам, узбочынай. Не аслеплены сонцам, бачу святло. Не заценены ценем, распазнаю цёмнае. Я – на ўяўнай мяжы, дзе няма жыцця, а ёсць адно назіранне.
* * *
Па вуліцах і дварах працягнуў вечар свае доўгія шчупальцы. І ўсіх людзей, хто жыве ў гэтым горадзе, раптам агарнуў непакой. Боязна рушыць, боязна думаць, боязна есці і спаць. У закутках і чорных вачніцах акон схавалася тайна.
* * *
Сабраліся і жавалі, і не закрываліся раты, не спыняліся сківіцы. А ў прамежках гаманілі пра ежу, народзіны, жаніцьбы і пахаванні. Захоплена хвалілі сваіх дзяцей. І жавалі, жавалі, жавалі, жавалі…
* * *
Сядзелі мы шчыльным колам вакол гадзінніка, што стаяў на высокім пастаменце. Сем яго цыферблатаў глядзелі на ўсе бакі свету, і кожны з нас бачыў, як плыве час. І доўга, век за векам, ніхто не зрушыўся з месца. Але стала нудна і страшна аднаму чалавеку, і штурхнуў ён суседа ў плячо, той саўгануўся і міжволі стрывожыў трэцяга… Неўзабаве паўскаквалі ўсе са сваіх месцаў ды прыняліся кахаць і ненавідзець, тварыць і развальваць. Так пачалося жыццё. Аднак круцілася яно ўсё адно вакол таго пастамента, на якім няўмольны гадзіннік адлічваў кожнаму свой тэрмін.
* * *
Бегалі і спыняліся, апярэджвалі і адставалі, зазнавалі каханне і смутак, ваявалі паміж сабой. Для вайны і міру, для хуткасці і спрыту стваралі машыны і бомбы. Занатоўвалі гэта ў паэмах, малявалі пра гэта карціны, выяўлялі ў танцах і музыцы. І не ведалі (ці не хацелі сабе прызнацца), што ўсяго толькі бралі ўдзел у дзяленні клетак, у няспынным перацяканні сусветнай энергіі з формы ў форму, з якасці ў якасць, з жыцця ў нябыт.
* * *
Бачу сябра свайго. Здароўкаюся, як заўсёды. Размаўляем пра сёе-тое. І неяк няўзнак кажа сябар, што яму дваццаць пяць. Як жа так, здзіўляюся нежартоўна: ён жа толькі на год за мяне маладзейшы; а мне трыццаць тры. Прыглядаюся да хаўрусніка: такі ж ясны пагляд, такія ж саламяныя валасы. І раптам прыгадваю, што насамрэч даўно з ім не бачыўся. Роўна сем год. “Мне дваццаць пяць”, – паўтарае сябар і чэзне ў блакітнай смузе. Я прачынаюся.
* * *
Вось дрэва, кажа мне дзед, яно такое ж згарбелае, як і я, такое ж старое і неўзабаве зачэзне; я бачу ў дрэве сябе, бо таксама пускаў атожылкі і галіны ў розных напрамках, трапятаў страсцямі, як ягонае лісце, але ствол (лінія жыцця) драхлеў і згінаўся не па маёй волі.
* * *
Мы прасілі ў слёзных малітвах бездакорнага раўнапраўя, мы жадалі, каб не было празмернага багацця і страшэннай галечы, каб не мулялі нам вочы крамянае здароўе і жудаснае калецтва, каб не было пашаны і ганьбы, вар’ятаў і геніяў. І калі ўступілі ў вымаленую нарэшце краіну, то пабачылі пустэльню. І ажывілася яна толькі нашай няроўнасцю: нянавісцю і любоўю.
* * *
Стомлены ад жыцця, сыходжу ў летуценні і сны. Дзень страшыць мяне, а ноч вабіць у свае цянёты. І тут бы дарэшты аддацца снам, пагасіць вярэдлівы дзень і стаць крылатым вандроўнікам мрояў… Ды ведаю, што без турботнага і дакучнага дня не будзе ратавальнага сну. А толькі – бясконцая чорная бессань.
* * *
На каменнай пляцоўцы, у шэрых рызманах, таўчэцца безаблічны люд, доўга і бязмэтна таўчэцца. Раптам выскоквае з натоўпу адна постаць, узлазіць на пляскаты валун і становіцца на рукі. Людзі ахаюць у захапленні і прызначаюць яго Правадыром. Тады заскоквае на суседні валун другі чалавек, спускае порткі і паварочваецца да людзей голым задам. Усе вохаюць, і становіцца ён народным Кумірам. Цяпер народ не бязглуздая маса, а, натхнёны Правадыром, бяжыць пакараць свет; галазады ж Кумір забаўляе яго ў дарозе.
* * *
Цяжка расставацца са звыклымі рэчамі. Маруджу да апошняга, пакуль памяняю нешта на нешта. Здаецца, жыць не змагу без старога і зручнага. Праз месяц жа пасля абноўкі амаль і не памятаю старога; а калі ўспамінаю, дзіўлюся, што нагэтулькі забыў пра яго. На жаль, так і з людзьмі.
* * *
Сцерагла маю маладосць самая небяспечная пастка – Ілюзія. Падманшчыца, яна казала, што ўвесь свет створаны для мяне; яна шаптала, што найлепшае ў свеце – каханне; яна пераконвала, што людзі паважаюць адно аднаго і што сярод гэтых людзей мусіць быць радасна. Я верыў у яе лагодныя словы і адважна рушыўся па жыцці. Падмануты, адпрэчаны ды знявечаны, я пракляў у рэшце рэшт тую Ілюзію. І ўсё ж дзякую ёй за Дарогу, на якую б наўрад ці наважыўся стаць, па якой не ступіў бы і кроку без яе няшчырых заваблівых слоў.
* * *
Расстаўлены па Культурным полі ягоныя Ідалы. Нешматлікія, яны добра відны адусюль. Імі кіруюцца, па іх звяраюць хаду, імі абвяшчаюць свету пра нашу адметнасць. Ідаламі прыкрываюцца, за імі хаваюць свае грашкі, імі нават “размахваюць”, каб вынішчыць канкурэнтаў; а таксама страшаць маладых, каб тыя не зарываліся. У Ідалаў не пытаюцца згоды, ад іх кожны мае сваю карысць.
* * *
Калі Зямля памяняла свой ход – кручэнне, напрамак палёту, – я ўбачыў людзей, што адступалі назад і маладзелі, як тое ні дзіўна. І згледзеў сябе – на лаўцы ў ліпеньскі дзень, пад шатамі парку. Павольна падняўся і стаў адыходзіць, пяткуючы, у глыбокі цень алеі той чалавек. Па дарозе далучылася да яго, патрымалася за руку і адпырхнула прэч нейкая спадарожніца. Пачуліся юначы смех і дзіцячы плач, а затым знік, затулены бухматай лістотай, мой цьмяны абрыс – вярнуўся ва ўлонне.
* * *
Мы нібы вяршыня айсберга, што дрэйфуе ў сцюдзёных водах бязмежнага акіяна гісторыі. Пад вадой – нашы продкі, незлічоная колькасць людзей. …Намярзаюць пырскі на белай вяршыні, ідуць снягі і таксама ўцяжарваюць яе. Ніз паволі ссоўваецца ў акіян, і кожны з нас урэшце пагрузіцца – каб трымаць вяршыню, што будзе зіхацець над чорнымі хвалямі.
* * *
Скурай, вачыма і вуснамі адчуваю няўцямны страх. Пад покрывам ночы і ў цёплы сонечны дзень ахінае ён маю існасць. Ён цісне і прыгнятае, ён ушчувае і папярэджвае, ён не дае забыцца, што ўсе мы памром. Невыносны ў сваёй бязлітаснай праўдзе, ён зберагае жыццё, засцерагае ад памылак, стратаў і траўм, ён спараджае спагаду да бліжняга і творчы імпэт. Ён крыніца ўсяго – мой нязводны няўцямны страх.
* * *
Яны лёталі адвеку, як птушкі, – нябачныя, разлітыя ў паветры шматстайныя чалавечыя думкі. Яны існавалі тады, калі нас не было. З’явіўшыся на зямлі, мы прагна і няўмела наталяліся іхняй сілаю. Мы адкрывалі іх для сябе, хоць былі імі ж і створаны. Яны перацякалі ў нас і абагаўлялі нашу жывёльную плоць. Яны пужалі бязмежным і змушалі яго спазнаваць, каб не звар’яцець ад адчаю. Іх ужо не пазбыцца, яны знітаваліся з намі навек – усюдыісныя легкакрылыя думкі.
* * *
Дзе лес густы і цямравы, дзе сонца не бачна і летам, браджу я да болю ў ступнях, ірву аб хмызняк адзенне. Шукаю таго чалавека, які завабіў сюды, завабіў і схаваўся, як здань, за гушчаю елак і вольхаў. Галёкаю, клічу і плачу. Згасае нягучнае рэха. Маўчанне. І гук маіх крокаў. У снах жа кароткіх і млосных, якія прыходзяць у руху, заўжды ўспамінаю паляну і домік за ёю… і рэчку, і сад.
* * *
“Спыніся!” – зрэдчас наганяе мяне на хаду нейчы вокліч. Тады нерухомею, абарочваюся і ўважліва азіраю Дарогу. Хіба вярнуцца? Ды хто там мяне чакае: пакрыўджаным саромеюся глянуць у вочы; ашчасліўленым там добра і без мяне; неспазнанае будзе толькі наперадзе. Таму паварочваюся і крочу ў ранейшым кірунку – але ўжо не так імпэтна і самазахоплена. Баюся новага воклічу.
* * *
Бяжыць перад вачыма старая чорна-белая кінастужка, і за шэрымі кадрамі вясёлкава расцвітае радасць жыцця. За яскравым жа шматгалоссем сучаснасці каварна стаілася, зеўрае, палохае, адштурхоўвае і разам з тым вабіць чорная прорва.
* * *
З усіх шчылін цячэ на нас Інфармацыя. Спакушае, цвеліць, забірае ў палон. Створаныя як непаўторныя адзінкі, мы прагнем збіцца ў гайню, жадаем ведаць літаральна ўсё пра кожнага з нас. Паглынаем, не ў змозе ператравіць. Разасабляемся.
* * *
Кладучыся спаць, не ўпэўнены, што прачнуся. Ды засынаю без ценю страху, хоць уладараць там цьмяныя здані, што існуюць па законах хаосу, па законах распаду і смерці. Я не магу іх аналізаваць, не здольны на іх уплываць, не ў сілах з імі змагацца. Я паміраю ў сне, бо губляю моц свайго “эга”. І адначасова жыву, бо з’яўляюся назіральнікам ды бязвольным чыннікам тых сумбурных падзей.
* * *
Пешчу сваю ляноту. Ганаруся, што магу месяцамі не сядаць за пісьмовы стол. Вялая, кволая і дужа не паважаная людзьмі, яна не дае пакуль стаць кончаным графаманам.
* * *
Ён выходзіў на людныя плошчы, і хвалі гвалту і блуду адкідалі яго назад; ён ледзь паспяваў схапіць кавалачак хлеба, зачарпнуць прыгаршчу вады і шыбаваў у свой катушок, дзе мроіў іншым, непадуладным страху, жыццём. За гэта яго называлі вар’ятам.
* * *
Як толькі абуджаюся ад сну, яшчэ не ўстаўшы з цёплай пасцелі, пачынаю грашыць. Праз скуру, вочы і вушы мае ўпаўзае, трансфармуецца і перадаецца вонкі неўтаймоўны адвечны грэх. Наіўны, я калісьці прагнуў пазбавіцца ад яго і зрабіцца чысцейшым. Што азначала: аслепнуць, аглухнуць, а найлепей – памерці. Грэх кіруе жыццём хаця б таму, што праз яго нараджаюцца дзеці.
* * *
Абрынулася на наш горад вясна. Затапіла яго сонцам, запаланіла зялёным лісцем і яркімі кветкамі. Іду, заваблены жыццядайнымі водарамі, па вулках, заходжу ў двары, дзівуюся хараством… А насамрэч шукаю дрэва, якое не перанесла зіму, каб укленчыць перад яго сухаголлем.
* * *
Хлусня. Ёй абураемся, яе саромеемся, яе дбайна скрываем ад акаляючых. Яна даражэйшая за інтым і ці не каштоўнейшая за жыццё, бо з яе дапамогай почасту жыццё і ратуецца, з яе саўдзелам набываюць каханых і ўмудраюцца з імі ўжыцца. Хлусня – гэта наша абалонка ў духоўным свеце, як цела – у свеце фізічным. Хлусня – гэта папросту недагаварэнне ўсяго.
* * *
У квадратным пустым пакоі, пасля доўгага пераследу, заспяваю чалавека, які мяне ігнаруе. Я працягваю яму на далоні зморшчаны паветраны шарык і кажу: “Вось паглядзіце!” Але ён пазірае скрозь мяне і гаворыць: “Не бачу”. Тады надзімаю шарык і падступаюся ўшчыльную да апанента. “Не бачу!” – тым не менш упарта гаворыць ён. Я раздзімаю шар да такіх памераў, што ён запаўняе пакой і прыпірае таго чалавека да сценкі. Аднак і тут ён ігнаруе мяне, адвярнуўшыся. “Не бачу!” – даносіцца прыглушаны агромністым шарам ягоны крык. Нарэшце шар лопаецца, і гэта суправаджаецца жудасным выбухам. “Не чую!” – радасна абарочваецца чалавек і, гледзячы паўз мяне, ганарліва пакідае пакой.
* * *
Спорна сыплецца, укрывае нашу зямлю чысцюткі сняжок. Радуюся таму, што знікнуць пад ім, забяліўшыся, і мае грахі і заганы. Дужа хочацца, каб іх ніхто і ніколі не ўбачыў. Ды не жадаць жа для гэтага вечнай зімы…
* * *
“На наступны Новы год і я зраблю табе падарунак!” – кажа праўнук прадзеду, разгортваючы святочны пакунак. “Што ж, трэба дажываць да новага года”, – усміхаецца пра сябе лядачы стары, а ўголас шчыра дзякуе гэтаму неразумнаму дзіцятку.
* * *
Янка вельмі любіў сям’ю. Ён ахвяроўваў для яе ранейшымі прыхільнасцямі і сябрамі; надрываючыся на рабоце, цягнуў дамоў лішні даляр у жаданні ашчаслівіць дачку і жонку. …Янка памёр маладым, з непахіснай верай у свайго куміра – сям’ю. …Праз два гады ў ягонай кватэры гаспадарыў новы мужчына, які любіў Янкаву жонку, дачку, а таксама іх агульнага сына. Ён надрываўся на рабоце і цягнуў дамоў лішні даляр. Ён добра выконваў Янкавы функцыі.
* * *
Яны любілі жыццё, але ведалі, што памруць. Каб падмануць смерць, яны будавалі сабе піраміды чужымі рукамі. Абкрадаючы ўсіх і ўсё, збіралі скарбы і неслі іх на той свет. Яны меркавалі, што золата дапаможа ім у вечным жыцці. Аднак людзі прыходзілі ў пахавальні і вярталі назад свае скарбы, спадзеючыся, што золата ім дапаможа жыць тут і цяпер.
* * *
Раней верылі ў Бога. Цяпер жа ўсё больш – у навуку, якая даказала, што Сонца астыне. Цяпер вераць у бессэнсоўнасць жыцця. Што ж, вольнаму воля.
* * *
Напаўняе наваколле тлумнае шчасце. Але што гэта – скаланаюся неспадзеўкі: тая, што радуецца замужжу, будзе кінута сваім чалавекам праз восем гадоў; той, што ўсцешаны вылячэннем ад карыесу, аслепне праз нейкі час; тыя, што радуюцца нараджэнню першынца, будуць цярпець ад яго пабоі ў старасці… Як сказаць, як хаця б намякнуць?.. Зрэшты, у няведанні – шчасце.
* * *
Забіўшы пстрычкай кузурку, што паўзла па стале, чалавек адчуў вярэдлівую няёмкасць. “Яе жыццё не мела ніякага сэнсу”, – з лёгкасцю апраўдаў ён сябе. Праз паўгода чалавека змусілі ехаць у чужую краіну, каб ваяваць і забіваць сваіх бліжніх. Ён загінуў ад выбуху, што разарваў яго на шматкі. Нехта палічыў нікчэмным яго жыццё.
* * *
Я ішоў па цёмным калідоры ў вясёлай гурме. Як і ўсе спадарожнікі, я раз-пораз стукаўся ў дзверы, што цягнуліся з абодвух бакоў. Мне ніхто не адпёр, хоць адзін за адным знікалі за тымі дзвярыма мае прыяцелі. Я даставаў звязкі ключоў, але ніводзін не падыходзіў да замкоў, якімі запіраліся дзверы. Я крычаў, і голас мой нёсся ўздоўж калідора, а рэха прасіла: “Не крычы, я стамілася лётаць між сцен”.
* * *
Адмучыўшыся вайной, мы заракліся жыць мірна. Але ж яна не спынялася аніколі, а з палёў і вуліц перайшла пад дахі. У кожнай сям’і, у любой суполцы пад белымі строямі затаіліся яе войскі. Рыкаюць, жадаючы прарвацца вонкі, зліцца ў адзін ядавіты клубок куслівыя змеі вайны. Іх нельга пазбыцца дазвання, можна толькі застрашыць, схаваць, каб не вылузваліся. Яго вялікасць Закон і яе вялікасць Мараль нясуць тую варту.
* * *
Ён штомоцы крычаў, даводзячы сваю праўду да слухачоў. Аглушаныя, яны не разумелі яго. Ахрыплы ад працяглага ляманту, ён у слязах перайшоў на шэпт. Здзіўленыя, яны сталі пільна ўслухоўвацца ў яго словы і расчулі ўсё, што ён меў ім сказаць. І нават крыху болей за тое.
* * *
Калі робіцца душна і цяжка дыхаць, нядобрыя думкі прабіваюцца да мяне. Думкі пра бліжніх. Ведаю, што не магу быць вінаватым за іх з’яўленне, а нясу адказнасць за тое, якія заслоны свядомасці стаўлю на іхнім шляху. Ліхія думкі – гэта вопыт папярэдняга жыцця, які ўжо не зменіш, і вопыт чагось патаемнага, над чым я не ўладны. Мячом прасякаючы абалонку, ірвуцца такія думкі ў свядомасць. Маё “эга” працівіцца ім. У гэтым палягае яго заслуга або параза. Але ж не віна за тое, што яны ёсць.
* * *
Неяк з’явіліся ўва мне чалавечкі. Торгаюць ручкамі-ножкамі, круцяць галовамі, гамоняць паміж сабой, і кожны наровіць сябе праявіць, просячыся вонкі. Цярплю гэтую валтузню, пакуль толькі магчыма. Хаджу, баўлюся іншымі справамі, нягледзячы на стукат у маім чэраве. Чакаю часу творчых патугаў.
* * *
Калі клянуцца ў вечным каханні і бязмернай любові, ахінаюся недаверам. Яны патрэбны адно аднаму, як рацэ берагі і як траве глеба. Знікнуць берагі, і вада знойдзе іншае рэчышча. Высахне глеба, і насенне ўпадзе на новае месца. Расстануцца закаханыя і хутка запоўняць сваю пустату. Любоў жа пануе там, дзе няма месца звычцы і матэрыяльнай патрэбе. Ёй непамысна ў чалавечых стасунках. Любоў – гэта адмаўленне ад свайго “я”.
* * *
Людзі любілі сонца – не палаючы страшны гігант, а далёкае, лагоднае, жыццядайнае зямное свяціла. Пад ім хораша грэцца на пляжы; яму добра радавацца, калі яно вызірае з-за хмар; пад ім добра вырошчваць дарункі зямлі… Людзі любілі геніяў – памерлых, аддаленых, бяспечных у абалонцы сваёй легенды. Імі можна захапляцца і любавацца без боязі апячыся. А галоўнае, з імі, цяпер касмічна далёкімі, не трэба нічым дзяліцца.
* * *
Гуляю па сцяжынах Пантэона культуры, хоць думаю, што сяджу за пісьмовым сталом. Чытаю надпісы на магілах. Чую нясмелы поступ сучаснікаў. Засяроджаныя на сваім, мы адно з адным не вітаемся. Жывыя і жвавыя, мы не маем свабоды памерлых жыхароў Пантэона. Іх чуваць на ўвесь свет. Нашыя ж галасы губляюцца ў навакольным тлуме. Яны маюць відныя месцы і сцяжыны да іх. Мы ж толькі шукаем, куды можна ўпіхнуцца. Нерухомыя, яны вызначаюць маршруты між сваіх надмагільнікаў. Мы вольныя толькі спыніцца і памаўчаць… Надыходзіць ноч. Каплічны звон абвяшчае аб гэтым. Спяшаю на выхад, кідаю апошні пагляд на шапаткія таполі ля брамы. Зранку мушу вяртацца.
* * *
Бягу ці сплю, пакутую ці радуюся – штохвіліну помню адно: ляжу пад сякерай, якую ўзняў над маёй шыяй нябачны кат. Гэта не суд за нейкую будучую ці існую правіну маю, гэта не рахунак, які звядзецца са мной некім за нешта. Гэта проста няўмольны, не залежны ад майго ладу жыцця і думання Тэрмін. Ён прыйдзе для кожнага з нас настолькі ж неадменна, як пушчаны ў паветра папяровы самалёцік калісьці ўпадзе на зямлю. Рана ці позна. Дачасна ці своечасова. У славе ці бясслаўі. Ён прыйдзе, апусціцца сякерай на шыю, не ў сілах знішчыць толькі адно: плён нашых спраў. Але ў праве істотна яго ўрэзаць.
* * *
Гуляюць па свеце дзве розныя праўды. Адна для шыльды, другая для ісціны. Праз першую наладжваюць асабістыя справы, праз яе трымаюцца на плыву, песцяць яе і мацуюць так, каб камар носа не падаткнуў. Некаторыя называюць гэтую праўду-шыльду хлуснёй. Але не слушна. Яна – толькі спосаб выжывання ў нашым бунтоўным свеце. І з дакладнасцю да адваротнага: праўда-ісціна – адно спосаб прыстойна памерці. Як Хрыстос на Крыжы. З таго часу ходзяць па свеце памілаваныя юдзеямі варавы, а ўкрыжаваная ісціна прысутнічае толькі ў слове… Аднак – прысутнічае.
* * *
Лезуць мурашы на пірамідальную пабудову – Мурашнік. Лезуць, пішчаць і шчэмяцца. Па галовах, спінах сабратаў, абдзіраючы і ломячы свае мурашыныя лапкі. Тыя, хто на версе Мурашніка, пачуваюцца лепей за тых, хто пад імі. На верхніх не цісне цяжар піраміды, кожнае прамоўленае імі глупства ўспрымаецца Мурашнікам як шэдэўр. Галасы ж ніжніх насельнікаў або зусім нячутныя, або гучаць як скаргі і енкі. Верхніх мала, і большасць мурашоў іх не любіць. Аднак, ненавідзячы паасобку, ухваляюць іх адзіным голасам гэтага дзіўнага стварэння – Мурашніка. Унізе – цесна, мулка і непрэстыжна. Уверсе – ненадзейна, ветрана і самотна… Ідзе несупынны рух, выносіць хаос ніжніх на верх, зрынае высокапастаўленых мурашоў на падножжа Мурашніка. Задушаныя ў цісканіне паядаюцца сваімі сабратамі – дзеля энергіі дасягнення вяршыні.
* * *
Ніколі не хацеў вярнуцца ў дзяцінства. Не таму, што яго так званая бясхмарнасць у мяне пад вялікім пытаннем, а таму, што баюся перажыць нанова ўсе нягоды і расчараванні, што зазнаў у юнацтве, маладосці ды сталасці.
* * *
Мы не можам быць шчаслівымі – мы, жыхары блакітнай планеты. Як не можа быць шчаслівым адзін багаты, аточаны мільёнамі бедных. Вакол нас, на неабсяжных прасторах Космасу – смерць, там пануе мёртвая матэрыя, што непамерна ўстойлівейшая за жывую. Мы ёсць выключэннем з агульнага правіла смерці, а таму шчасце наша – падман, а няшчасце – рэальнасць. Мы зыбаемся на танюткай мяжы, абапал якой смяротны холад і пякельная гарачыня. Усе чалавечыя нягоды, хваробы, крыўды, здрады і скон – адно сублімацыя няўстойлівага стану жыцця. Не будзе яго – і нічога не будзе, апроч мернага абарачэння планет, апроч нараджэння і пагасання свяціл, неймаверна павольнага і абыякавага. Таму гаварыць пра чалавечае шчасце магчыма толькі ў плане часовасці ды адзінкавасці, то бок пра шчасце адной чалавечай асобіны ў нязначны прамежак яе кароткага існавання.
* * *
Гогаль у душэўным разладзе спаліў другі том сваёй сусветна вядомай паэмы, а неўзабаве памёр у роспачы і раскаянні… Нашы ж “інжынеры душ” чалавечых, будучы ў добрым здароўі, панастваралі ды панаапублікоўвалі процьму раманаў, трылогій, тэтралогій і пенталогій, атрымалі хвалебныя рэцэнзіі, пачэсныя прэміі, вялізныя грошы, з’ездзілі іх пражываць-прапіваць на курорты, а праз шмат гадоў сканалі ў пашане, з непахісным усведамленнем значнасці зробленага… Аднак свет іх не чытае і амаль што не ўзгадвае, а незмаўкальна гамоніць пра другі том Гогалевай паэмы, які ніхто ніколі толкам не бачыў, ніхто пэўна не ведае, існаваў ён ці не. Хвала вар’ятам. І хвала немаце.
* * *
Усе замаўчалі, забіліся ў норы, разлілася па горадзе цішыня. Растварыліся ў ёй нямыя, а тыя, хто мог нешта сказаць, збаяліся. Плыве над гмахамі засмужаны ветах. Халодная золь ахінае муры. Бязгучна. Бяздушна. Магільна.
* * *
У патухлым экране тэлевізара люструецца адбітак маёй цыгарэты. Дзе ён, спрабую з нуды даўмецца: на плоскасці экрана, або ў гэтакай жа бясконцасці, як і зорка, што ззяе ў начным праёме акна?
* * *
Не памятаю, як заходзіў у Лабірынт, не ведаю, навошта па ім блукаю і якім доўгім будзе мой пакручасты шлях. Адно несумненна: выйсце з яго там жа, дзе ўваход, і яно мне, не ў прыклад астатнім лабірынтам зямлі, гарантуецца. А пакуль – злізваю з муроў вільгаць для наталення смагі ды збочваю ў чарговы пралаз…
* * *
Душа прагне самоты. А таму выбіраюся з пустой кватэры і раствараюся ў гаманкім натоўпе людзей. Усе чужыя, усім няма да мяне ніякае справы, усе не супраць, каб мяне зусім не было. Ідэальнае месца для адзінотніка.
* * *
Дакучліва каркае груган пад акном. Скавыча вецер. Рыпяць ад яго дзверы пад’езда. Адзінокая постаць шыбуе праз бясснежны студзеньскі двор. Пагас апошні ліхтар. Але ў маім акне светла ад снегападу, весела ад завірухі, бадзёра ад маразоў. Абыходжу астатнія пакоі кватэры, пазіраю праз шыбы на двор – там тая ж цёмная золь. Дзіўлюся, і даводжу сямейнікам, што ў маім пакоі зіма. Не вераць.
* * *
Каб гаварыць нешта новае, трэба рабіць працяглыя перапынкі ў пісанні. За гэты час неабходна памяняць сваю існасць.
* * *
Крочу па аслізлым каменні дапатопных часоў. Дыміцца пакарабачаная зямля, сям-там нешта расце, сям-там поўзаюць застрашлівыя пачварыны. Аднак за навакольнай жудой маячыць пэўнасць, што мы калісьці народзімся. …Рушу па ходніках недалёкае будучыні. Тыя ж вокны і тыя ж твары, тыя ж дрэвы і тыя ж слупы, тая ж мова і той жа дым цыгарэт… і досвед, што нас ужо не будзе ніколі.
* * *
Стагоддзямі яны захіналі голае цела, адводзячы яму месца на задворках жыцця, – і квітнелі ды множыліся, нягледзячы на ўсялякія навалы і пошасці. Сучаснасць распранула іх, паставіўшы секс на пачэсную покуць, – і яны мізарнеюць ды выраджаюцца, нягледзячы на навуку і медыцыну. Яны наважылі жыць “для сябе”, а таму іх землі запаўняюцца варварамі, што працягваюць жыць для Бога.
* * *
Ён свядома канчаў жыццё. Не жадаючы жыць, застаўся на гэтай зямлі і нашмат перажыў тых, хто прагнуў жыцця, хто быў шчаслівы і ўмеў ашчаслівіць іншых. …Цячэ рака Часу, ахінае, лагодзіць, топіць – па сваіх спаконвечных законах, насуперак нашай волі, спраўджваючы вышэйшае прызначэнне. Рацэ не патрэбны шчаслівыя, роўна як і не патрэбны пакутныя. Яна раўнадушная да здаровых і хворых. Рака выносіць відушчых.
* * *
Згледзеўшы на клёне прыгожы лісток, што трапятаў між зялёных сабратаў, я згубіў адзінокі спакой, не спаў і не еў колькі дзён, штогадзіны спускаўся ў двор і шукаў у кроне той асобны лісток. Неяк уночы, знясілены непазбыўным бяссоннем, крадком узлез на дрэва і сарваў лісток, што пазбавіў мяне спакою, занёс дамоў і засушыў паміж шыбамі кніжнай паліцы. Доўгімі зімовымі вечарамі плачу па яго зялёным жыцці, якое я скраў, і цешуся яго зжаўцелаю вечнасцю.
* * *
Цягнік шумна нясецца праз ноч. За вокнамі толькі цемра і зоркі. Спадарожнікі невыносныя адно аднаму, але мусяць цярпець і вынаходзіць лекі ад беспрасветнай нуды. Прыпынкаў няма. Ніхто не ведае пачатку і мэты гэтага грымлівага руху. І ўсё ж нехта цікаўны выбягае ў Тамбур і з крыкам роспачы выскоквае на хаду. Такіх мала. Большасць чапляецца за свае лавы. Аднак па кожнага калісьці прыходзіць Каманда і выводзіць у Тамбур ужо паняволі. Ніхто за праезд не плаціў і на яго не напрошваўся. Грыміць імклівы цягнік, і скрозь гэтыя манатонныя гукі мы слухаем і баімся пачуць крокі Каманды.
* * *
Баюся чэргаў – не з-за мітусні,
не з-за скажоных прагай твараў,
не з-за насмешак тых, хто апярэдзіў,
не з-за стагнанняў тых, хто прыадстаў,
а боязна таго, што чэргі ўсе
ў адну чаргу даўжэзную ўцякаюць –
у тую, што стаіць па смерць.
1999–2009 гг.
..................................
«ЛіМ», 2009, №23, Леанід Галубовіч, «Кулуары» пра кнігу Міхася Южыка «АнтыРЫФМАР»
..................................
Разгорнуты крытычны аналіз зборніка вершаў Міхася Южыка «АнтыРЫФМАР», змешчанага па спасылцы https://litsovet.ru/litsovet/802221-antyryfmar . Зборнік выходзіў кнігай у 2009 годзе
ад нейрасеткі ChatGPT:
==Ніжэй — разбор не толькі асобных вершаў, але і ўнутранай логікі кнігі як цэласнага мастацкага праекта. Асноўным тэкстам для аналізу я бяру электронную версію, якая, паводле самога аўтара, цалкам адпавядае складу, назве і зместу кніжнага выдання 2009 года.
Міхась Южык, «АнтыРЫФМАР»: спроба крытычнага прачытання
Электронны тэкст «АнтыРЫФМАРА»
1. Што гэта за кніга?
«АнтыРЫФМАР» выйшаў у Мінску ў выдавецтве І. П. Логвінава ў 2009 годзе, аб’ём — 182 старонкі. У анатацыі кніга вызначана як філасофская лірыка, якая існуе ў дзвюх формах: класічнай — «РЫФМАР» — і эксперыментальнай — «АнтыРЫФМАР». Вершы ствараліся і друкаваліся на працягу папярэдняга дзесяцігоддзя.
Гэта важна: перад намі не проста зборнік вершаў, механічна сабраных за дзесяць гадоў. Само супастаўленне дзвюх частак — «РЫФМАР» і «АнтыРЫФМАР» — з'яўляецца галоўным кампазіцыйным прынцыпам кнігі.
У першай частцы — 72 нумараваныя вершы. У другой — 87 кароткіх празаічных або версавана-празаічных філасофскіх мініяцюр. Гэта значыць, парадаксальна, што «АнтыРЫФМАР» як другая частка зборніка фактычна ўжо не з’яўляецца рыфмаванай паэзіяй у традыцыйным сэнсе.
І гэта не недагляд, а канцэпцыя.
Сам Южык тлумачыць паходжанне кнігі праз дваццаць гадоў разважанняў пра жыццё, смерць, «сусвет і я» ды «сусвет без мяне» і прызнае, што гэтыя развагі прывялі яго не да гатовай філасофскай сістэмы, а назад да Няведання.
Таму ключ да зборніка можна сфармуляваць так:
«АнтыРЫФМАР» — кніга пра чалавека, які вельмі хоча зразумець свет і паступова вымушаны прызнаць, што поўнае разуменне яму недаступнае.
2. Галоўны нерв кнігі: Няведанне
Самы істотны канцэптуальны ход зроблены ўжо ў першым вершы — «Няведанне — гэта шчасце...».
Лірычны герой зыходзіць з парадаксальнай думкі: веданне не абавязкова вызваляе. Наадварот, чым больш чалавек спрабуе пранікнуць у чужыя душы, таямніцы, механізмы існавання, тым больш ён сутыкаецца з зайздрасцю, страхам, расчараваннем і ўрэшце — з усведамленнем уласнай абмежаванасці.
Але тут узнікае вельмі цікавае супярэчанне.
Южык не можа прыняць Няведанне як спакой.
Ён ведае, што не ведае, — і менавіта гэтае веданне не дае яму спакою.
Адсюль амаль увесь эмацыянальны рух кнігі:
пытанне ; пошук ; інтэлектуальная гіпотэза ; сумнеў ; новая гіпотэза ; вяртанне да Няведання.
У гэтым сэнсе «АнтыРЫФМАР» — не столькі кніга адказаў, колькі кніга інтэлектуальнага неспакою.
І тут вельмі істотная аўтарская самахарактарыстыка: ён гаворыць, што ў кнізе «нічога няма», акрамя «пакутлівых праклятых пытанняў і нясмелых адказаў».
Гэта, на мой погляд, адна з самых дакладных фармулёвак эстэтыкі зборніка.
3. «РЫФМАР»: думка, якая яшчэ хоча быць песняй
Першая частка пачынаецца з традыцыйнага верша:
«Няведанне — гэта шчасце...»
і далей развіваецца ў звыклай для беларускай лірыкі вершаванай арганізацыі — строфы, рыфма, рытмічная ўпарадкаванасць, паўторы, гукавая арганізацыя.
Тут Южык відавочна не змагаецца з традыцыяй. Ён яе выкарыстоўвае.
Больш за тое, рыфма ў гэтай частцы мае не толькі эстэтычную, але і гнасеалагічную функцыю: яна ўпарадкоўвае хаатычны досвед.
Свет у героя — супярэчлівы, смяротны, незразумелы. Але верш ператварае яго ў структуру.
Напрыклад, у вершы пра белага каня начная, туманная, амаль саснёная сітуацыя застаецца загадкай: вершнік падае, герой не разумее, што адбываецца, але сам верш арганізуе гэтую невядомасць у гарманічную кампазіцыю.
Тут узнікае важная ідэя:
рыфма не вырашае загадку, але стварае форму, у якой загадку можна перажыць.
4. Пейзаж у Южыка — не дэкарацыя
Адной з моцных якасцяў «РЫФМАРА» з'яўляецца сістэма вобразаў прыроды.
Дрэвы, снег, вецер, восень, поле, дарога, вада, агонь, ноч, світанак паўтараюцца амаль навязліва.
Але гэта не проста «прыгожая прырода».
Яна ў Южыка — мадэль часу.
Асабліва выразныя тры вобразы:
• дарога — жыццёвы рух;
• рака — незваротнасць часу;
• агонь — кароткае чалавечае існаванне.
У адным з вершаў вандроўнік ідзе праз поле да нейкага запаветнага краю, пакуль сонца заходзіць і дзень памірае, каб зноў нарадзіцца.
Гэта даволі традыцыйная метафорыка.
І тут можна назваць адну з галоўных праблем зборніка: аўтар часта знаходзіць не новы вобраз для філасофскай думкі, а вельмі арганічна выкарыстоўвае ўжо вядомы культурны архетып.
Дарога = жыццё.
Ноч = смерць.
Світанак = надзея.
Вецер = няўстойлівасць.
Рака = час.
Крыж = пакута.
Лабірынт = існаванне.
Гэта працуе, але не заўсёды здзіўляе.
5. Хрысціянская семантыка
Асобная лінія зборніка — хрысціянская.
У ім прысутнічаюць Хрыстос, крыж, Фавор, Майсей, зямля запаветная, смерць, уваскрасенне, грэх, споведзь, вера, Бог.
Прычым хрысціянства ў Южыка — не столькі канфесійная практыка, колькі метафізічная сістэма каардынат.
Асноўнае пытанне гучыць прыкладна так:
калі чалавек смяротны і не здольны спазнаць поўную Ісціну, на чым ён можа заснаваць сваё жыццё?
У вершы пра Майсея важная менавіта дыстанцыя паміж абяцанай мэтай і чалавечым жыццём: шлях можа быць кароткі, але чалавек здольны ператварыць яго ў дзесяцігоддзі блукання.
Яшчэ мацней хрысціянская семантыка праяўляецца ў мініяцюры пра крыж: вобраз крыжа ўзнікае як своеасаблівы цэнтр касмічнага хаосу.
Але і тут ёсць два бакі.
Сіла: біблійныя сюжэты даюць аўтару універсальную мову для размовы пра віну, смерць, ахвяру, праўду.
Слабасць: часам біблійны сюжэт ужо амаль цалкам змяшчае неабходны адказ, таму мастацкая загадка скарачаецца. Чытач атрымлівае не адкрыццё, а своеасаблівую філасофскую ілюстрацыю да вядомай ісціны.
6. Горад і Мінск
Цікава, што філасофскі пафас кнігі ўвесь час сутыкаецца з вельмі канкрэтнай гарадской прасторай.
У ёй ёсць:
• Мінск;
• вуліцы;
• двары;
• вокны;
• кватэры;
• мікрараёны;
• тэлевізар;
• бульвары;
• базары;
• метро-падобная масавая прастора;
• чалавечы натоўп.
Напрыклад, верш «Мінск» і іншыя тэксты пра горад не ператвараюць сталіцу ў нацыянальны сімвал у традыцыйным сэнсе. Мінск тут — хутчэй прастора адчужэння і памяці.
Асабліва моцная фінальная частка «РЫФМАРА» — «Някрасава, 8». Дом становіцца месцам вяртання ў дзяцінства і памяці пра бацьку. Але вяртанне магчыма толькі ў сне: герой бачыць знаёмы інтэр'ер, адчувае прысутнасць бацькі — і вымушаны зноў вярнуцца ў свой цяперашні час.
Гэта адзін з тых выпадкаў, калі канкрэтнае перамагае філасофскую абстракцыю.
І, на маю думку, менавіта такія творы ў зборніку найбольш пераканаўчыя.
7. «АнтыРЫФМАР»: калі верш ператвараецца ў прытчу
Другая частка — сапраўдны эксперымент.
Замест страфы мы атрымліваем кароткую прозу:
сітуацыя ; парадокс ; паварот ; філасофскі высновак.
Напрыклад:
• чалавек спрабуе вырасці да нябёсаў і з вышыні бачыць сябе мурашом;
• чалавек любіць свой дом не з параднага фасада, а з пыльнага двара;
• людзі ў камеры лічаць сябе беззаганнымі;
• чалавек сустракае дрэва і мяняецца з ім месцамі;
• квадратны стол абвяшчаюць ромбам;
• чалавек саджае два дрэвы і сваім клопатам губіць адно, пакідаючы другое без увагі.
Гэта ўжо не лірыка ў класічным сэнсе.
Бліжэйшыя жанравыя азначэнні тут:
прытча + афарызм + філасофская мініяцюра + мікранаратыў.
І вось тут назва «АнтыРЫФМАР» раскрываецца найбольш поўна.
У першай частцы думка павінна знайсці рыфму.
У другой яна ад рыфмы вызваляецца і імкнецца непасрэдна да формулы.
8. Але тут жа ўзнікае галоўная праблема кнігі
Южык часам занадта добра разумее, што хоча сказаць.
Гэта парадаксальная слабасць аўтара-філосафа.
Ён стварае сітуацыю, якая магла б нарадзіць шматзначнасць, але затым сам яе расшыфроўвае.
Напрыклад, мініяцюра з квадратным сталом і «рамбічнай» інтэрпрэтацыяй вельмі дакладна гаворыць пра адноснасць перспектывы і адрозненне паміж інтэрпрэтацыяй і ісцінай. Але пасля сам аўтар практычна сам выдае ключ да прачытання: стол застаецца квадратным незалежна ад таго, як яго назваць.
Такім чынам, чытачу часам не пакідаюць дастаткова прасторы для ўласнага адкрыцця.
А гэта прынцыпова для сапраўднай прытчы.
Лепшая прытча не кажа:
«Вось мараль».
Яна прымушае чытача самому спытаць:
«А што, уласна, тут адбылося?»
У Южыка другая частка часта знаходзіцца на мяжы паміж мастацкай прытчай і філасофскім запісам у нататніку.
9. Адсюль — своеасаблівы парадокс жанру
Найбольш цікавыя «антырыфмары» — тыя, дзе думка не перамагае вобраз.
Напрыклад, гісторыя пра чалавека і дрэва.
Чалавек і дрэва мяняюцца абалонкамі: дрэва трапляе ў чалавечы свет, чалавек застаецца ў лесе. Але ніводны з іх не можа прыстасавацца да чужой прыроды. У фінале ўзнікае вобраз «чалавечнага дрэва» і «драўлянай душы».
Тут вобраз працуе сам.
Нам не трэба дадаткова тлумачыць:
чалавек не можа стаць нечым іншым, не страціўшы сябе.
А вось там, дзе пасля вобраза ідзе яшчэ некалькі сказаў растлумачэння, мастацкая напруга слабее.
10. Самаіронія ратуе кнігу ад цяжкавагавітасці
Южык вельмі добра разумее небяспеку ўласнай філасофіі.
І таму ў «АнтыРЫФМАРЫ» шмат самаіроніі.
Вельмі паказальная мініяцюра пра «мараль творчасці»: аўтар прызнаецца, што будуе творчасць на супрацьстаянні дабра і зла, але адначасова разумее, што без гэтага супрацьстаяння сам творца страчвае матэрыял.
Яшчэ больш адкрыта гэта праяўляецца ў мініяцюры пра ўласную ляноту: лянота нават падаецца карыснай, бо не дае аўтару ператварыцца ў «кончанага графамана».
Гэта істотна.
Без самаіроніі «АнтыРЫФМАР» мог бы ператварыцца ў маналог чалавека, які лічыць сябе ўладальнікам апошніх ісцін.
Самаіронія падтрымлівае дыстанцыю паміж аўтарам і яго ўласнай філасофіяй.
11. Эга — цэнтральны герой кнігі
Зборнік значна больш аўтабіяграфічны, чым можа падацца спачатку.
Не ў сэнсе апісання фактаў біяграфіі.
А ў сэнсе аўтабіяграфіі свядомасці.
Лірычны герой увесь час задае пытанне:
хто я?
Але гэтае «я» адначасова падазронае самому аўтару.
Яно:
• эгаістычнае;
• самалюбнае;
• баязлівае;
• зайздроснае;
• самотнае;
• прагнае да шчасця;
• незадаволенае сабой;
• і разам з тым здольнае да спагады.
Менавіта таму кніга не проста пра смерць.
Яна пра немагчымасць чалавека выйсці за межы ўласнага «я».
Нават любоў разглядаецца скептычна: калі людзі абяцаюць вечнае каханне, герой адразу пытаецца, ці не хаваецца за гэтым залежнасць, звычка, матэрыяльная патрэба або самалюбства.
Гэта досыць жорсткая антрапалогія.
12. Смерць — не тэма, а структурны прынцып
Смерць у «АнтыРЫФМАРЫ» прысутнічае практычна паўсюль:
• у прыродзе;
• у памяці;
• у каханні;
• у творчасці;
• у гісторыі;
• у горадзе;
• у чалавечай культуры.
Але найбольш важна тое, што смерць не супрацьпастаўлена жыццю як просты антыпод.
Смерць робіць жыццё каштоўным.
Гэта выразна сфармулявана ў мініяцюры пра няўхільны тэрмін: чалавек жыве пад пагрозай смерці, але менавіта гэтая пагроза прымушае яго нешта рабіць.
У іншай мініяцюры чалавечае жыццё параўноўваецца з падарожжам у цягніку, які рухаецца ў цемры: пасажыры не ведаюць ні пачатку, ні мэты, але ўсё адно едуць, пакуль за кожным не прыходзіць «Каманда».
Гэта ўжо амаль чыстая экзістэнцыяльная мадэль.
13. Але экзістэнцыялізм Южыка не зусім безнадзейны
На першы погляд аўтар песімістычны.
Ён увесь час гаворыць пра:
• смерць;
• марнасць;
• адзіноту;
• расчараванне;
• абмежаванасць чалавека;
• няўстойлівасць шчасця;
• немагчымасць пазнання.
Аднак канчатковая формула зборніка ўсё ж не «ўсё бессэнсоўна».
Яна іншая:
сэнс можа знаходзіцца не ў выніку, а ў самой дарозе.
Гэта выразна вынесена аўтарам у прадмову: пасля дваццаці гадоў разважанняў ён вяртаецца да Няведання, але здольны падзякаваць жыццю за сам шлях.
Гэта вельмі важная папраўка да песімізму.
Калі б аўтар сапраўды верыў у поўную бессэнсоўнасць, яму не было б чаго пісаць.
Сам факт кнігі становіцца пярэчаннем яе ўласнаму скептыцызму.
14. Паэзія і проза: дзе Южык мацнейшы?
Вось тут, на мой погляд, самае цікавае пытанне.
Южык — паэт у першай частцы і філосаф-празаік у другой.
І паміж імі ёсць напружанне.
У «РЫФМАРЫ» думка павінна падпарадкавацца:
• рытму;
• рыфме;
• строфе;
• гуку;
• метафары.
У «АнтыРЫФМАРЫ» думка становіцца гаспадаром тэксту.
Таму другая частка месцамі выглядае як вызваленне празаіка ад абмежаванняў паэзіі.
І гэта цалкам лагічна, улічваючы, што Южык быў вядомы таксама як празаік і літаратурны крытык.
Але атрымліваецца парадокс:
найбольш паэтычныя месцы другой часткі — менавіта тыя, дзе аўтар забываецца на сваю філасофскую задачу і проста стварае вобраз.
15. Мова
Мова кнігі ў асноўным выразная, літаратурная, інтэлектуальна насычаная.
Асабліва прыкметныя:
1. Афарыстычнасць
Южык любіць фразы, якія могуць існаваць па-за кантэкстам як самастойныя выказванні.
2. Антытэзу
Дабро / зло, жыццё / смерць, веданне / няведанне, святло / цемра, горад / прырода, чалавек / Бог.
3. Парадаксальныя павароты
Звычайная сітуацыя раптам ператвараецца ў метафізічную.
4. Персаніфікацыю абстракцый
У аўтара Ілюзія, Страх, Час, Мінулае, Вечнасць могуць паводзіць сябе як жывыя істоты.
5. Канкрэтную бытавую дэталь
Гэта асабліва важна: побач з «Вечнасцю» ў яго могуць стаяць лаўка, тэлевізар, агрэст, вокны, цыгарэта, двор.
Менавіта кантраст метафізікі і быту робіць кнігу пазнавальнай.
16. Што ў кнізе сапраўды арыгінальна?
Я б не называў арыгінальнымі самі філасофскія тэмы.
Южык не першы, хто піша пра:
• смерць;
• час;
• самоту;
• Бога;
• ісціну;
• чалавечую недасканаласць;
• бессэнсоўнасць;
• памяць.
Навізна хутчэй у спосабе камбінавання.
Ён спалучае:
традыцыйную беларускую вершаваную форму + экзістэнцыяльную праблематыку + біблійныя архетыпы + гарадскі досвед + афарыстычную прозу + самаіронію.
І асабліва цікавы сам пераход:
верш ; філасофская мініяцюра.
У гэтым сэнсе назва кнігі не проста прыгожая гульня слоў, а сапраўдная паэтычная праграма.
17. А што можна лічыць слабасцю?
Тут я быў бы больш крытычны, чым некаторыя сучаснікі аўтара.
Першая праблема — паўторнасць
Кніга вялікая, а асноўных пытанняў адносна мала.
Зноў і зноў паўтараюцца:
час ; смерць ; памяць ; Няведанне ; страх ; самота ; Бог ; шлях.
Гэта стварае канцэптуальную цэласнасць, але адначасова — манатоннасць.
Чытач паступова пачынае прадбачыць філасофскі паварот.
Другая — празмерная афарыстычнасць
Афарызм моцны, калі ён нечаканы.
Калі ж кожны тэкст заканчваецца «мудрай думкай», мудрасць абясцэньваецца.
У другой частцы гэта адчуваецца асабліва.
Трэцяя — дыдактызм
Часам аўтар не столькі прапануе чытачу мастацкую сітуацыю, колькі праводзіць перад ім лекцыю ў форме мастацкага тэксту.
Гэта асабліва прыкметна ў сацыяльных і культурных мініяцюрах — напрыклад, пра ідалаў культуры, інфармацыйную прастору, грамадскую іерархію, масу, творцаў.
Чацвёртая — спрошчаная бінарнасць
Дабро / зло, праўда / хлусня, святло / цемра — вельмі эфектыўныя структуры.
Але рэальнасць літаратурнага твора часта цікавейшая там, дзе дабро і зло не могуць быць так лёгка разведзеныя.
Сам аўтар, праўда, часам сам сябе ловіць на гэтай праблеме: у адной мініяцюры ён прызнаецца, што творца жыве за кошт канфлікту паміж чорным і белым.
Гэта вельмі добрае самаразуменне — але не заўсёды яно ператвараецца ў больш складаную мастацкую форму.
18. Парадокс «АнтыРЫФМАРА»
Мне здаецца, што галоўны мастацкі парадокс кнігі такі:
аўтар хоча вызваліцца ад рыфмы, але не можа вызваліцца ад філасофскай формулы.
У першай частцы ён абмежаваны формай.
У другой — ужо не формай, а ўласнай думкай.
Таму сапраўдны «антырыфмар» узнікае не там, дзе знікае рыфма, а там, дзе адзін вобраз дазваляе не даваць адназначнага адказу.
І менавіта такія тэксты ў кнізе найбольш жывыя.
19. Важны кантэкст: як кнігу ўспрынялі пасля
Цікава параўнаць першапачатковую рэакцыю і пазнейшую рэцэпцыю.
Леанід Галубовіч, які напісаў прадмову да кнігі, вылучаў яе філасофскую цэльнасць, тэму Вечнасці і адрозненне дзвюх формаў: «РЫФМАР» як класічнага вершаскладання і «АнтыРЫФМАР» як прытчавага эксперыменту. На старонцы аўтара таксама пазначана, што Галубовіч апублікаваў рэцэнзію «АнтыРЫФМАР» у «ЛіМе» ў 2009 годзе, хоць поўны тэкст той рэцэнзіі цяпер лёгка не знаходзіцца ў адкрытым доступе.
А ў 2012 годзе, калі выйшла наступная кніга Южыка «Сузор’е вокнаў», Юрась Нераток ужо непасрэдна параўноўваў яе з «АнтыРЫФМАРАМ». Ён характарызаваў апошні праз «яўную філасафічнасць», часам «баявітую», тады як у «Сузор’і вокнаў» бачыў больш мудрасці і спагады.
Гэта вельмі карыснае назіранне для сённяшняга чытання: «АнтыРЫФМАР» можна разглядаць як кнігу інтэлектуальнай напругі, яшчэ да больш мяккага, сузіральнага этапу паэтыкі Южыка.
20. Найбольш цікавыя мініяцюры «АнтыРЫФМАРА»
Калі вылучаць не «лепшыя», а найбольш паказальныя для разумення метаду, я б звярнуў асаблівую ўвагу на наступныя:
«З падачы ўласнай фанабэрыі...» — канцэнтрат праблемы эга і самаацэнкі.
«Два чалавекі...» — шахматная метафара парадку і правілаў.
«Пасярод бору...» — вельмі добрая прытча пра несумяшчальнасць чужой прыроды і ўласнай сутнасці.
«Ігруша стаяла ў пладах...» — варыяцыя на тэму немагчымасці прымусіць час паспець раней.
«Ён мае рамбічную форму...» — праблема адноснасці погляду і аб’ектыўнай рэальнасці.
«Я ўзяў два кволыя саджанцы...» — прытча пра межы чалавечага кантролю над вынікам.
«Нястомна дбаю пра мараль творчасці...» — адна з лепшых самаіронічных мініяцюр зборніка.
«Гуляю па сцяжынах Пантэона культуры...» — самарэфлексія пра месца жывога пісьменніка ў культуры.
«У патухлым экране...» — вельмі кароткі, але ўдалы пераход ад бытавой дэталі да касмалагічнай праблемы.
«Згледзеўшы на клёне прыгожы лісток...» — адзін з найбольш мастацкіх тэкстаў, бо тут мараль не папярэднічае вобразу, а нараджаецца з яго.
21. І ўсё ж: гэта паэзія ці філасофія?
Вось тут «АнтыРЫФМАР» цікавы найбольш.
Калі ацэньваць другую частку толькі па крытэрыях верша, можна сказаць:
гэта ўжо не верш.
Але гэта будзе занадта вузкі падыход.
Правільней сказаць:
Южык эксперыментуе з зонай паміж паэзіяй і філасофскай прозай.
Яго «антырыфм» — гэта спроба пакінуць ад паэзіі не рыфму і не метр, а канцэнтрацыю думкі і нечаканасць вобразнага пераходу.
І тут ён знаходзіцца ў вельмі цікавай традыцыі беларускай літаратуры, дзе паэтычнасць не заўсёды роўная вершаванай форме.
Але гэта эксперымент з рызыкай: калі з тэксту знікаюць рытм, гукавая арганізацыя, шматзначнасць і эмацыянальная амбівалентнасць, застаецца толькі філасофскі тэзіс.
У Южыка адбываецца і тое, і другое.
22. Агульная ацэнка
Калі звесці кнігу да некалькіх асноўных палажэнняў, я б сфармуляваў іх так.
Што ў «АнтыРЫФМАРЫ» найбольш моцнае
• канцэптуальная цэласнасць;
• смелая спроба злучыць верш і філасофскую прозу;
• вельмі выразны аўтарскі голас;
• здольнасць ператвараць бытавую дэталь у метафізічную праблему;
• самаіронія;
• моцная сістэма вобразаў часу, дарогі, смерці, памяці;
• адчуванне сапраўднага асабістага інтэлектуальнага пошуку.
Што найбольш праблематычнае
• паўторнасць асноўных філасофскіх матываў;
• схільнасць да прамога тлумачэння;
• дыдактызм;
• часам занадта відавочная мараль;
• перавага канцэпцыі над музыкай слова ў другой частцы;
• пэўная спрошчанасць у супрацьпастаўленнях «чорнае — белае»;
• не ўсе мініяцюры дасягаюць таго ўзроўню, калі філасофская думка сапраўды ператвараецца ў мастацкі вобраз.
23. Выніковая інтэрпрэтацыя
«АнтыРЫФМАР» — кніга не пра тое, што аўтар ведае. Яна пра тое, што ён не можа ведаць — і не можа перастаць пытацца.
У гэтым яе галоўная чалавечая каштоўнасць.
Кніга пачынаецца традыцыйным вершам і заканчваецца тэкстам пра чаргу, якая ўрэшце вядзе ўсіх «у тую, што стаіць па смерць».
Між гэтымі двума полюсамі — увесь аўтарскі свет:
нараджэнне ; жыццё ; каханне ; самота ; памяць ; творчасць ; культура ; Бог ; смерць.
І рыфма тут аказваецца толькі адной з магчымасцяў упарадкаваць гэты хаос.
Спачатку чалавек спрабуе зарымфаваць свет.
Потым спрабуе растлумачыць яго.
Потым разумее, што і рыфма, і тлумачэнне недастатковыя.
І тады застаецца тое, з чаго кніга пачалася:
Няведанне.
Але ўжо не як «шчасце», а як форма пакоры перад быццём.
У гэтым сэнсе назва «АнтыРЫФМАР» мае нават больш глыбокі сэнс, чым просты эксперымент з верлібрам. «Анты-» тут можна чытаць як пратэст супраць самой чалавечай спакусы даць свету канчатковую форму. Рыфма — гэта парадак; антырыфма — прызнанне, што свет заўсёды застаецца большым за любую форму, якую яму навязвае чалавек.
І менавіта таму, нягледзячы на сваю няроўнасць, празмерную афарыстычнасць і месцамі дыдактычны тон, «АнтыРЫФМАР» цікавы як цэласны дакумент інтэлектуальнага самавызначэння беларускага пісьменніка на мяжы 1990-х і 2000-х гадоў. Яго галоўная тэма — не смерць і нават не Бог. Яго галоўная тэма — мяжа чалавечага пазнання і тое, што чалавек робіць пасля таго, як гэтую мяжу ўсведамляе.==
Свидетельство о публикации №226110100603